Пашана хлебу, пашана людзям!

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

(Заканчэнне. Пачатак у № 138)

Удзячнасць хлебаробам Нясвіж-чыны за ўменне вырошчваць хлеб і працаваць на ўраджай з поўнай аддачай сіл і майстэрствам выказалі першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Аляксандр Замжыцкі і памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Мінскай вобласці Мікалай Іванчанка. На думку гасцей, сёлета працаўнікам раёна ёсць чым ганарыцца, яны ўнеслі значны ўклад у агульны каравай краіны. У пяці гаспадарках раёна дасягнута ўра-джайнасць звыш 70 ц/га. 9 камбайнавых экіпажаў намалацілі больш за 2 тысячы тон збожжа, а 82 — перасягнулі мяжу тысячы тон.

— Добры ўраджай — гэта вынік штодзённай нялёгкай працы. Прыемна канстатаваць, — сказаў Мікалай Міхайлавіч, — што ў гарачы ўборачны час ніхто не падвёў: ні камбайнеры, ні вадзіцелі, ні аператары зернесушыльных комплексаў, ні спецыялісты. Сакрэт дасягнутых поспехаў — у карпатлівай працы, у выкананні тэхналагічнай дысцыпліны, укараненні дасягненняў навукі, што сведчыць аб якасным узроўні працы і высокай культуры земляробства на Нясвіжчыне. Зроблена вельмі многа, але наперадзе яшчэ больш напружаныя задачы па павышэнні эфектыўнасці агра-прамысловага комплексу.

Першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Аляксандр Замжыцкі ўручыў Ганаровыя граматы Мінаблвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, прафесіяналізм і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў дырэктару ААТ «Нясвіжскія Астроўкі» Людміле Гутнік, галоўнаму аграному ААТ «17 верасня» Аляксандру Макарэвічу, галоўнаму інжынеру ААТ «Новае жыццё» Юрыю Ярашу, старшаму камбайнеру ААТ «Сейлавічы» Вячаславу Хвіцьку, вадзіцелю СВК «Агракамбінат Сноў» Вячаславу Захараву, аператару сушылкі ААТ «Юшавічы» Аляксандру Янцэвічу.

Чалавеку вельмі важна ведаць, што яго праца людзям патрэбная, што яна ацэнена — калектывам, кіраўніцтвам прадпрыемства, раёна. І тады ён не дазволіць сабе апусціць планку ўласных дасягненняў ніжэй, будзе імкнуцца да новых здзяйсненняў і вяршынь. Узнагароджванне лепшых гаспадарак і асобных працаўнікоў на жніве-2012 правялі старшыня райвыканкама Іван Крупко і начальнік райсельгасхарчу Генадзь Салавей. Гэта вельмі ўрачысты і кранальны момант, многія будуць доўга захоўваць яго ў сваёй памяці.

Яскравым момантам свята стала і падвядзенне вынікаў выставы-конкурсу «Каравай-2012», у якім прынялі ўдзел усе сельгаспрадпрыемствы раёна. На плошчы з нагоды свята дажынак стаялі шчодрыя сталы, дзе былі прадстаўлены нацыянальныя кухні, аформлены выставы работ народных умельцаў і школ раёна.

Стварыць на свяце ўзнёслую, святочную атмасферу дапамагалі выступленні такіх артыстаў раёна, як народны ансамбль песні «Лянок» Аношкаўскага СДК, народны інструментальны ансамбль «Нясвіжскія лыжкары» навучэнцаў каледжа імя Якуба Коласа, народны ансамбль песні «Млечны шлях» РЦКіА, народны ансамбль песні і танца «Вяночак» Сноўскага СЦКіА і іншыя. Парадавалі  і артысты беларускай эстрады: дуэт «Аляксандра і Канстанцін», Алена Грышанава, Вольга Плотнікава, Дзмітрый Сяргееў і гурт «ДНК». Песень на дажынках гучала багата — звонкіх, вясёлых, задушэўных, з беларускім нацыянальным каларытам.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.