У гасцях у “Кафэ “Шансон”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Арыгінальны музычны падарунак атрымалі ўсе, хто сабраліся  ў РЦКіА на канцэрт  пад красамоўнай назвай  “Кафэ “Шансон”.

Пры слове “шансон” у свядомасці, напэўна, абсалютнай большасці  з нас паўстае пэўны вобраз – хрыплаваты голас, які выконвае  своеасаблівыя  песні. Аднак калі мы  зазірнём у слоўнік, то ўбачым, што “шансон” – гэта па-французску проста песня, якая  вядзе свой пачатак з ХV-XVI стагоддзя. У канцы ХІХ – напачатку  ХХ стст.  так сталі называцца ўсе французскія песні, якія часта выконвалі  самі аўтары слоў і музыкі і якія часта мелі пэўны сюжэт. Адным словам,  пад назвай “шансон” лепш за ўсё разумець  проста добрую, душэўную, змястоўную песню.

Менавіта такія песні і прапанавалі гледачам  удзельнікі  “Кафэ “Шансон”, якія пастараліся  стварыць у зале вельмі цёплую, сяброўскую атмасферу, поўную прыязнасці і добрага, бяскрыўднага гумару.

Перад гледачамі па-новаму, у нечаканых  вобразах паўсталі  даўно вядомыя ім калектывы  – напрыклад, народныя ансамблі песні “Ліра”, “Акцэнт” і  “Вяночак”, упершыню з”явіўся  новы калектыў – ансамбль джазавай музыкі “Блюз” (фота 1).

Цудоўнай данінай павагі  французскаму  паходжанню  слова “шансон” сталі песні  на французскай мове, якія  выканаў  непараўнальны Ігар  Гарбачоў.

Дарэчы, усе канцэртныя нумары дзякуючы  артыстычнаму  майстэрству вядучых  Аляксея Дунчанкі і Юліі Івашка (фота 2), якім  дапамагалі артысты тэатра  мініяцюр РЦКіА, так зліваліся ў адну  захапляльную дзею, што ўвага  гледачоў не слабела ні на хвіліну за ўсе дзве гадзіны іх знахо-джання ў “Кафэ “Шансон”. А ілюзія такога знаходжання  была поўнай – кожны  глядач  адчуваў, што яго запрасілі  ў цудоўнае месца, дзе гаспадары яму рады і дзе для яго спяваюць  лепшыя артысты. Таму зала не шкадавала  воплескаў для  Ігара Гарбачова, Аляксея Дунчанкі, які імгненна з вядучага мог  пераўвасобіцца ў  “Косцю-марака”, Юрыя Кабяка, Сяргея Калеснікава, Ларысы Лукашэвіч і ўсіх без выключэння  ўдзельнікаў арыгінальнага відовішча.

Сапраўднымі авацыямі  ў фінале канцэрта была ўзнагароджана  яго  ідэйны натхніцель і арганізатар, кіраўнік  многіх народных калектываў, што існуюць у нашым раёне, Тамара  Міхайлаўна Прыгун. Дзякуючы гледачам за кветкі і гарачыя апладысменты, яна, у сваю чаргу, выказала  вялікую  ўдзячнасць калектыву і кіраўніцтву РЦКіА, а таксама ўсім, хто  дапамог у арганізацыі канцэртнай дзеі.

Хочацца толькі спадзявацца, што “Кафэ “Шансон” адчыніць свае дзверы для нясвіжскай публікі яшчэ неаднойчы!

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.