Кіркаўскія музыкі

Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У кожнай вёскі, як і ў яе жыхароў, сваё жыццё, свая біяграфія. Разважаючы над гэтым, міжволі думаеш: вёска Кіркаўшчына зусім невялікая, а цікавую гісторыю мае! Тут, куды ні завітай, абавязкова нагадаюць, што на гэтай зямлі з”явіўся ўсім вядомы і любімы духавы аркестр. Праўда, гэта быў невялікі калектыў: усяго пяць чалавек. I называлі іх проста: «Кіркаўская музыка». Не было ў іх жыцці ні гучных назваў, ні яркіх афіш, вялікіх гля-дзельных залаў, а была толькі чыстая, прыгожая музыка. Тая, што ідзе ад сэрца, ад якой хочацца жыць, спяваць і танцаваць. I яшчэ былі люд-ская любоў, прызнанне і павага. «Яны перажанілі палавіну Беларусі!» – жартуюць тыя, хто іх ведаў і любіў.

Пачалося ўсё даўно, яшчэ «пры Польшчы». Недзе ў 1932 годзе, цяпер ужо дакладна ніхто і не ўспомніць, жыў у вёсцы Лань малады выкладчык музыкі з настаўніцкай (Нясвіж-скай) семінарыі Янак Шкода.

Адукаваны быў чалавек. Ноты ведаў. Дзяцей вучыў. Яго ўвагу прыцягнулі юнакі з вёскі Кіркаўшчына. Таленавітыя, здольныя, яны разумелі адзін аднаго з першага акорда. Яшчэ з пятага класа іграў на скрыпцы Іван Міхайлавіч Буглай. А яго брат – Уладзімір Міхайлавіч – добра валодаў барабанам. Па-суседстве жылі трубач Іван Лукіч Несцер і кларнетыст Аляксандр Юльянавіч Буглай. Да іх далучыўся скрыпач з вёскі Вайнілавічы, які меў славу добрага музыканта. Гэта быў Рыгор Андрэевіч Камлач. Ён нават у Нясвіжскім касцёле іграў разам са сваім настаўнікам В. Завадскім.

Зімовымі вечарамі 1933 года пяць маладых, прыгожых юнакоў пачалі  рэпеціраваць. Штодзень яны шліфавалі музычнае майстэрства пад кіраўніцтвам Я. Шкоды. Не хапала ведаў, мала было вольнага часу, але яны здолелі зрабіць так, каб скрыпачка спявала і труба звінела. Маладыя музыканты сваёй музыкай напаўнялі душы радасцю, нейкім незвычайным уздымам. Ігралі ад шчырыга сэрца, на ўсю шырыню сваёй душы. I пайшла па Нясвіжчыне слава пра музыкаў з Кіркаўшчыны. Іх заўважылі, палюбілі, пачалі запрашаць на вяселлі, маёўкі, провады ў армію… Загучалі над Ланскай зямлёй прыгожыя вальсы: «На сопках Маньчжурии», «Кіеўскі вальс», «Амурские волны», «Беларускі вальс»… Усімі любімыя полькі, мазуркі, танга, «Коробочка». Ігралі «Ланскую кадрылю», «Кракавяк» і «Падэспань», «Еньку». Былі ў рэпертуары і класічныя творы. 3 суседніх вёсак збіралася моладзь, хадзілі пехатой за многа кіламетраў, каб да раніцы танцаваць пад гукі духавога аркестра з вёскі Кіркаўшчына.

Усё было б добра, каб не вайна. Гэта яна крута змяніла жыццёвыя планы, засмуціла душы, асіраціла дзяцей. Не вярнуўся з фронту Аляксандр Юльянавіч Буглай. Ён загінуў незадоўга да перамогі ва Усходняй Прусіі. Ад хваробы і цяжкай работы ў тыле памёр Рыгор Андрэевіч Камлач. Іван Міхайлавіч і Уладзімір Міхайлавіч Буглаі служылі ў войску, але па стане здароўя не ваявалі.

Ваенны лёс звёў трубача I. Л. Несцера з земляком з вёскі Асмолава Пятром Міхайлавічам Еўтухам. Яны разам прайшлі вайну ад Мінска да Берліна – ў складзе І Беларускага фронту. Колькі ўсяго перажыта, колькі напісана паштовак, колькі пахавана сяброў…

Але душа музыканта не можа жыць без музыкі. У кароткія часы зацішша даставалі салдаты з запыленых футляраў скрыпкі, трубы, гармонікі, і нагадвала музыка аб шчаслі-вым мірным жыцці. Знайшліся ў палку саксафаністы, скрыпачы і барытаністы. Атрымаўся сапраўдны невялікі духавы аркестр. Вось толькі трубачоў яму не хапала. Адначасова з духавым утварыўся і калектыў мастацкай самадзейнасці, дзе спявалі песні ваенныя, народныя, любілі «Кацюшу», складалі частушкі пра немцаў:

Каля самага Берліна

Справы немцаў плохі.

Скача немец на пасту,

А па немцу – блохі!

Вечарамі слухалі франтавікі, як спявала скрыпка ў руках Пятра Еўтуха.

Ёй ціхімі пералівамі падпявала мандаліна. Іван Несцер быў ужо вопытны музыкант, таму і запрашалі яго іграць і ў духавы, і ў самадзейнасць.

Полк стаяў на тэрыторыі Германіі, калі ў руінах нейкага тэатра знайшлі інструменты для цэлага духавога аркестра. Тут I. Л. Несцер і вырашыў перацягнуць земляка ў духавы аркестр:

– Бяры, Пеця, трубу, я пакажу табе пальцоўку, ноты ты ведаеш, музыкант ты здольны – будзеш іграць!

Пасля Пётр Міхайлавіч успамінаў: «Быў май. Вайна скончылася. Наша часць стаяла ў лесе. Там пабудавалі летнюю сцэну. Два тыдні, пакуль мы былі на адным месцы, вучыў мяне Лукіч, як трэба іграць на трубе, а потым прывёў у аркестр на першую рэпетыцыю. Паспрабаваў – атрымліваецца! Вось так побач з маёй скрыпачкай аказаўся футляр з трубой».

Сустрэліся кіркаўскія музыканты пасля вайны. На жаль, не ўсе. Пачалі збірацца новым саставам. 3 заснавальнікаў аркестра засталіся толькі трое: Іван Міхайлавіч і Уладзімір Міхайлавіч Буглаі і Іван Лукіч Несцер. Яшчэ запрасілі да сябе Пятра Еўтуха, які ў залежнасці ад мелодыі браў у рукі то трубу, то скрыпку. I вось гэтым пастаянным саставам ігралі яны аж да 1985 года.

Былі у калектыве і іншыя музыканты, якія дапамагалі іграць. Разам з бацькамі гралі і сыны: Аляксандр Уладзіміравіч Буглай і Пётр Пятровіч Еўтух. Прыходзілі, адыходзілі, вярталіся зноў іншыя музыканты, але яны былі людзі часовыя.

Марыя Антонаўна, жонка Івана Міхайлавіча Буглая, ўспамінала:

– Мой Іван быў старэйшым. Распісваў партыі, прымаў запрашэнні. У нашай хаце збіраліся мужчыны на сыгрыўкі. Што ні ў Бога нядзелька, дык яны па тры дні вяселлі гралі. А пасля тут, у нашай хаце, і заставаліся начаваць. Былі яны ўсе мне як родныя, як свае.

I гаспадыня паказвала фатаздымак, пажаўцелы ад часу. Там, адзін каля аднаго, трымаючы ў руках інструменты, сядзелі героі майго аповеду. Пажылыя, з пасівелымі скронямі, але з такой маладой усмешкай у вачах. Іх музыка, як і раней, радавала душы.

Можа таму і па сённяшні дзень жыве ў сэрцах людзей добрая памяць аб гэтым калектыве сапраўдных музыкантаў, улюбёных ў сваю справу. Для кожнага з іх музычны інструмент з”яўляўся не сродкам для заробку грошай, а часткай самога сябе.

Іншы раз дастаткова было пагля-дзець на барабаншчыка Уладзіміра Міхайлавіча Буглая, каб узняць настрой і забыцца пра клопаты. Як ён іграў! Не стукаў па барабане, не лязгаў талеркамі, а менавіта іграў! У яго быў нейкі дзіўны кураж барабаншчыка. Ён сядзеў за інструментам, як на троне. А аднойчы, калі зразумеў, што іншым мелодыям не хапае выразнасці, не хапае “шарму”, ён прыладзіў да вялікага барабана драўляны брусочак і атрымаў такі гук, якога шукаў. Калі Іван Міхайлавіч перабіраў палачкамі па гэтым брусочку, то атрымлівалася далікатная трэль, мяккая па гучанні і прыемная на слых.

А вось Рыгор Антонавіч Чычко быў не толькі добрым барытаністам, але самым вясёлым і забаўным у аркестры. Яго жартачкі, самавыдуманыя байкі, нейкія неверагодныя гісторыі выклікалі такі смех, што трэба было чакаць некалькі хвілін, калі ўсе супакояцца. Яго сын, Васілій Рыгоравіч, успамінае бацькаў расказ: «Паехалі мы неяк у Маладзечна вяселле іграць. Госці ўсе вясёлыя, гучныя. Як крышку выпілі, так і пайшла гаворка… Гэткі гам падняўся, што самі сябе не чулі.

Сват аб”явіў танцы і ўсе рушылі на гасцінец. На пачатак, як заўсёды, полечку-трасуху… Не танцуюць!..  Хто іх ведае, гарадскіх, – мо не ўмеюць?.. Тады заігралі прыгожы вальсок, ды з пералівамі, то цішэй, то грамчэй, аж душа затаілася. Не танцуюць!!!    Неяк не па сабе стала: ну то наце «Славянку» – ды й па хатах! А госцікі і кажуць: “Іграйце, каханыя, іграйце, мы гэдакую музыку першы раз у жыцці чуем, дайце хоць паслухаць”. Вось такая гісторыя».

Пётр Міхайлавіч Еўтух таксама любіў гумар, але і адказнасці і самадысцыпліны ў ім было шмат. Сваю трубу вельмі шанаваў. Яна з ім усю вайну прайшла. Нягледзячы на гады, ніколі ў ноты не падглядваў. Усе ведалі: калі Міхайлавіч ноты вывучыў – яго ніхто не саб”е, хоць адначасова з ім іграй зусім другое.

Трэба сказаць, што ўсе гэтыя людзі перадалі сваім дзецям і ўнукам самыя лепшыя якасці душы. I, як найбагацейшы скарб, пакінулі ў спадчыну музычны талент.

Вось яны, дзеці і ўнукі «кіркаўцаў», якія займаюцца музыкай на прафесійным узроўні, маюць дыпломы, граматы, званні лаурэатаў і проста славу добрых музыкантаў: Буглай Іван Іванавіч –  баяніст, былы дырэктар Гарадзейскай дзіцячай школы мастацтваў (сын I.М. Буглая);   Буглай Вячаслаў Іванавіч – трубач (сын I.М. Буглая);  Буглай Аляксандр Уладзіміравіч – трубач, доўгі час іграў разам з бацькам у складзе «кіркаўцаў» (сын У.М. Буглая); Буглай Аляксей Аляксандравіч – баяніст, выкладчык Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў; (унук А. А. Буглая), Несцер Іван Іванавіч – баяніст (сын I. Л. Несцера); Чычко Васілій Рыгоравіч – кларнетыст (сын Р.А. Чычко); Еўтух Пётр Пятровіч – трубач, усё жыццё прысвяціў службе ў духавым аркестры Нясвіжскай вайсковай часці; Еўтух Сяргей Пятровіч – кларнетыст, фагаціст-саліст Брэсцкага абласнога Узорнага аркестра пагранвойск Рэспублікі Беларусь (унук Еўтуха Пятра Пятровіча); Драчан Уладзімір Мікалаевіч – трубач, саксафаніст-саліст Гродзенскай абласной філармоніі (унук П.П. Еўтуха).

I гэта не ўсё, дакладней кажучы – не усе, таму, што жыццё працягваецца, і сёння ўжо не толькі ўнукі, але і праўнукі знакамітых «Кіркаўскіх музыкаў» займаюцца ў музычных школах. Прыйдзе час, і яны навучаць музыцы сваіх дзяцей…


Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.