Пунсовыя кветкі Алены Багнюк

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Мы ўсе памятаем казку з падобнай назвай, бо тая цудоўная кветачка прынесла гераіні шчасце. У выпадку з маёй  субяседніцай адбылося нешта падобнае:  захапленне мастацкай творчасцю ператварыла яе жыццё ў цудоўныя імгненні радасці і шматколернага свету фарбаў. Сёння яна можа многае, у тым ліку выканаць жаданне. Перад днём нараджэння зяця Алена Фёдараўна спытала яго: “Што табе падарыць?” Ён жартам адказаў: “А падарыце мне пунсовую кветачку”. Цешча пастаралася і з бісеру стварыла зялёны кактус з расцвіўшай пунсовай кветкай. Гледзячы на гэты рука-творны цуд, не адразу здагадаешся, што кактус не “жывы”.

А ў гасцінай дома майстрыхі кожнага ўражваюць васількі, макі, рамонкі. Не верыцца, што ненатуральныя – яны так хораша глядзяцца ў вазе. А з чаго атрымаўся такі цуд?

– З пластыку, – ахвотна тлумачыць Алена. – Але перш, чым атрымаецца кветка, трэба многа працаваць: добра разгледзець кветку і тонка раскатаўшы пластык у руках, зляпіць яе.Такім чынам можна зрабіць і ўпрыгожанні для жанчын, напрыклад, бусы ў выглядзе маленькіх трускалак ці лімончыкаў, кавалачкаў малахіту. Што падкажа мне фантазія, тое  і ствараю. Галоўнае – каб было прыгожа і з густам.

У гэтым я пераканалася, калі паглядзела работы А.Ф. Багнюк на выставе ў раённай бібліятэцы. Яе біжутэрыя  можа саста-віць канкурэнцыю магазіннай, перш за ўсё далікатнасцю і тонкай прыгажосцю. Ну нельга не захапіцца кулонамі з мініяцюрнымі кветачкамі бэзу, ружачак,  лімончыкаў. А маленькія совы на цёмным ланцужку  выглядаюць незвычайна цікава.

Але не толькі рэалістычнай фларыстыкай  (так называецца выраб з пластыку) займаецца майстрыха, яна ўжо больш дзесяці гадоў працуе з бісерам. А гэта таксама тонкая і вельмі карпатлі-вая работа, патрабуе амаль ці не самаадрачэння. Уявіце, колькі трэба цярпення, каб два гады вышываць карціну дробненькім бісерам. Цяпер у доме вісіць яна і радуе вока не толькі гаспадыні. Я была ў захапленні ад таго, што памылілася: думала, што карціна напісана маслам ці акварэллю, настолькі ярка і рэалістычна адлюстраваны ўсе дэталі: залацістая восень, старадаўняя капліца.  Адметна тое, што карціну яна вышыла, гледзячы на паштоўку з адлюстраваннем палатна вядомага мастака. Цікава, што на карціну пайшло 75 тысяч бісерынак, прышываць якія трэба тоненькай іголкай пры спецыяльным асвятленні. На палічцы стаіць серабрыстая ёлачка з бісеру. А на вазу, прысланую дзецьмі ў падарунак, Алена Фёдараўна змайстравала бісерную канюшынку, ліловыя кветачкі якой вельмі натуральныя. Расшыла каляровымі бусінкамі і яйкі, зробленыя на драўлянай аснове. Атрымалася амаль як у знакамітага Фабержэ. А яшчэ Алена марыць упрыгожыць бісерам яйка памерам са страусінае.

Майстрыха ўмее і вышываць, бо гэта ўменне перадалося ад маці, маляўнічае пакрывала якой і сёння засцілае канапу ў адным з пакояў. Прыгожая, вялікая карціна вісіць у  гасцінай і ўражвае маляўнічасцю: залатыя фарбы восені, яшчэ зялёныя кусты ля дому, акно якога выглядае з-за пышнай флоры. А на другім паверсе кватэры  красуецца карціна “Лістапад”, але ўжо выкананая бісерам. Побач – яркія кветкі, вышытыя ў невялікім фармаце. Словам,  жыллё мастачкі выглядае адпаведным чынам, таму быць тут вельмі камфортна і ўтульна. А разнастайнасць вырабаў і іх матэрыялаў даволі дзіўнае для чалавека недасведчанага. Лена выкарыстоў-вае для работы ўсё, што можна і на што не падумаеш: гірлянды навагоднія, пудру спецыяльную, цені для вачэй, зубачысткі, металічныя ключыкі і іншае. Свае “паўфабрыкаты” творчая жанчына набывала і ў Маскве, калі надарылася там быць, бо ў нас не ўсё можна купіць.

Алена Фёдараўна  – натура няўрымслівая, стараецца ісці ў нагу з часам: у яе ноўтбуку ёсць інтэрнэт, а, значыць, шматбаковая сувязь з калегамі па творчаму цэху не толькі нашай краіны, але і далёкага замежжа. Майстрыхі дзеляцца вопытам і навінкамі ў сваёй галіне, паказваюць “карцінкі” чарговых шэдэўраў. У беларускай рукадзельніцы наладзіліся добрыя кантакты з майстрыхамі Расіі, Румыніі, Германіі, Бразіліі і іншых краін.

– Мне падабаецца такая ўзае-масувязь, – гаворыць Алена Фёдараўна, – бо людзі трапляюцца шчырыя, адкрытыя, ахвотна дзеляцца сваімі сакрэтамі. І некаторыя да ночы “сядзяць” на сваіх сайтах, каб “пагаварыць” з калегамі, прадэманстраваць чарговую навінку ці ідэю. Я люблю і вязаць, ёсць у мяне сурвэткі, каўнерык. Яшчэ ў 90-х даводзілася “абвязваць” усю сям”ю.

Шматгранную творчасць Алены паважае і ахвотна падзяляе яе муж, Анатоль Іванавіч. Мала таго, ён ганарыцца ўдалай спадарож-ніцай жыцця і актыўна дапамагае: вырабляе патрэбныя дапаможныя матэрыялы з металу ці дрэва, стараецца быць карысным у справе жончынага захаплення. У сям”і Багнюкоў дзве дачкі, два зяці і ўнучка Маша. Старэйшай дачцы, Аляксандры, перадаўся талент маці: яна малюе, вышывае, працуе веб-дызайнерам. Малодшая – На-дзея, таксама добра лепіць з пластыку, вяжа і вышывае. Радасць у доме – ад сустрэч з роднымі, ад званкоў і пісем.

Калі будзеце ісці па вуліцы Садовай у Нясвіжы, прыпыніцеся каля дома 108, вы ўбачыце на двары не толькі кветкі і зялёны газон. За домам –  абсталяваная гаспадаром і распісаная гаспадыняй  утульная альтанка. Бочкі для вады таксама размаляваныя, вясёлыя.

У рэспубліканскім часопісе “Рукадзелле” быў змешчаны артыкул пра А.Ф. Багнюк, дзе ёсць такія словы: “Работы нясвіжскай рука-дзельніцы вызначаюцца арыгінальнасцю, неардынарнасцю, на іх хочацца глядзець доўга і захапляцца”. І гэта сапраўды так. А пераканацца лёгка: заўсёды наведвайце выстаўкі майстроў народнай творчасці. Гарантую, што не пашкадуеце, а набудзеце не толькі эстэтычнае задавальненне, але і даведаецеся шмат новага, дакранецеся да свету цудоўнага і атрымаеце добры настрой. І адной са стваральніц усяго пазітыву з”яўляецца цудоўная, лёгкая, усмешлівая,  з жывымі карымі вачыма Алена  Багнюк.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.