«Нясвіжскія ўспаміны»

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Так называецца трохтомнік польскіх аўтараў, прэзентацыя  якога адбылася  ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Сюды сабраліся некаторыя несвіжане і госці горада – 50 польскіх беларусаў,  якія нарадзіліся і жылі ў Нясвіжы. Іх цёпла віталі прадстаўнікі раённага аддзялення Саюза палякаў Беларусі, работнікі райбібліятэкі. Кожнае лета да нас прыязджаюць удзельнікі грамадскага аб”яднання “Таварыства несвіжан” у Польшчы, людзі розных узростаў, каб зноў пабачыць край дзядоў і бацькоў, пабываць на могілках родных. З амерыканскага горада Чыкага прыехаў 88-гадовы Вацлаў Вяржбіцкі (родам з Клецка), Тадэуш Грыгель – са Шчэціна, былі госці з Познані, Варшавы і іншых месц.

Польскія беларусы трапятліва адносяцца да радзімы сваіх продкаў, аб чым сведчыць і тое, што яны  бяруць з сабою ў Польшчу нясвіжскую зямлю. Успаміны пра яе ў трохтомніку таксама атрымаліся шчымлівыя, лірычныя, поўныя любові і замілавання. На прэзентацыі кніг прысутнічала і група аўтараў, у ліку якіх Станіслава Вятр-Партыка, Ежы Будкевіч, Тадэвуш Грыгель і  іншыя. Пані Данута Навакоўская  чытала некаторыя вершы з трэцяга тома, а потым удзельнікі раённага літаратурна-музычнага аб”яднання “Валошкі” – іх пераклад, які зрабіла Алена Шкраба  на беларускую мову. Асабліва кранулі прысутных словы-рэфрэн “Калі нас не стане, не пакінь, мой Божа, Нясвіж” аўтара С.Вятр-Партыкі.

Сябра “Валошак” Уладзімір Жылко шчыра вітаў польскіх беларусаў і прачытаў свае вершы пра Нясвіж.

Старшыня грамадскага аб”яднання “Таварыства несвіжан” Ежы Будкевіч шчыра падзякаваў за цёплы прыём і ўвагу да выданняў. Загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Алена Шкраба пад-крэсліла вялікую каштоўнасць кніг з іх патрыятычным пафасам і светлым лірызмам, паведаміла, што ў Нясвіжы створана творчая група  па выпуску краязнаўчага альманаха “Нясвіжскі край: час, падзеі, людзі”, які мяркуецца выдаць у будучым годзе. Тэма зборніка –  установы адукацыі ў Нясвіжы ў XVI-XIX стагоддзях. Пераклад на польскую мову будзе ажыццёўлены пад кіраўніцтвам настаўніцы  польскай мовы ў Доме “Рэдута” Алены Ярашэвіч. Яна, дарэчы, наладзіла ўласную  фотавыставу ў райбібліятэцы. Вельмі прыгожыя, яркія здымкі куточкаў Нясвіжа і яго ваколіц.

Аб тым, як вывучаецца і захоўваецца спадчына ў нас, расказалі складальнікі альманаха.  Так, выкладчыца гісторыі дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа  Люд-міла Ганчарык узначальвае гурток “Спадчына”, які даследуе гістарычныя факты Нясвіжа, рыхтуе навукова-даследчыя работы і экскурсаводаў на руска-беларуска-англійскай мовах, збірае ўспаміны былых вучняў і выкладчыкаў аб цікавых і значных падзеях. Дарэчы, ужо гатовы сем навуковых прац, некаторыя прымалі ўдзел у Міжнародным конкурсе студэнцкіх работ, і адна з іх, “Расстраляныя зоркі” (трэцякурсніцы Ірыны Юлдашавай пра  гета ў Нясвіжы) атрымала дыплом III ступені.

Алена Рацкевіч, выкладчыца каледжа, таксама кіруе працэсам стварэння навуковых прац. А яе 10-гадовая дачка напісала работу пра школьную форму і заняла першае месца ў раённым конкурсе.

Аб духоўнай каштоўнасці кніг “Нясвіжскія ўспаміны” станоўча адазвалася настаўніца гісторыі Нясвіжскай СШ №1 Вольга Жалнаркевіч. Яна падзякавала энтузіястам-аўтарам і пажадала далейшага плёну ў высакароднай справе.

Сустрэча з польскімі беларусамі атрымалася вельмі цёплай, узаемакарыснай і сардэчнай. Не абышлося без сюрпрызаў. Ураджэнка Уладзівастока, цяпер несвіжанка Лідзія Дыкіна падарыла гасцям кнігу В.Беруты пра Варшаву, 1951 года выпуску. Цікавая гісторыя падарунка: у 1954 годзе ў Севастопаль (дзе служыў бацька Лідзіі Юр”еўны, капітан першага рангу) прыбыў польскі карабель, капітан якога прыпаднёс гэту кнігу з дароўным надпісам. Цяпер яна, як выказалася Л.Дыкіна, “паедзе туды, адкуль прыйшла”.

Добрым падарункам для гасцей стала і выступленне знакамітага дуэта творчых людзей, несвіжан Тамары і Уладзіміра Прыгун. Іх песні выклікалі дружныя апладысменты і словы ўдзячнасці.

Завяршылася сустрэча  прадстаўнікоў суседак-краін вячоркамі за “салодкім” сталом, беларуска-польска-рускімі песнямі, якія  дружна спявалі ўсе.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.