Маладзёжны экіпаж

Сёлета другі сезон адпрацавалі разам на жніве старшы камбайнер Аляксандр Дземідовіч і камбайнер Яўген Гапановіч з ААТ «17 верасня». На рахунку маладзёжнага экіпажа — больш 147 убраных гектараў і 1125,2 тоны збожжа.

Аляксандр Дземідовіч застаўся працаваць механізатарам у роднай гаспадарцы ў 2004 годзе. На збожжаўборачным камбайне пачынаў памочнікам у Анатолія Леанідавіча Бурновіча, вопытнага механізатара.

— Ён мне дапамагаў авалодваць тэхнікай, падказваў, як лепш зрабіць. На жаль, летась пайшоў з жыцця, — расказаў Аляксандр Мікалаевіч. — Я ж тады яшчэ зусім малады быў, і добрае слова старэйшага таварыша вельмі падтрымлівала.

Цяпер ужо Дземідовіча характарызуюць як працавітага чалавека, прафесіянала, якому даручаюць адказныя работы.

— Вясной ён, звычайна, уносіць арганічныя ўгнаенні на палях, рыхтуе з АКШ глебу да сяўбы, уносіць мінеральныя удабрэнні, — гаворыць намеснік дырэктара таварыства па ідэалагічнай рабоце Вольга Малец. — Добры работнік. Вось і цяпер, закончыўшы жніво, хуценька перасеў на трактар і пайшоў рассяваць «мінералку» пад сяўбу азімых.

Ды і ў экіпажы яны працавалі зладжана. Замянялі адзін другога. Калі Саша абедаў, Жэня садзіўся за штурвал камбайна. Усё ў іх ішло добра — без прастояў, без паломак.

Сям»і Дземідовіча сельгаспрадпрыемства выдзеліла ў свой час катэдж. Аляксандр і Святлана гадуюць двое дзяцей. Старэйшы сын, Ігар, у верасні ўпершыню пойдзе ў школу. У гэты ўрачысты дзень тату з мамай хочацца раздзяліць з сынам яго радасць і хваляванне і яны плануюць у школу ісці ўсе разам.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ

Фота Іны ВАСІЛЕВІЧ

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.