З-за штурвала камбайна – на студэнцкую лаўку

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

На здымку: лепшы экіпаж збожжаўборачнага камбайна СВК «Гарадзея» — Андрэй Баран і Міхаіл Мароз

Адзін з лепшых камбайнераў СВК «Гарадзея» Андрэй Іванавіч Баран у няпростых умовах спаборніцтва выйшаў сёлета ў сваёй гаспадарцы пераможцам на збожжавай ніве. На рахунку яго экіпажа — 2261 тона зерня. Аснова таму — вялікае старанне і, вядома, вопыт: у наступным годзе споўніцца 20 гадоў, як ён сеў за штурвал камбайна.

— Жніво — справа як вельмі адказная, так і хуткацечная. Да якіх работ прыступіце пасля яго? — спытала я.

— Буду араць глебу, рыхтаваць яе да сяўбы азімых, — адказаў Андрэй Іванавіч. — Потым пачнём убіраць кукурузу на зерне.

— А з якім настроем працавалася сёлета на жніве? Завяршэнне яго далося цяжка — ішлі дажджы…

— Па-рознаму бывала: і хваляванне, і радасць. Прыемна было ўбіраць палі, дзе збажына стаяла сцяной, а цяжкае бурштынавае зерне весела сыпалася ў бункер, хутка яго напаўняючы. А вось напрыканцы ўборкі, пасля дажджу і ветру, з»явілася шмат палегліцы. Камбайн пускалі павольна, каб матавіла магло падняць усе сцябліны.

Так, якасць уборкі з»яўляецца галоўным патрабаваннем — і кіраўніцтва, спецыялістаў, і ўласнага сумлення. Гэтаму ж, акрамя ведання тэхнікі, вучыў Андрэй Іванавіч усе сезоны сумеснай працы свайго памочніка — Міхаіла Мароза.

Сем гадоў назад Андрэй Баран атрымаў новенькі «Лексіён-580». І тады ж да яго прыйшоў другім камбайнерам гэты малады чалавек. Цяпер ён — трэцякурснік аграэнергетычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. З-за штурвала камбайна праз колькі дзён перасядзе на студэнцкую лаўку.

— Андрэй Іванавіч мяне многаму навучыў, — гаворыць юнак. — І я за гэта вельмі ўдзячны.

Перад кожным выхадам у поле Міхаіл аглядваў камбайн, змазваў, дзе патрабавалася, вузлы і дэталі. А здараліся дробныя паломкі (буйных удалося пазбегнуць) — разам іх ліквідоў-валі. Юнак замяняў старшага камбайнера за штурвалам, упэўнена вёў складаную машыну па збажыне. Трэба сказаць, што псіхалагічная сумяшчальнасць членаў экіпажа збожжа-ўборачнага камбайна — такая ж важная, як і на іншай тэхніцы — аўтамашыне, поездзе, самалёце, парахо-дзе… Гэта — каманда, хоць і невялічкая, і як яна спрацавалася — такія будуць і вынікі. А вынікі ў экіпажа Барана-Мароза, як бачна, вельмі добрыя.

Ёсць у «Гарадзеі» і іншыя маладыя памочнікі камбайнераў. Гэта Дзмітрый Гурын, Яўген Ліхута, Аляксандр Абрамовіч. Яны, як і Міхаіл Мароз, цэняць працу вяскоўцаў, ведаюць цану хлебу. Яўген Ліхута — таксама студэнт, вучыцца ў БНТУ. І хутка таксама акунецца ў студэнцкія будні.

Жніво — гэта час, калі можна зарабіць пэўную суму грошай. І калі добра пастараешся, то заробак будзе большым.

— І куды плануеш патраціць свае «жніўныя» грошы? — пацікавілася я ў Міхаіла напрыканцы нашай размовы.

— Пакуль не ведаю. Вырашым на сямейным савеце, — усміхнуўся ён.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.