Рэспубліканскі суботнік

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У рэспубліканскім суботніку 21 красавіка прынялі ўдзел больш за 580 тысяч жыхароў Мінскай вобласці. Атрымана  прадукцыі і выканана  падрадных работ  на суму каля 19,4 мільярда рублёў.

Актыўны ўдзел прынялі ў суботніку і жыхары Нясвіжчыны. На яго выйшлі 14779 чалавек. Як паведаміла рэдакцыі  намеснік старшыні  райвыканкама, начальнік  аддзела эканомікі Л.В. Мядзведзева, у гэты дзень  у раёне выпушчана  прамысловай прадукцыі  на 101,5 мільёна рублёў. Аб”ём  падрадных будаўнічых работ склаў 27 мільёнаў рублёў.

Усяго на суботніку было зароблена  больш за 96,5 мільёна рублёў, якія будуць пералічаны  ў вобласць у фонд суботніка.

Частка гэтых сродкаў будзе  накіравана на добраўпарадкаванне, рамонт, падрыхтоўку да новага сезона летніх аздараўленчых  лагераў для дзяцей, другая частка – на будаўніцтва новага будынка музея гісторыі Вялікай  Айчыннай вайны.

На палях раёна

Актыўна працавалі  на рэспубліканскім суботніку механізатары сельгаспрадпрыемстваў раёна. У гэты дзень яны  падрыхтавалі да сяўбы  яравых 1254 га глебы; пасеялі  1018 га яравых культур, найбольшы аб”ём выканалі ў ААТ  “Новае жыццё” – 103 га, у філіяле  “Нясвіжскі льнозавод” ААТ “Валожынскі льнокамбінат” – 90 га, у ААТ “Юшавічы” – 86 га.

У гаспадарках поўным ходам ідзе  сяўба цукровых буракоў. 21 красавіка насенне было ўкінута ў глебу на 372 гектарах, у тым ліку на 63 га – у СВК “Агракамбінат  Сноў”, на 50 га – у ЗАТ “1 Мая”, на 35 га – у ААТ “Грыцкевічы” і ДП “ЭБ “Свеклавічная”.

У гэты ж дзень у раёне была распачата  сяўба кукурузы – у ААТ “Новае жыццё”. Першым вывеў свой агрэгат механізатар  акцыянернага таварыства Адам Банеўскі. На трактары МТЗ-82 з сеялкай “Москар” ён  засеяў 5 гектараў. А 23  красавіка да яго далучыўся  механізатар Аляксандр Смірноў.

Ільну за дзень  на Нясвіжчыне было пасеяна  127 гектараў. На сваіх  плантацыях працавалі работнікі льнозавода, ААТ “Новае жыццё” і ААТ  “Юшавічы”.

21 красавіка пачалася ў раёне  пасадка бульбы – у ААТ “Лань-Нясвіж”. Першым праклаў барозны  механізатар Анатоль Макаўчык. У аператыўнай зводцы гаспадаркі і раёна тады і з”явіліся  першыя 2 гектары “другога хлеба”.

Многае зрабілі за гэты дзень земляробы,  ударна несучы вахту ўраджаю 2012 года.

Шчыравалі працаўнікі Сноўшчыны

– У нас у гэты дзень  вяліся звычайныя палявыя работы: механізатары сеялі цукровыя буракі, уносілі  ў глебу арганіку, – паведаміў карэспандэнту  “НН” намеснік старшыні  праўлення СВК  “Агракамбінат Сноў” па ідэалагічнай рабоце  У.А. Слабко.

Акрамя вытворчых работ, якія выконвалі механізатары, шафёры, паляводы, жывёлаводы, будаўнікі, перапрацоўшчыкі, прадаўцы і прадстаўнікі іншых прафесій, у агракамбінаце  арганізавалі збор камення  на палях, на які выйшлі работнікі канторы і настаўнікі Сноўскай сярэдняй школы. Педагогі працавалі  пад кіраўніцтвам  дырэктара школы Г.В. Радаман. Галіна Васільеўна расказала:

– На зборы камянёў былі заняты  30 чалавек – настаўнікі і тэхработнікі. Дапамагчы гаспадарцы мы лічым сваім абавязкам, таму што яна пастаянна  дапамагае нам. Акрамя гэтага, вучні добраўпарадкавалі  школьную тэрыторыю, прыбралі парк, які раскінуўся ля стадыёна.

51 работнік Сноўскага крухмальнага завода  прыняў удзел у рэспубліканскім суботніку. Адны былі заняты на вытворчасці, другія прыбіралі  тэрыторыю прадпрыемства. Як паведаміў нам дырэктар  завода  В.В. Раманенка, у фонд суботніка іх калектыў  пералічыў 590 тысяч рублёў.

Работнікі Сноўскага дзіцячага садка прыводзілі ў парадак сваю тэрыторыю, рыхлілі глебу на клумбах.

Сіламі калектыву Сноўскага сельскага выканаўчага камітэта – 5 чалавек – было  прыбрана месца пахавання мірных жыхароў Снова, расстраляных  фашыстамі падчас Вялікай Айчыннай вайны ва ўрочышчы «Горкі».

Добрымі, карыснымі  справамі  быў запоўнены гэты дзень  у сноўскім рэгіёне.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.