ПАПУЛЯРНЫЯ ЧАРНІЦЫ І … ПЕРСІКІ

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Дзе найбольш мнагалюдна ў нядзелю? Вядома, на рынку, месцы пакупак, сустрэч, адпачынку, забавы і г.д. Купіць і прадаць  заўсёды ёсць што. Варта  толькі выйсці на вуліцу  Гастэла, як у напрамку рынкавых варот вас сустрэнуць людзі з вёдрамі ягад і чарэшань, малака і капусты. І ўся неправераная прадукцыя  стаіць на зямлі, хаця па санітарных нормах гэта забаронена. Чаму ж так атрымліваецца?

– Усё таму, што пэўная катэгорыя нашых людзей упарта не жадае выконваць устаноўленыя правілы, – гаворыць дырэктар цэнтральнага рынку па вуліцы Гастэла ў Нясвіжы В.У. Семянчук. – Хаця мы з участковым міліцыянерам перыядычна праводзім кантралюючыя акцыі па-за межамі рынку, адпраўляем прадаўцоў на законныя месцы. Дарэчы, плата за іх невысокая – ад 1 да 3,5 тысячы рублёў, у залежнасці ад аб”ёму прадаваемай  прадукцыі. Але, як ні дзіўна, некаторыя пастаяць на рынку пэўны час, потым зноў выходзяць за вароты. Між тым, для такіх парушальнікаў прадугледжаны штраф да 10-і базавых велічынь, г.зн. 350 тысяч рублёў. Праўда, пакуль што нікога не аштрафавалі. Магчыма, дарэмна праяўляем такую мяккасць. У Клецку, напрыклад, за несанкцыянаваны продаж на вуліцы адразу штрафуюць. Давядзецца і нам так паступаць, бо гуманнасць не дзейнічае.

Сапраўды, чамусьці пэўныя асобы аддаюць перавагу гандлю сваім таварам за  варотамі рынку, хаця гэта не дае  гарантыі яго рэалізацыі.

Абсалютная большасць  пакупнікоў набывае неабходную прадукцыю ў законных месцах. Перш за ўсё таму, што яна трапляе сюды праз кантрольную лабараторыю, дзе праходзяць  праверку ўсе харчовыя прадукты: мяса, гародніна, фрукты, хлебабулачныя і кандытарскія  вырабы. Дарэчы, правераныя ягады  адпавядаюць норме па радыеактыўных і іншых паказчыках.

Самае цікавае і актуальнае  на рынку – гэта цэны і попыт  на тую ці іншую прадукцыю. Цяпер народ  актыўна купляе чарніцы – ад 4 да 5 тысяч рублёў  літровы слоік і 25 тысяч за  вядро (5 л). Беларускія чарэшні прадаюць па 3 тысячы за кілаграм, паўднёвыя – па 10 тысяч. Другое месца займаюць памідоры, цана якіх вагаецца ад 3200 да 5000 рублёў за кілаграм. Гэта – у прыватнікаў, а ў каапнарыхт-праме – па 3030 рублёў, капуста там жа – па 1340, гуркі – 1240  і цыбуля-рэпка сёлетняга ўраджаю  каштуе 2350 рублёў за кілаграм. Для параўнання:  прыватныя гандляры  рэалізуюць тую ж  капусту па 1500 рублёў, гуркі – па 1800-2000, памідоры – 3500.

Калі гаварыць далей пра цэны, то яны наступныя: кілаграм свежай, адборнай бульбы – 2000 рублёў, дробнай – 500, пяцілітровае вядро маліны – 14 тысяч, парэчкі чорнай – прыб-лізна так, чырвонай – 10 тысяч, клубніц – 18 тысяч; пучок кропу і пятрушкі – па 1000 рублёў,  за паўлітровы слоік мёду просяць 15 тысяч рублёў. Паўднёвыя фрукты можна набыць:  за 2500 рублёў 1 кг кавуна, па 4000-4500 – бананы і апельсіны, 8000 – 6500 рублёў – персікі. Апошнія, між іншым, прадаюць і па 5500 рублёў. Пытанне: для каго? Бо аксаміцістыя фрукты па  такой цане… напалову гнілыя. Цікава, ці знойдзецца жадаючы набыць небяспечныя для здароўя сапсаваныя персікі? Як вядома,  калі пашкоджана палова фрукта, то і другую ўжываць нельга. Цікава, як такую “прадукцыю” наогул можна пускаць у  рэалізацыю? Тое ж датычыць і падгнілых апельсінаў, якія некаторыя прадаўцы прапануюць пакупнікам  па 3000 рублёў 1 кг. Аналагічна і з памідорамі: прымятыя, з падгнілымі бачкамі прадаюць танней. Але як дорага  яны абыдуцца для здароўя пакупніка?..

Вось такія кантрасты рынкавай прадукцыі. Таму, паважаныя суграмадзяне, будзьце ўважлівыя і пільныя, паважайце сябе, ведайце свае  правы, патрабуйце сертыфікаты, або іншыя адпаведныя дакументы і г.д.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.