Літаратурная старонка “Музы Нясвіжа”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Асенняя мелодыя палаца

Нясвіжскі замак

Гады, стагоддзі праплываюць

Над гмахамі мясцін сівых…

Нясвіжскі замак зноў здзіўляе

Сваёю  прыгажосцю ўсіх.

І быццам бы машына часу

Імчыць у глыбіню вякоў,

Дзе чуеш шабляў звонкі лязгат

І грукат конскіх капытоў.

І, як раней, з варотаў замка

Зноў выязджае Радзівіл,

Той самы, ён – Пане Каханку,

Што навакольны свет дзівіў.

А па пакоях Бона Сфорца

Ступае з сілай злой у лад…

Імкліва, са шляхецкім форсам

Праходзіць Чорны Мікалай.

З такою мілай прыгажосцю

Стаіць Барбара Радзівіл.

На жаль, ніхто яе не зможа

Абараніць ад цёмных сіл.

Бялее ў парку постаць панны,

Марысяй клікаў яе свет…

Яе трагічнае каханне

Навек пакінула тут след.

Далёка музыка разносіць

Мазуркі бравурны матыў:

Балююць князь і яго госці,

Што аж з Варшавы запрасіў.

Адтуль, з далёкае Варшавы,

Да гэтых, родных ёй, мясцін

Прыехаць зрэдку вырашае

Пані Эльжбета Радзівіл,

Каб пакланіцца  яшчэ ніжай

Адвечным помнікам-мурам,

І дакрануцца  сцен Нясвіжа,

Адчуўшы рэха даўніх драм…

Шумлівым вірам паляцелі

Над замкам птушкі ў вышыні,

Як быццам зверху захацелі

Пабачыць прыгажосць яны.

Мікалай ТУЧА

Падарожжа да Чорнае панны Нясвіжа

Успамін пра трагічнае каханне

(урывак з паэмы)

Перасеклі санлівую Шчару.

Хутка будзе зямля Радзівілаў.

Раптам успамінаю Барбару –

Яе доля Літву ўсю здзівіла.

Ох, як цяжка было Сігізмунду…

Везлі цела праз велічны Кракаў:

Не стрымаўшы душэўнага бунту,

Не хаваючы горасці, плакаў.

Падгіналіся ногі бяссільна,

Але  ішоў за труною ён пешшу

Праз паселішчы ўсе… Вось і Вільня…

Як шкада: караля я не ўцешу,

Бо не жыў яшчэ ў тую часіну.

Але ўсё-ткі яму спачуваю

I, бывае, скупую слязіну,

Як Барбару ўяўлю, не хаваю.

А кароль пахмурнеў ад пакуты.

Душу любенькай клічучы з раю…

I нарэшце алхімік славуты

Яму прывід каханай стварае.

«Ненаглядная Басенька! Бася! –

Закрычаў ён. – Узнікла лябёдкай!..

Ты навекі  ва мне засталася

Незагойнаю ранай салодкай!» –

Ірвануўся кароль ёй настрэчу,

Але прывід рассыпаўся з хрустам.

Як жа так? Стрэчу не забяспечыў

Чараўнік заварожаным люстрам!

 

То лясок ля шашы, то пшаніца.

3 экскурсіяй трапіў у Сноў я…

Сігізмунд рады быў ажаніцца,

Ды нарушыў законы саслоўя.

А вось мой шлюб, як вечнае свята!

I не трэба мне лепшае долі.

Каралём не радзіўся мой тата,

Ім і я не хачу быць ніколі.

Алесь КОРНЕЎ

Восень

Поле ўжо пустынным стала,

Дзе шумелі каласы,

І блішчаць танюткай сталлю

Павуціння валасы.

Неба ўжо халодным стала,

Нам “Бывай!” сказала лета.

Голас птушак чуваць мала,

Лясы ў золата адзеты.

Прыйдуць к нам зіма і сцюжы,

Прыйдзе снег – нязваны госць.

А пакуль – апошніх ружаў

Дорыць восень прыгажосць.

Памяці стрыечнага брата

Івана Міхайлавіча Багдановіча

67 гадоў мінула,

Як прайшла вайна.

Перастала біцца сэрца

Ветэрана Багдана.

На вайне было няпроста,

Кулямётчыкам служыў.

За баявыя ён заслугі

Узнагароды заслужыў.

З фронту слаў, як мог, лісты

Роднай ён матулі.

І салдата Бог збярог

Ад варожай кулі.

І вось з”ехаліся ўнукі

На журботных днях,

Каб правесці дзеда

У апошні шлях.

Ветэран любіў унукаў

І чым мог – дапамагаў.

За залатыя яго рукі

Кожны дзеда паважаў.

Каб развітацца з ветэранам,

Прыйшлі сябры і сваякі,

Каб родным зменшыць крышку раны

Сяброўскім поціскам рукі.

Пад мірным небам ветэран наш

Прайшоў апошні свой маршрут.

Яго з музыкай хавалі,

Жалобны выдалі салют.

Уладзімір БОГДАН

 

Светлай памяці матулі

Лабаза Марыі Сямёнаўны

Прачнуся і маму гукаю,

На ганак бягу і шукаю.

Пытаю і грушку, і вішню:

Мо хіба куды-небудзь выйшла?

Матуля, матулька, дружочак…

Дзе мне знайсці той куточак,

Каб зноў да цябе прытуліцца,

На гора хвіліну забыцца…

Мне ў смутку ківаюць бярозы,

Мае не канчаюцца слёзы.

Дый горш, што душа быццам рвецца,

Здаецца, спыняецца сэрца.

“Прабач! – я крычу ў голас, – мама!”

І быццам сусвет весь таксама

Жалобныя песні спявае…

А я ім не веру, бо мне ты – жывая…

Лідзія НАВУМАВА

 

 

Прагна хапаю

кавалкі пачатку:

можа, будзе,

што глынуць у канцы?

 

Ноччу

Ноччу чагосьці не спіцца,

мабільны ў руках тэлефон:

да каго б цяпер дазваніцца? –

Расказаць, чаго знік гэты сон.

 

Хто у глушы і у цемры,

сёння будзе слухаць мяне?

Нейкі груз вісіць непамерны

у доўгіх гудках, як у сне.

 

Бяссонніцу ем, нібы лыжкай –

не даклікацца мне да сяброў,

хоць тэлефонная кніжка

трымае ля ста нумароў.

 

Акуляры

Якое малое дзяўчо!

Усім пасміхаецца…

Яно верыць:

людзі – толькі добрыя;

зла не існуе;

вакол – родныя, сябры…

сонца, –

якія прыгожыя ружовыя акуляры!

 

Як шкада!…

Аднойчы яны трэснуць,

пакрыюцца расколінамі,

рассыплюцца на драбніцы,

адкрываючы рэальнасць…

Назаўсёды…

Андрэй Козел

Ночь непроглядная, город-пустырь,

Явь в полусонном бреду…

Плотью и кровью построй монастырь.

Только в него я уйду.

 

Может, еще не совсем я остыл?

Может, чего-то я жду?

В сердце своем возведи монастырь.

Только в него я уйду.

 

Постриг приму и разрушу мосты,

В радости иль на беду,

Мыслями строй для меня монастырь.

Только в него я уйду.

 

В келье глазницы окошек пусты,

Загнан в скупую нужду…

В доме с камином открой монастырь.

Только в него я уйду.

 

Жизни и смерти законы просты,

Но не в раю, не в аду,

В вере своей возведи монастырь.

Только в него я уйду!!!

Сергей ПРОКОФЬЕВ

«Песня, прапетая сэрцам бацькоў»

Зборнік вершаў Уладзіміра Жылко «Пасля нас зацвіце тое зноў…» убачыў свет у мінулым годзе ў Нясвіжскай узбуйненай друкарні імя С. Буднага. Вершы У. Жылко пачаў пісаць у старэйшых класах школы. Працаваў юрыстам. I быў моцна здзіўлены першымі публікацыямі ў газетах «Мінская праўда» і «Чырвоны сцяг»: выпадкова яго вершы трапілі да вядомых паэтаў, і тыя аддалі іх у друк. Але толькі ў 2009 годзе паэт рызыкнуў сам выйсці да чытачоў. Яго трапныя гумарыстычныя і пранікнёна-лірычныя творы падабаліся землякам, былі цёпла прыняты ў абласным народным клубе «Жывіца». I вось – кніжка з філасофскай назвай «Пасля нас зацвіце тое зноў…»

Параім чытачу для добрага настрою пачаць знаёмства з ёю з раздзела «Гумар», у якім аўтар выкрывае хібы нашага жыцця. Тых, хто вельмі ўпадабаў гарэлку, папярэджвае, што

«Жыццё ўсё марна пройдзе:

Кінуць жонка і сябры,

Малады ці ты стары.

I не дзіва. Мусяць кінуць –

Не сям”і ж з ім разам гінуць!»

I застанецца

«Толькі пах мо перагару,

Ўспамянуць мо як пачвару…

Так і згіне недарэка –

Чаркай змыла чалавека!»

У распаволеным вершы аўтар разважае, якімі словамі назваць тое, што кожны вечар бачыць прыхільнік баўлення часу перад тэлеэкранам («Эратычны баявік»).

Зразумеюць чытачы і клопаты героя верша «Непрацоўныя даходы», які ў дзевяностыя гады не ведаў, чым карміць свіней:

« Хоць давай ты свінням грошы,

Хай што хочуць, то ядуць!

Тады будзеш ты харошы,

Яны ж у краму хай бягуць,

Там што хочуць,то купляюць,

Хоць цукеркі, хоць віно…

-Ды нічога не прыдбаюць

Бедалагі ўсё адно».

У 2010 г. У. Жылко стаў лаўрэатам раённага конкурсу «Старонкі той далёкай вайны». У кнігу ўвайшлі пейзажныя замалёўкі, «Месяцаслоў», патрыятычныя творы (раздзел «Вайна»), роздумы аўтара і яго пераклады вершаў Станіславы Вятр-Партыкі.

Вольга ПАЛОМЦАВА

Рыфмы

Сядзеў з усімі на тым сходзе,

Ды толькі, мусіць, на зыходзе

Памеркаваў: калі ідзе

У рыфму склад, калі і дзе

Я столькі думак атрымаю

Пакуль пяро ў руках трымаю?!

Як да мяне прыйшла ідэя,

То не залежыць, з кім і дзе я.

Няхай даецца тое цяжка,

Але было каб гэта важка.

У канец што ставіць, што на перад?

– Ды прыся ты заўжды наперад!

Няхай кладзецца вершаў лямка,

Хоць дзе і будзе ў рыфме плямка.

Ці будзеш ты чакаць тых сноў,

Калі ідэя прыйдзе зноў,

Калі зноў з”явіцца патрэба?

– Не трэба, браце мой, не трэба!

I хай радкі ўсе тыя, мо дзе,

Адпавядаюць толькі модзе,

Ды чую я тут свой чарод

Павесяліць увесь народ,

Хоць, можа, гэта ўжо не трэба,

Ды мніцца мне, што ёсць патрэба!

Калі ўсё гэта напісаў,

То нават сам зарагатаў.

Уладзімір ЖЫЛКО


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.