Чароўны свет мастацтва

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Поўную глядзельную залу  раённага Цэнтра культуры і адпачынку  сабраў справаздачны канцэрт Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў. І гэта нядзіўна, бо  вялікае мноства несвіжан і жыхароў  раёна  прыводзіць сваіх дзяцей у  гэту школу, дзе яны могуць далучыцца  да сапраўднага мастацтва на любым з аддзяленняў – музычным, харэаграфічным, мастацкім і тэатральным.

Усе гэтыя накірункі і былі спаўна прадстаўлены ў творчай  справаздачы. Адкрыла яе дэфіле  ансамбля  мажарэтак, якім кіруе Кацярына Лабаза. Відовішчнае і ўрачыстае, яно адразу  задало святочны тон усяму канцэрту. Юныя артысты на працягу двух  з паловай гадзін  дэманстравалі  гледачам сваё ўменне спяваць у хоры, іграць на музычных інструментах сольна, у дуэце і ансамблі, танцаваць і прадстаўляць міні-спектаклі.

Пакарылі залу  цеплынёй і шчырасцю выканання юны трубач  Уладзімір Барсукевіч, саксафаністка Юлія Бароўская, цымбалістка Юлія Платун, дамрыстка Ганна Пашкова і многія іншыя. Крануў слухачоў непаўторным спалучэннем  дзіцячай шчырасці і дарослай мудрасці дуэт настаўніка Уладзіміра Гурына  і вучня  Ігара Шчэрбы, якія выканалі  на баянах славуты вальс  Яўгена Догі з кінафільма “Мой ласкавы і пяшчотны звер”.

Шмат яскравых уражанняў падарылі гледачам і юныя танцоры (фота 1). Іх педагогі Кацярына Лабаза і  Настасся Май-сіновіч  зрабілі ўсё, каб дзеці раскрылі самыя розныя  грані свайго харэаграфічнага  таленту – і лірычна-задуменныя, і экспрэсіўна-заліхвацкія.

Асаблівыя ўражанні пакінулі юныя  акцёры. Казка “Маша і Мядзведзь” у  выкананні Дзмітрыя Куліка і Аліны  Каленік, а таксама мініяцюра “Адзін дзень з жыцця  следчага”, якую  паказалі Раман Грышын, Настасся Дзяшко, Яна Лабатая і Уладзіслава  Нялюбіна, выклікалі шмат добрых усмешак і сталі яскравай ілюстрацыяй работы самага маладога аддзялення школы – тэатральнага.

Па даўняй канцэртнай традыцыі, згодна з якой  самыя вялікія  зоркі  выступаюць пад  занавес, у канцы творчай справаздачы Нясвіжскай ДШМ воклічамі “брава” і гарачымі апладысментамі  зала вітала ансамбль гітарыстаў пад кіраўніцтвам Ларысы Астрэйка (фота 2), які выканаў “Іспанскі танец” у  апрацоўцы Лермана, і ансамбль скрыпачоў, якім кіруе Святлана Ярмак. Іх “Пасакалія” Гендэля літаральна  зачаравала  слухачоў і прымусіла ўспомніць, што скрыпку нездарма называюць  царыцай усіх музычных  інструментаў.

Фінальная ж песня канцэрта “Спяваем разам”, якую падараваў  слухачам зводны хор школы  пад кіраўніцтвам  Ніны Лепяшко, нібы ізноў заклікала ў чароўны свет музыкі, дзе пануюць  Гармонія і Прыгажосць. Яго дзверы адчынены для ўсіх,  але затрымліваюцца там толькі тыя, хто не шкадуе  для мастацтва ні сіл, ні цярпення.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.