Ад хлеба — жыццё

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У сераду на 65-гектарным полі азімага трыцікале, што ў СВК “Лань-Нясвіж”, быў дадзены ўрачысты старт уборачнай кампаніі ў раёне.

На свята зажынак сабралася кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі сельгаспрадпрыемстваў, меха-нізатары і іх землякі. Сюды ж прыехалі і старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы Мінаблвыканкама Іван Шматко і кіраўнік справамі  Першамайскага райвыканкама Мінска Аляксей Ванкевіч.

У сваім звароце да ўсіх, хто сабраўся на полі, старшыня раённага выканаўчага камітэта Ігар Макар адзначыў, што свята зажынак прыйшло да нас з глыбінь вякоў ад нашых продкаў, і менавіта гэтым святам, з ушанаваннем народных традыцый, даецца старт жніву.

А работа, як нагадаў кіраўнік раёна, наперадзе немалая. Усяго на Нясвіжчыне падлягае ўборцы 22805 гектараў збожжавых і зернебабовых. На гэтыя плошчы была ўнесена неабходная колькасць мінеральных угнаенняў, яны як належыць апрацоўваліся сродкамі аховы раслін ад пустазелля і хвароб, а засейваліся насеннем толькі элітным або першай рэпрадукцыі, што павінна стаць надзейнай асновай для атрымання  140 тысяч тон збожжа ў амбарнай  вазе пры сярэдняй ураджайнасці 61,4 цэнтнера з гектара.

Ігар Мікалаевіч таксама акрэсліў тэрміны жніва – 17 рабочых дзён – і з задавальненнем адзначыў, што ў раёне падрыхтавана і адпаведная  тэхнічная база для апрацоўкі збожжа новага ўраджаю. Так, сёлета запускаюцца ў работу 3 новыя збожжасушыльныя комплексы, 4 дабавіліся ў мінулым годзе. Праверана ўборачная тэхніка, зроблены запас паліва.

Кіраўнік  пажадаў таксама ад мясцовай улады і сябе асабіста ўсім удзельнікам жніва зда-роўя, добрых намалотаў і безаварыйнай работы, а яшчэ – каб Нясвіжчына і далей заставалася сярод лідэраў сельгасвытворчасці ў Рэспубліцы Беларусь.

Гэту думку працягнуў і старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы Мінаблвыканкама Іван Шматко. Ён адзначыў, што дзяржавай шмат  зроблена для забеспячэння добрага ўраджаю як на Нясвіжчыне, так і ў цэлым па Мінскай вобласці, і што працаўнікі сяла прадэманструюць выдатнае майстэрства і высокую якасць уборкі.

Дарэчы, надвор”е на свята зажынак выдалася цудоўнае. Нібы пачуўшы малітвы запрошаных на свята праваслаўнага і каталіцкага святароў, якія благаславілі работу  хлебаробаў, прырода разагнала хмаркі на небе і песціла ўсіх сонечным святлом.

Благачынны цэркваў Нясвіжскай акругі, пратаіерэй Аляксандр Данчанка і ксёндз-дэкан, пробашч парафіі Нясвіжскага касцёла Божага Цела Пётр Шарко асвяцілі  ўборачную тэхніку.

І вось – пад гучанне народных песень жнейкі, былыя працаўніцы гаспадаркі М.Ф.Язэпчык, С.С.Роўба, С.Р.Чычко, М.А.Шуста  зажалі першыя снапы новага ўраджаю, якія затым уручылі гасцям.

Ад удзельнікаў сёлетняй уборкі выступіў адзін з вопытнейшых механізатараў СВК “Лань-Нясвіж” Генадзь Карпач. А кіраўнік мясцовай гаспадаркі Генадзь Салавей прадаставіў пачэснае права нажаць першы бункер збожжа механізатару Міхаілу Макаўчыку на камбайне “Мега-360”.

Адгучалі, адспявалі зажынкі-2009. А зрабіць іх сапраўдным святам дапамаглі цудоўныя народныя  песні і харэаграфічныя замалёўкі  ў выкананні народнага ансамбля  “Лянок” Аношкаўскага СДК, народнага Лявонавіцкага хору, ансамбля “Суквецце” работнікаў устаноў культуры раёна, харэаграфічных калектываў пад кіраўніцтвам  Аляксандры Сасюк і Анжалікі Новік РЦКіА, удзельнікі мастацкай самадзейнасці Ланскага СДК.

На здымках: дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах з караваямі  хлеба;

гаспадары і госці свята вітаюць пачатак уборкі;механізатары СВК “Лань-Нясвіж” – удзельнікі жніва-2009.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.