Неба, расквечанае жыццём

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Кожны чалавек бачыць гэты свет па-свойму. Адны і тыя ж прадметы і падзеі рознымі людзьмі ўспрымаюцца па-рознаму. Штосьці хвалюе, штосьці зусім не заўважаецца. Але ёсць людзі, якія бачаць тое, што для іншых застаецца па-за кадрам. Мастак, скульптар, паэт, сябра раённага літаратурна-музычнага аб»яднання «Валошкі» Алег Вікенцьевіч Пракарына 25 ліпеня ў цэнтральнай раённай бібліятэцы прадставіў на суд несвіжан і гасцей горада выставу жывапісных работ «Дамова», якая, бясспрэчна, сведчыць аб тым, што бачыцца гэта жыццё Алегу Пракарыне расквечаным і яскравым, як неба на яго карцінах.

Работы Алега Пракарыны самі тлумачаць назву выставы. У іх гарманічна спалучаецца зямное і нябеснае, персанажы рэальныя і ўяўныя. Таму, магчыма, «Дамова» — гэта дамова паміж Небам і Зямлёй, паміж Богам і людзьмі, паміж вечнасцю і небыццём. Цар-мучанік Мікалай ІІ сярод апосталаў Хрыста прысутнічае на Тайнай вячэры. Жанчына з дзіцем на руках, якая нібыта ўглядаецца ў будучы лёс свайго немаўляткі. А вакол віруе жыццё, непаўторнае і не заўсёды зразумелае. Айцец Дзімітрый Хмель у вобразе воіна Хрыстова. Ён і сапраўды быў воінам, усё жыццё сваё душы людзей для вечнасці адваёўваў. Эйфелева вежа, схаваная ад няўважлівага вока гледача ў кветках. Не кожны заўважае гэту выяву адразу. А яшчэ ўражвае ў работах мастака неба. Яно таксама ў кветках. У кветках патанае Нясвіж — маленькі Парыж, цудоўны і непаўторны.

Апошнія некалькі гадоў Алег Вікенцьевіч займаецца роспісам праваслаўных храмаў, магчыма, таму шырока прадстаўлена на выставе духоўная тэматыка. Яна прасочваецца ў многіх карцінах і знаходзіць сваё завяршэнне ў іконах «Успенне Багародзіцы», «Адзігітрыя», «Ісус Хрыстос».

Выстава А.В. Пракарыны, якая чакае сваіх наведвальнікаў, будзе доўжыцца да 28 жніўня. Усе, хто пазнаёміцца з ёй, змогуць выказаць свае ўражанні аб творчасці мастака.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.