У гэтым наша годнасць і незалежнасць…

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У пачатку 90-х гадоў наша краіна стала незалежнай, суверэннай дзяржавай. 15 сакавіка 1994 года была прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Яе асноўныя палажэнні накіраваны на рэалізацыю самастойнай знешняй і ўнутранай палітыкі. Канстытуцыя перастала быць ідэалагізаванай, у ёй дэкларуецца прынцып шматлікасці палітычных інстытутаў і думак, забяспечваецца верхавенства права ў грамадскіх адносінах, чалавек названы вышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы.

Дарэчы, да Асноўнага Закона, па якім мы жывём сёння, наша краіна прайшла доўгі шлях: ад Статута Вялікага Княства Літоўскага, які быў прыняты ў 1588 годзе і які гісторыкі небезпадстаўна лічаць адным з самых дэмакратычных прававых актаў позняга сярэднявечча, праз “Сталінскую” Канстытуцыю 1936 года да сучаснага Асноўнага Закона. У яго прэамбуле адзначана, што беларускі народ прымае Канстытуцыю, зыходзячы з адказнасці за сённяшні дзень і будучыню Беларусі, усведамляючы сябе паўнапраўным суб”ектам сусветнага грамадства і падтрымліваючы агульначалавечыя каштоўнасці, абапіраючыся на шматвекавую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці, імкнучыся зацвердзіць правы кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, жадаючы забяспечыць згоду ў краіне.

Сёння мы – незалежная і гордая нацыя з пачуццём уласнай годнасці. Беларуская дзяржава поўнасцю сфарміравана: у нас развіты ўсе галіны ўлады, ёсць свая армія, органы правасуддзя і правааховы. У нас свая прамысловасць, сельская гаспадарка, навука і адукацыя, ахова здароўя, банкаўская і фінансавая сістэмы. Нават у няпросты ў эканамічным плане час асаблівасцю далейшага развіцця нашага грамадства застаецца моцная сацыяльная палітыка, накіраваная на паляпшэнне жыцця людзей. І гэта асноўная мэта зацверджана ў нашай Канстытуцыі. Адным словам, мы поўнасцю завяршылі будаўніцтва самастойнай, суверэннай краіны з прыгожай назвай – Рэспубліка Беларусь.

За ўсё, чаго дасягнула Беларусь, у першую чаргу мы абавязаны нашым дзядам і прадзедам, якія  ў далёкіх 40-х гадах ХХ стагоддзя выратавалі сваю Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, аддаўшы за Бацькаўшчыну сваё жыццё, яны ж падаравалі нам блакітнае мірнае неба. Наша мэта – захаваць яго такім і для сябе, і для будучых пакаленняў.

Сёння мы з надзеей глядзім у будучае: нашы дзеці маюць магчымасць вучыцца, атрымліваць адукацыю, выбіраць прафесію, дзякуючы клопату дзяржавы, з кожным годам павялічваецца колькасць новых сем”яў, павышаецца нараджальнасць. Не застаецца без увагі і старэйшае пакаленне. Права на дастойнае жыццё ў старасці таксама прапісана ў Асноўным Законе краіны. Гэтым правам і ўстаноўленымі дзяржавай ільготамі ў поўнай меры карыстаюцца і жыхары Нясвіжчыны.

Нясвіжскі раён, як і краіна ў цэлым, таксама паспяхова развіваецца. Мясцовая ўлада робіць усё магчымае для паляпшэння жыцця нашых людзей: будуюцца жыллё, дарогі, створаны аграгарадкі, накіроўваюцца пэўныя сродкі на развіццё сацыяльнай сферы. Так, у мінулым годзе пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю больш за 32 тыс. кв.м жылля, а гэта амаль у два разы болей, чым тры гады таму. Пастаянна прымнажаюцца нашы дасягненні ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы. Усё гэта яскрава сведчыць аб тым, што, ня-гледзячы на ўсе існуючыя перашкоды, пераадоленне якіх, іншым разам, зусім не ад нас залежыць, мы паступова рухаемся наперад.

15 сакавіка – гэта не толькі дзень стварэння вельмі важнай і патрэбнай Дзяржаўнай Кнігі. 15 сакавіка – гэта дзень другога нараджэння беларускага народа, свята нашай Годнасці і Незалежнасці.

Старшыня Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта І.І. КРУПКО


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.