На хвалях бацькоўскай любові

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У Людмілы Юр”еўны і Сяргея Збігневіча Пагоскіх з вёскі Рудаўка трое дзетак – два хлопчыкі і дзяўчынка.

Сёння мнагадзетная сям”я рыхтуецца да раённага конкурсу “Лепшая мнагадзетная сям”я Нясвіжскага раёна-2012″. Для іх гэта першы вопыт, таму хвалюцца не толькі дарослыя, але і старэйшыя хлопчыкі.

Невялікі з выгляду дом Пагоскіх сустрэў… вачамі, як у вядомай казцы “Разумная дачка”. Памятаеце загадку, дзе адгадкаю былі дзеці ў хаце, якія цікуюць з акон, назіраючы за незнаёмым, што заходзіць у двор?

Чысцюткі падворак, вокны блішчаць вымытымі шыбамі, а на парозе сустракае гаспадыня – маладая, прыгожая, са светлым блакітным позіркам.

Нягледзячы на сваю занятасць у гэты вячэрні час, уся сям”я была ў зборы, і мы пазнаёміліся.

Фотография 2

Людміла і Сяргей нарадзіліся не ў шматдзетных сем”ях. Але задаволены, што ў іх трое дзетак. Іх сям”я летам гэтага года адзначыць паўналецце. Вучыліся ў адной школе, пазнаёміліся на вяселлі сяброў і вось ужо амаль шаснаццаць гадоў крочаць побач, пераадольваючы будзённыя клопаты і дзелячы радасці жыцця. А іх у сям”і, лічаць муж і жонка, было нямала. Праз год пасля вяселля дачакаліся першынца. Дачакаліся ў прамым сэнсе слова. Было гэта ў пакоі для наведвальнікаў ра-дзільнага аддзялення – прытым чакалі ўсёй раднёй, калі маладая мама парадуе добрай весткай. Радасці Сяргей не хавае і сёння – кажа, што гатовы быў усяму свету аб”явіць пра сына Мікітку!

Праз чатыры гады ў сям”і з”явіўся Паўлік. “Старшынёй будзе!” – жартаваў медыцынскі персанал, бо немаўля было больш чатырох кілаграмаў…

Людміла і Сяргей жылі дружна. Адразу здымалі жыллё, потым жылі з бацькамі, пазней – у аднапакаёвай кватэры, якую з часам памянялі на невялікі дом з участкам зямлі. За дзесяць гадоў расшырыліся – спланавалі дабудоўку і цяпер тут усё зроблена з густам. У пакоях – прыгожыя шторы, пашытыя рукамі Людмілы (яна – добрая швачка), ламінат у доме і плітку ў двары паклаў сам гаспадар (любую работу прывык выконваць са скрупулёзнай акуратнасцю). Хлопчыкі сочаць за парадкам і дапамагаюць маме на кухні і тату па гаспадарцы.

Фотография 3

А дапамога ад старэйшых патрэбна – тут любіць “навесці парадак” і гадавалая Ульяначка. Маленькае светленькае сонейка – пацеха для ўсіх. Нават наша знаёмства пачалося з таго, што дзяўчынка збірала і прыносіла мне ў рукі свае цацкі. Потым яна кожнага з лыжачкі старалася паіць гарбатай, прымярала медалі Мікіты і парывалася “палюбавацца” малюнкамі Паўліка.

Дарэчы, захапленні хлопчыкаў у гэтай сям”і заслугоўваюць асобнай увагі. З самага пачатку нашай размовы Мікіта сціпла адказваў на некаторыя пытанні пра сябе. На маё пытанне пра захапленне якім-небудзь відам спорту, адказала Людміла: “Займаецца тайскім боксам”. Сумненняў і быць не магло, што малады чалавек вядзе здаровы лад жыцця – падкачанныя мышцы, спакойны мужчынскі позірк… Акрамя гэтага ў дамашняй скарбонцы – медалі за перамогу ў футбольных спабор-ніцтвах. Мікіта іграў за нясвіжскіх “верасят” на розных узроўнях. Каманда атрымлівала перамогі ў раёне і вобласці, была сярод лепшых у Беларусі, Польшчы, Літве.

Да ўсяго ж,  юнак – прыхільнік ціхага воднага палявання. Апошнія гады станавіўся прызёрам і пераможцам спаборніцтваў, якія наладжваліся ў раёне для рыбаловаў-аматараў.

Адзінаццацігадовы Паўлік – таксама сябруе са спортам. Сярод аднакласнікаў у гімназіі ён сярод першых па нарматывах на ўроках фізічнага выхавання, любіць футбол. А яшчэ ён чалавек творчы, займаецца ў Нясвіжскай дзіцячай школе мастацтваў. Яго захапленне падтрымліваюць бацькі, і цікавыя работы хлопчыка з”яўляюцца сапраўдным набыткам сямейнай гісторыі. А на сённяшні дзень дзве яго работы знахо-дзяцца ў вандроўцы – яны як адныя з лепшых адпраўлены на выставы ў Венгрыю і Польшчу.

Фотография 4

У сям”і ганарацца і татавымі дасягненнямі. Ён не проста сябар і дарадчык для дзяцей, надзейнае мужчын-скае плячо для жонкі ва ўсім, ён яшчэ захапляецца шашкамі. Сяргей Збігневіч неаднарозова прымаў удзел у абласных турнірах сярод 22-х каманд Мінскай вобласці прадстаўнікоў раённых вузлоў электрычнай сувязі, прадстаўляў Нясвіжскі РВЭС, дзе працуе. Прывозіў самыя вышэйшыя ўзнагароды з гэтых спаборніцтваў…

Так прайшло маё знаёмства з Людмілай і Сяргеем Пагоскімі, чый дом напоўнены шчаслівымі галасамі дзяцей, якія для мамы і таты здаюцца найлепшай музыкай. Пакуль дзеці растуць і сталеюць, бацькі клапоцяцца, каб яны пайшлі ў жыццё дастойнымі людзьмі, дружнымі ў адносінах. Тут не дзеляць абавязкі на мужчынскія і жаночыя, працуюць усе. А самыя добрыя і цёплыя словы ўсё ж адрасуюць жонцы і маме, якая раней за ўсіх пачынае завіхацца па гаспадарцы, сочыць за парадкам у доме, даглядае маленькую Ульяначку і радуе ўсіх сваімі салодкімі прысмакамі – такімі любімымі за вялікім сямейным сталом.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.