«Святло кахання не згасне ніколі»

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Стала добрай традыцыяй у Качановіцкім сельскім клубе  праводзіць вечары-ўшанаванні юбіляраў сямейнага жыцця. Не так даўно тут  ушаноўвалі  сярэбраных  юбіляраў – Дануту Віктараўну і  Часлава Іосіфавіча Стацкевічаў, жамчужных юбі-ляраў – сямейную  пару Зоі Парфёнаўны і Мікалая Міхайлавіча Івашкаў. І вось нядаўна ў сельскім клубе  ізноў гучаў вясельны марш Мендэльсона. Гэта сваё залатое вяселле  адзначылі Алена Браніславаўна і Часлаў Іосіфавіч Давідоўскія. У файе клуба  была арганізавана  выстава  народнай творчасці ўдзельнікаў клубнага аб”яднання “Лістапад”. Добры сябар  Качановіцкага СК,  цудоўная і абаяльная  жанчына Г. І. Ярмалінская правяла гэта мерапрыемства. Яна распавяла ўсім прысутным аб дзяцінстве, маладосці, працоўных буднях мужа і жонкі Давідоўскіх. Сорак гадоў адпрацаваў галава сям”і ў ААТ “Лань-Нясвіж”, мае за сваю  працу шмат грамат і падзяк ад кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства і раёна.  Не адставала ад мужа і Алена Браніславаўна, якая таксама добрасумленна працавала ў калгасе, а затым – у Нясвіжскім  раддоме.

Алена Браніславаўна – вельмі дбайная гаспадыня. Ад  ранняй вясны да позняй восені цвітуць у кветніку гэтай жанчыны  розныя кветкі. І на надворку, і ў хаце ў гэтых цудоўных  гаспадароў – чысціня і парадак. У 2009 годзе  падворак сям”і Давідоўскіх  быў прызнаны лепшым  на тэрыторыі Ланскага  сельскага Савета.  З вялікай цікавасцю ўсе прысутныя разглядалі  фотамантаж  “50 гадоў разам”, дзе былі  не толькі фотаздымкі, але і многа грамат, якімі  ўзнагароджаны Алена Браніславаўна і Часлаў Іосіфавіч.

Муж і жонка Давідоўскія выгадавалі  цудоўных дзяцей: дачку Дану і сына Валянціна. Дзеці таксама выраслі  працалюбівымі і спагадлівымі людзьмі.

Часлаў Іосіфавіч і Алена Браніславаўна маюць сягоння шмат  “тытулаў”: муж і жонка, цешча і  цесць, свёкар і свякроў, сват і свацця, дзядуля і бабуля, прадзядуля і прабабуля. Прыехалі павіншаваць сваіх любімых дзядулю і бабулю ўнучкі Алена і Інна, унукі Віталій і Ігар, праўнучкі Лізавета і Марыя.

Нявестка Таццяна з нагоды ўрачыстасці  падрыхтавала  канцэртны нумар, у якім прыняла ўдзел  Т. І. Каспер, якая са сваім мужам, Анатолем Уладзіміравічам, прыехала  павіншаваць сватоў.

Многа цёплых слоў аб юбілярах  сказала і стараста вёскі А.М. Сысун. Павіншавала з залатым вяселлем юбіляраў і старшыня прафсаюзнага камітэта гаспадаркі Г. С. Салавей. Яна ўручыла сямейнай пары  падарунак. Удзельнікі  мастацкай самадзейнасці Качановіцкага СК  падрыхтавалі юбілярам і гасцям мерапрыемства канцэрт.

Калі залатыя юбіляры сталі на рушнік, удзельніца  канцэрта Іра Шумоўская  ўручыла  ім хлеб-соль. А як прыгожа глядзеліся  нашы маладыя ў час выканання  “белага танца”…

Юбіляры, іх родныя і блізкія шчыра дзякавалі арганізатарам мерапрыемства за цеплыню, душэўнасць і сямейную атмасферу гэтага цудоўнага свята.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.