Я.А. ТУЦІН: “Разам можна многага дасягнуць”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

За шматгадовую плённую  працу, дасягненне высокіх  паказчыкаў у розных галінах  жыццядзейнасці дзяржаўнымі ўзнагародамі нядаўна адзначаны лепшыя з лепшых  працаўнікоў Беларусі. Сярод  іх – галоўны ветэрынарны ўрач СВК “Агракамбінат Сноў” Я.А. Туцін, які ўзнагароджаны  медалём “За працоўныя заслугі”.

Сёння мы друкуем інтэрв”ю нашага карэспандэнта з Яўгенам Аляксандравічам.  Яго аповед – пра жыццё, работу, людзей, з якімі разам шмат  гадоў вырашае вытворчыя задачы.

–  Віншую, Яўген Аляксандравіч, з узнагародай! Так трымаць!

– Дзякую. Хачу падзякаваць праўленню гаспадаркі, кіраўніцтву райветстанцыі за такую ацэнку  маёй працы. І адразу скажу: гэта – узнагарода ўсяго  калектыву маёй службы, а ў агракамбінаце  працуюць каля 30 ветработнікаў. Адзін у полі не воін. А вось разам, талакой аднадумцаў можна многага дасягнуць.

– Каго з каманды  аднадумцаў Вам хацелася б зараз назваць?

– З прадстаўнікоў старэйшага  пакалення – ветурачоў Ганну Іосіфаўну Клім і Сяргея  Іванавіча Даменікана, ветфельчара  Святлану Аляксееўну Гарагляд, якія цяпер  знахо-дзяцца на заслужаным  адпачынку. З маладых – ветурачоў Андрэя Мікалаевіча Якубовіча, Андрэя Аляксандравіча Катлубая, Мікалая Міхайлавіча Грыцэнку, Уладзіміра Міхайлавіча  Мітроня. Гэта граматныя спецыялісты, добрая, надзейная змена.

– Хто Ваш настаўнік у прафесіі?

– Іван Ціханавіч Сінякоў, галоўны ветурач  СВК “Агракамбінат Сноў” у 1974-1992 гадах. Потым ён, да 1995 года, яшчэ загадваў калгаснай ветаптэкай.

– Якім быў Ваш шлях у прафесію?

– Хлопец я вясковы. Нарадзіўся ў вёсцы Ганцавічы Мініцкага сельсавета Ляхавіцкага раёна. У сям”і нас, дзяцей, было  чацвёра. Я – другі па  старшынстве, трэба было бацькам  дапамагаць. Таму і па-ступіў вучыцца ў бліжэйшую спецыяльную навучальную ўстанову – Ляхавіцкі саўгас-тэхнікум на ветэрынарнае аддзяленне. Закончыў яго ў 1970 годзе, адслужыў у арміі. На працу  трапіў на Нясвіжчыну, у тадышні калгас “Беларусь”, цяпер ААТ “Грыцкевічы”. А ў канцы 1976 года Якаў Васільевіч  Аляксанкін, старшыня калгаса імя Калініна, з Іванам Ціханавічам Сіняковым “забралі” мяне  ў Сноў. 13 гадоў быў ветфельчарам на свінаферме “Хвоева”, пасля загадваў цэхам рэпрадукцыі на свінакомплексе. І вось ужо 20 гадоў – галоўны ветурач. Завочна закончыў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны.

Ажаніўся яшчэ  ў Грыцкевічах, а ў Снове нам адразу далі кватэру. Потым некалькі разоў мы паляпшалі свае жыллёвыя ўмовы.  У гэтым плане ўсё складвалася найлепшым  чынам. Ды і з работай – таксама. Ёсць жаданне, веды, людзі, заробак – працуй, калі ласка.

– СВК “Агракамбінат Сноў” – лідэр вытворчасці. Гаспадарка складаная, шматпрофільная. Працаваць у ёй няпроста, адказна…

– Так. І пагалоўе расце з кожным годам. Калі я пачынаў тут працаваць, буйной рагатай жывёлы  налічвалася 4800 галоў, а сёння – 11 тысяч.  Свіней налічваецца болей 33 тысяч. Плюс яшчэ бройлераў з паўмільёна. Таму і павялічылася  колькасць спецыялістаў па ветэрынарыі – з 6 да 30 чалавек.

Патрабаванні да спецыялістаў, як і ўвогуле да арганізацыі справы, у нас вельмі высокія. Чалавек павінен не проста валодаць ведамі па сваёй спецыяльнасці, а мець шырокі  кругагляд, быць  вельмі адукаваным. Бывала, па 3-4 чалавекі за год  звальняліся, не ўпісваліся ў наш напружаны  рытм.

– Раскажыце, калі ласка, якія канкрэтныя  асаблівасці мае работа  ветспецыялістаў у вашай гаспадарцы.

– Мы шмат куды ездзілі, вучыліся, як развіваць галіну жывёлагадоўлі па навейшых тэхналогіях. Былі ў Галандыі, у Італіі. Многа цікавага і карыснага  пабачылі, укаранілі ў сябе. Напрыклад, пераводзілі кароў на беспрывязное  ўтрыманне першымі ў рэспубліцы.

Ужо каторы год працуем з галштына-фрызскай пародай кароў, малочнай, высокапрадуктыўнай. Цялушак завозілі з Венгрыі. На МТК “Сычы”  купілі іх 744 галавы. З іх недзе 50-60 кароў даюць  па 60-70 літраў  малака ў суткі, па 15-17 тысяч літраў за лактацыю. Гэта ўнікальныя жывёліны. Такімі ж будзем запаўняць і новую МТФ “Друцкаўшчызна”. Асаблівасць іх – вельмі спакойныя, адчуваюць дабрыню. Таму з імі і павінны працаваць добрыя, чулыя людзі.

Чалавечнасць, гуманнасць, ласка ў адносінах да жывёлы памнажаюцца на строгае выкананне  працоўнай і тэхналагічнай  дысцыпліны. Ветэрынарна-санітарныя правілы распісаны, даведзены да кожнага  работніка галіны. Наша задача – забяспечваць  захаванасць  жывёлы, даваць  прадукцыю высокай якасці.

Мы працуем для людзей і пастаянна памятаем пра гэта.

– Чалавек ёсць тое, што ён есць. Сноўская прадукцыя карыстаецца  папулярнасцю. Раскажыце, якія захады вы прымаеце, каб людзі  атрымлівалі здаровую ежу?

– У малацэ і мясе  не павінна  быць антыбіётыкаў. Яны  прымяняюцца ў лячэнні жывёлы толькі ў самых крайніх выпадках, і тады  пад строгім  кантролем  ветспецыялістаў  знаходзяцца тэрміны адпраўкі малака і жывёлы з фермаў у цэхі перапрацоўкі. Антыбіётыкі заменены на  прабіётыкі. Яны больш іграюць  ролю прафілактычнага прэпарату. Іменна прафілактыка і павінна складаць  аснову работы нашай службы. Для гэтага трэба правільна карміць жывёлу, правільна яе даглядаць.

Шмат увагі надаём дыспансерызацыі. Кожны месяц у кароў бяром кроў на біяхімічны аналіз, выяўляем узровень караціну, бялку, кальцыю, фосфару, цукру. Недахоп якога-небудзь рэчыва кампенсуецца праз корм.

Мы кантралюем запаўненне сянажных і сіласных траншэй – выкарыстоўванне  кансервантаў, тэрміны закладкі. Калі траншэю зімой  адкрываюць, правяраем якасць корму. Гэтым займаюцца  спецыялісты на раённым і абласным узроўні.

Калі ў гаспадарку завозім “чужых” жывёлін, іх ставім на каранцін. Для гэтага ў Пагарэльцах адведзена памяшканне, якое знаходзіцца за 2-3 кіламетры ад фермаў. Жывёлу даследуем на ўсе  хваробы, робім вакцынацыю.  Беларускі дзяржаўны ветэрынарны  цэнтр дае адпаведнае  заключэнне, і толькі тады  кароў пераводзім  на ферму ці комплекс.

Калі прадукцыя мае высокую якасць – гэта азначае і здаровае харчаванне людзей, і  значныя грашовыя  паступленні ў бюджэт гаспадаркі. Гэта – эканоміка.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.