“ПЕРУНОВА ЦЯПЕЛЬЦА”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

3 таго часу, як Праметэй падараваў лю-дзям агонь, той паспеў прынесці на зямлю не толькі мноства выгод, але і шмат шкоды. Адна з самых страшных – пажары. I людзі, што напачатку сваёй гісторыі ўспрымалі пажары як кару, пасланую небам за грахі, і адмаўля-ліся тушыць іх, з цягам часу пачалі ўсе ж шукаць сродкі барацьбы з вогненнай стыхіяй і ўдасканальваць іх.

У поўнай адпаведнасці з нормамі магдэбургскага права захоўвалася ў Нясвіжы супрацьпажарная бяспека. У горадзе добра ведалі, што такое спусташальныя пажары. Падчас вайны з Масковіяй у сярэдзіне XVII стагоддзя (1654-1655гг.) князь Трубяцкой, злучыўшыся з 5-тысячным войскам гетмана Васіля Залатарэнкі, накіраваўся ў Нясвіж і выпаліў тут усё, акрамя замка, у якім абараняўся 20-гадовы Міхал Казімір Рыбанька. Праз некалькі гадоў – у 1659-м – значныя войскі казакаў зноў падыйшлі да Нясвіжа, і горад зноў быў зруйнаваны ворагам і ператвораны ў попел. У тым жа стагоддзі пацярпеў ад агню і касцёл, у выніку чаго першапачатковы інтэр”ер храма не захаваўся. Касцёл пасля пажару рэстаўраваў О.Крыгер. Магістрат Нясвіжа ў XVII стагоддзі прыняў і здзейсніў шэраг пастаноў, накіраваных на ўзмацненне супрацьпажарнай бяспекі, асабліва ва ўмовах ваеннага часу. У магістраце былі выбарныя пасады двух ці трох «стражнікаў ад агню», якія мелі пад сваім наглядам пэўныя ўчасткі горада – уласна «места», замка, Новае месца. Ім былі падпарадкаваны спецыяльныя памочнікі – «коміннікі» (трубачысты), якія сачылі за станам комінаў у дамах гараджан, брамах, кузнях і саладоўнях. Калі ўладальнікі печаў не слухаліся «комінніка», ён паведамляў аб гэтым «стражніку агню». Апошні прымаў адпаведныя меры супраць парушальніка.

Можна сказаць, што ў даўнія часы пажарная служба ў Нясвіжы была агульнай павіннасцю гараджан. Кожны гаспадар абавязаны быў трымаць у двары вялікую бочку з вадой. Кожны дзесятак абавязваўся мець драбіну, зробленую такім чынам, што на кожнай перакладзіне мог стаяць чалавек. Драбіны захоўваліся ля вуглавых дамоў і вешаліся на сцяну так, каб іх можна было хутка зняць. Кожныя два дзесяткі мелі бусак, які захоўваў дзесятнік. У выпадку пажару было забаронена з”яўляцца на яго з пустымі рукамі. Прыбягалі з бусаком, сякерай альбо з вядром. Пажар тушыць абавязаны былі ўсе. Тых, хто ўхіляўся ад барацьбы з агнём, маглі пагнаць на пажар сілаю альбо бізуном. Выключэннем былі пажары ў час аблогі, калі мужчыны, што знаходзіліся на абарончым вале, не мелі права пакідаць свае месцы. Гэта не датычылася толькі сотні, на тэрыторыі якой узнікаў пажар. У час аблогі тушыць яго абавязаны былі жанчыны. Значную дапамогу аказвалі пры тушэнні пажараў манахі са шматлікіх нясвіжскіх кляштароў, якія на працягу стагоддзяў зарэкамендавалі сябе самаадданымі пажарнікамі. Тым больш, што манахі аднымі з першых прынялі на ўзбраенне пажарныя помпы, што прыйшлі з Еўропы ў XVII стагоддзі, калі там наступіў так званы рэнесанс пажарнай справы.

Калі пажар пачынаўся з-за недагляду ўладальнікаў дамоў, яны караліся штрафам у 10 коп грошаў альбо 6-месячным зняволеннем у астрозе. Наўмысных падпальшчыкаў, згодна артыкулам магдэбургскага права, каралі жудаснай смерцю  – палілі жыўцом.

Мяшчан заклікалі да асцярожнасці ў абыходжанні з агнём. Уладальнікам крам забаранялася насіць яго па вуліцы пад пагрозай кары, гандлярам порахам – мець у краме больш за тры фунты тавару. Як і ў іншых гарадах Беларусі, у Нясвіжы зачынялася гарадская лазня, тушыўся агонь у печках, кузнях, саладоўнях, у іншых месцах па сігнале спецыяльнага звону. На захадзе сонца брамнік адной з гарадскіх брам званіў праз кожную чвэрць гадзіны, і жыхары тушылі агонь у 10 гадзін вечара. Аднак тым, хто займаўся рамяством, дазвалялася карыстацца святлом каганцоў і свечак. У корчмах гаспадары абавязаны былі тушыць святло і выпраўляць наведвальнікаў. Калі ў якога-небудзь карчмара пасля сігналу яны заставаліся, то ўладальнік плаціў штраф па адным злотым з чалавека, а п”яніц адпраўлялі начаваць у астрог і назаўтра цэлы дзень прымушалі працаваць на гарадскім вале альбо на грэблі.

Не заўсёды барацьба з агнём прыносіла перамогу. Часта пажары прымалі пагражальныя памеры. Сапраўднай навалай для Нясвіжа было XIX стагоддзе. 30 верасня 1843 года страшэнны пажар ледзь не знішчыў увесь горад. Згарэла 150 дамоў, значна пашкоджаны быў дамініканскі кляштар. Актыўны ўдзел у тушэнні  пажару прымаў Уладзіслаў Сыракомля, які ўзгадвае пра гэта ў сваіх «Вандроўках па маіх былых ваколіцах».

У выніку пажару 1836 года была страчана верхняя частка вежы гарадской ратушы (амаль чатыры паверхі).

У 1880 годзе зноў гарэла ратуша. Быў страчаны архіў, што захоўваўся ў гарадскім магістраце. У тым жа годзе, па сведчанні Баляслава Таўрагінскага, згарэла і бібліятэка манастыра бенедыкцінак.

XX стагоддзе горад сустракаў ужо са сваёй, добра абсталяванай спецыяльным начыннем, пажарнай, што месцілася на цяперашняй Ленінскай вуліцы. Яшчэ адно пажарнае аддзяленне было на Новым месцы. Яго добра памятаюць і ўзгадваюць у кнізе «Нясвіжскія ўспаміны» былыя жыхары горада.

Напрыканцы Вялікай Айчыннай вайны ад пажару зноў пацярпеў касцёл: у яго трапіў снарад, у выніку чаго ўпала і разбілася люстра, загарэліся драўляныя канструкцыі даху, быў пашкоджаны бюст Сіроткі. Пажар мог бы знішчыць увесь будынак, калі б не мужнасць ксяндза Каласоўскага і прыхаджан. Як сведчыць у сваёй кнізе «Нясвіж і Радзівілы» К.Я. Шышыгіна-Патоцкая, «пад абстрэлам, калі вакол рваліся бомбы і снарады, Каласоўскі кінуўся склікаць людзей,  асабіста ўдзельнічаў у выратаванні храма, хаця многія ў роспачы, з плачам угаворвалі яго хавацца, перачакаць абстрэл».

Больш значных пажараў у XX стагоддзі наш горад не ведаў, і, дасць Бог, не зведае.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.