Сямнаццатае імгненне мастацкай вясны

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

(Працяг. Пачатак у № 95.)

На ўрачыстым закрыцці свята мастацтваў «Музы Нясвіжа-2012» жадаюць  музычнаму фэсту доўгага жыцця  памочнік Прэзідэнта – галоўны інспектар  па Мінскай вобласці Мікалай Іванчанка і маэстра Міхаіл Фінберг.

Свята адбылося дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскага аблвыканкама, Нясвіжскага райвыканкама.

Фотография 2

Як заўсёды, бурнымі авацыямі зала вітала струнны аркестр пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, дацэнта Валерыя Сарокі

Пасля адкрыцця свята канцэрт “На музычных скрыжаваннях: Беларусь-Расія” стаў  ілюстрацыяй сувязі культур дзвюх братніх краін, іх падабенства і адрозненняў. Тое, як адна культура дапаўняе і адцяняе другую, і стала прадметам  свое-асаблівай музычнай размовы, якая вялася галасамі розных  інструментаў, багата прадстаўленых у творчых калектывах  Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі.  А тое, як змяняўся на працягу стагоддзяў вектар беларуска-расійскіх музычных сувязяў, раскрывалася ў змястоўных каментарыях  вядучай канцэрта  Вольгі Дадзіёмавай. Гучала музыка Аляксея Туранкова, Аляксандра Аляб”ева, Генрыха Вагнера, Міхаіла Глінкі, Пятра Чайкоўскага, Яўгена Глебава, Ігара Стравінскага, Мікалая Чуркіна,  Ва-сіля Залатарова, Мікалая Рымскага-Корсакава, Рыгора Шырмы, Георгія Свірыдава,  Дзмітрыя Смольскага, Міхала Клеафаса Агінскага. Апошняму, дарэчы, была прысвечана музычная асамблея “Выдатныя постаці айчыннага мастацтва”, якая прайшла  ў трэці дзень свята мастацтваў у гарадской Ратушы. Тут у выкананні творчых калектываў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі  прагучалі не толькі  ўжо  вядомыя  публіцы творы выдатнага  кампазітара, але і новыя, знойдзеныя ў архівах, спецыяльна падрыхтаваныя да сёлетняга свята. Асабліва гэта тычылася вакальных  твораў Агінскага, намнога менш вядомых, чым інструментальныя. Так, яго рамансы “Мілая хаціна” і “Пра дробязь” былі адкрыццём для слухачоў. Мала хто ведае, што ў Агінскага ёсць і опера па матывах егіпецкіх паходаў  Напалеона “Севіда і Валькур”, што  захоўваецца ў Кракаўскім архіве. Уверцюра да яе і іншыя ўрыўкі таксама прагучалі для  нясвіжскіх слухачоў.

Фотография 3

Іграе ансамбль салістаў на драўляных духавых інструментах пад кіраўніцтвам дацэнта Івана Брычыкава

Міхаіл Клеафас Агінскі быў кампазітарам-аматарам, але яго  музыка каштоўная тым, што нясе ў сабе інфармацыю аб густах свайго часу і густах колішняй Беларусі, таму што тут  яго музыка і стваралася, і выконвалася.

Увогуле жыццё Міхаіла Клеафаса Агінскага было вельмі трагічным. З-за паражэння паўстання Касцюшкі, у якім ён актыўна ўдзельнічаў, яму  прыйшлося развітацца з палітычнай кар”ерай, якая бліскуча пачалася, з марамі аб незалежнасці Радзімы, з маёнткамі.

Фотография 4

Разам з Алесяй Дзяржавец саліруе на трамбоне Дзмітрый Бударын

Трагічнае адчуванне жыцця, як і  рамантычная ўзнёсласць, вельмі характэрныя для яго, і  гэта адлюстравалася не толькі ў славутым паланэзе “Развітанне з Радзімай”, але і яшчэ ў адным, які так і  называецца – “Развітанне”. Гэты твор прагучаў у выкананні струннага  аркестра пад кіраўніцтвам дацэнта  Валерыя Сарокі.

Завяршылася ж музычная асамблея “Выдатныя постаці  айчыннага мастацтва”,  прысвечаная творчасці Міхала Клеафаса Агінскага, тым самым славутым  “Развітаннем з Радзімай”, якое стала сімвалам адданасці сыноў і дачок Беларусі сваёй зямлі, той зямлі, якая яднала магнатаў і  сялян, католікаў і права-слаўных, людзей рознага дастатку, рознай адукацыі і нават розных моў. Па гэтай зямлі заўсёды сумавалі і ніколі з ёю не развітваліся назусім.

Фотография 5

Салістка Заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» пад кіраўніцтвам М.Я. Фінберга Прыма-Вера і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, майстар трубы і флюгельгорна Валерый Шчарыца

Завяршылася ж XVII свята мастацтваў “Музы Нясвіжа-2012” эстрадным канцэртам “Шансон у Нясвіжы”, дзе, як заўсёды,  бліскуча выступіў Заслужаны  калектыў “Нацыянальны акадэмічны  канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Жывая музыка, цудоўныя галасы салістаў аркестра, лаўрэатаў міжнародных  і рэспубліканскіх конкурсаў  Галіны Грамовіч, Алесі Дзержавец, Таццяны Глазуновай, Прыма-Веры, Яны Старцавай, Наталлі Тамэлы, Юрыя Вашчука, Руслана Мусвідаса,  Аляксандра Салаўёва і Дзмітрыя  Качароўскага падарылі слухачам свята  добрай, душэўнай песні, што, уласна, і азначае  французскае слова “шансон”.

Не былі забытыя і нашы класікі – песні на вершы  Янкі Купалы знайшлі гарачы водгук у слухачоў.

А фінальнае папуры на песні Максіма Дунаеўскага, папулярныя яшчэ з часоў  Савецкага Саюза, стала для слухачоў цудоўным падарункам – і святочным, і крыху  настальгічным адначасова.

Калі адгучалі апошнія гукі музыкі, на сцэну падняліся памочнік Прэзідэнта – галоўны інспектар  па Мінскай вобласці Мікалай Іванчанка і намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама  Аляксандр Майсеня. Кожны па-свойму, яны знайшлі  самыя цёплыя словы, каб акрэсліць значэнне свята мастацтваў “Музы Нясвіжа”  для беларускай культуры, і пажадалі  артыстам здароўя, творчага натхнення і далейшых  поспехаў у іх няпростай, але такой  прыгожай і патрэбнай для ўсіх нас справе.

Маэстра Фінберг, развітваючыся з “Музамі Нясвіжа-2012”, сказаў:

– Наша свята – яскравае, шматзначнае, запамінальнае. Яго ведаюць  ужо ва ўсім свеце. Гэта сапраўдная  музычная падзея, таму што  менавіта ў Нясвіжы мы раскрылі ўсю гісторыю Беларусі, пачынаючы ад XVII стагоддзя. Для Нясвіжа – гэта XVII фестываль, а для нашага аркест-ра – ужо 149-ы, які мы наладзілі ў малым горадзе Беларусі. Гэта было зроблена па даручэнні Прэзідэнта нашай краіны, і сёння вы ведаеце тую гісторыю, якую не ведаюць нават у Мінску, – падкрэсліў Міхаіл Фінберг.

Ён яшчэ раз падзякаваў  кіраўніцтву краіны, Мінскай вобласці і  Няс-віжскаму райвыканкаму  за ўсебаковую падтрымку ў правядзенні свята мастацтваў “Музы Нясвіжа-2012”, якое стала яшчэ адным, ужо сямнадцатым, імгненнем нясвіжскай вясны. Наперадзе – васемнадцатае, якое  Нясвіж будзе чакаць  з такім жа хваляваннем і нецярпеннем.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.