“Яўген Ждан – несвіжанам”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

На выставе «Яўген Ждан — несвіжанам», разгорнутай у Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеі і прысвечанай 75-годдзю з дня нараджэння і 50-годдзю творчай дзейнасці аўтара, прадстаўлены працы выдатнага мастака Яўгена Іванавіча Ждана. Ён валодае шчаслівым дарам — перадаваць іншым захапленне светам, зямлёй, прыродай. Здольнасць стварыць у карціне мастацкі вобраз, адлюстраваць самае галоўнае, глыбокае і таемнае, тыповае і арыгінальнае — характэрныя рысы, галоўная вартасць эцюдаў і карцін гэтага мастака.

Яўген Іванавіч нарадзіўся 15 снежня 1937 года ў невялікай вёсцы Тарэйкі, што недалёка ад Снова. З самага маленства любіў маляваць і марыў быць толькі мастаком. І яго мара спраўдзілася. Адным са сваіх настаўнікаў Яўген Іванавіч называе нясвіжскага мастака Міхаіла Сеўрука. З 1964 года Я. Ждан — удзельнік мастацкіх міжнародных, усесаюзных і рэспубліканскіх выставаў. У 1967 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут і быў накіраваны на працу ў Дзяржаўны тэатр оперы і балета Беларусі, з 1987 года ён — галоўны мастак у Рэспубліканскай дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва, з 1994 года — галоўны мастак Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1982), лаўрэат прэміі Беларусі «За духоўнае адраджэнне» (1998), узнагароджаны медалямі Францыска Скарыны і Саюза мастакоў Беларусі «За асаблівыя заслугі ў галіне мастацтва». Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Маскоўскім музеі Бахрушына, Беларускім тэатральным музеі, у Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеі, а таксама ў прыватных калекцыях.

Наш зямляк з»яўляецца вядучым мастаком у тэатральным жывапісе, станкавым жывапісе, графіцы, пейзажы, нацюрморце, плакаце. Вялікае прафесійнае майстэрства, глыбокае мастацкае асэнсаванне вобразаў і тэатральных пастановак, жывапісных карцін і графічных лістоў паставілі імя Я. Ждана ў шэраг вядомых дзеячаў нацыянальнай і сусветнай культуры.

Работы Я.І. Ждана з серыі пейзажаў «Поры года» напісаны па памяці і з натуры вельмі лёгка, выразна, шчыра, дэкаратыўна. Здзіўляе прастата і яснасць матываў.

Канец верасня, пачатак кастрычніка — казачны час для прыроды Беларусі —  гэта «Бабіна Лета», час, калі чароўныя фарбы восені набываюць асаблівае гучанне. Тут прырода ўспрымаецца як родная глеба, разрыў з якой пагражае людзям духоўным адчужэннем, і мастак любуецца чысцінёй, прыгажосцю, гармоніяй, адзінствам прыроды і побыту.

Выстава паказвае Яўгена Ждана мастаком шырокага дыяпазону. Шмат вольнага часу праводзіць ён на радзіме, у вёсцы Тарэйкі. Родныя мясціны даюць яму многа новых творчых адкрыццяў, тут ён чэрпае матэрыялы для сваіх твораў. Напісаныя ім пейзажы («Апошні снег», «Тарэйкаўская крынічка») прасякнуты любоўю да родных мясцін.

Тэма Божай Маці з дзіцем шырока выкарыстоўваецца ў сусветным выяўленчым мастацтве і літаратуры. Звяртаецца да яе ў сваёй творчасці і Яўген Іванавіч Ждан.

Мастак умела выкарыстоўвае не толькі колер, але і святло, акцэнтуючы з яго дапамогай найбольш характэрныя рысы чалавека, чый партрэт піша.

Жанчына — сястра, жонка, сяброўка, і самае высокае яе прызначэнне — быць маці. Жанчына дае жыццё, ахоўвае яго. Ад кахання да жанчыны нарадзілася ўсё цудоўнае на зямлі.

Без сонца не квітнеюць кветкі, без кахання няма шчасця, без жанчын няма кахання, без Маці няма ні мастака, ні героя! Народжаны ў палатне вобраз маці, сумны і светлы, просты і ўзнёслы, кранае самыя патайныя пачуцці. Мастак любіць сваіх гераінь, надае ім узвышанасць, пранікае ў іх навакольны свет і сам чэрпае ў ім натхненне.

Талент Яўгена Ждана як партрэтыста відавочны. Яго партрэты адрозніваюцца рэалістычнай выразнасцю, мноствам вобразаў, разнастайнасцю колераў. Яны насычаны багатым духоўным святлом, неабмежаванай фантазіяй у кампазіцыйных рашэннях, дынамікай ліній, колеравай гамай. У аснове яго манеры і стыля знаходзяцца імпрэсіяністычны пачатак, мадэрністычныя тэндэнцыі і нават смелыя рашэнні з дапамогай авангардных уяўленняў, што дае магчымасць раскрыць глыбіню і змест ладу, душэўны і эмацыянальны стан партрэтуемых.

Такая наватарская манера ўласцівая ўсім яго творам. Менавіта гэтымі арыгінальнымі прыёмамі ён вылучаецца сярод іншых мастакоў.

У графічных работах тонкая віртуознасць злучаецца з філасофскай аналітычнасцю. На тэму грэчаскай міфалогіі напісана праца «Сон Еўропы».

Еўропа, згодна з міфам, — дачка фінікійскага цара Агенора, выкрадзеная Зеўсам, які ператварыўся ў быка. На спіне гэтага быка Еўропа пераплыла мора і патрапіла на Крыт, дзе нарадзіла ад Зеўса легендарнага цара Мінаса.

У новай для сябе манеры, спалучаючы рысы авангарда, сюррэалізму і рэалізму, піша Я. Ждан партрэт сваёй сучасніцы актрысы Ірыны Шыцікавай.

Вялікае месца ў творчасці мастака займаў і займае духоўны жывапіс. Ім напісана больш за 20 ікон беларускіх святых. На аснове яго твораў выдадзены манаграфія, альбомы, календары (якія створаны на аснове цыкла абразоў «Беларускія святыя»). За гэты цыкл і іншыя значныя творы мастак стаў першым лаўрэатам нацыянальнай прэміі «За духоўнае адраджэнне».

Творы мастака знаходзяцца не толькі ў музеях Рэспублікі Беларусь, але і ў Нясвіжскай і Сноўскай цэрквах, прыватных калекцыях грамадзян розных краін свету (Беларусі, Балгарыі, Венгрыі, Германіі, Ізраіля, Канады, Польшчы, Славакіі, Расіі, ЗША, Францыі, Швецыі, Чэхіі, Японіі).

Выстава Яўгена Ждана працягнецца ў Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеі да 21 верасня.

Ірына КАЛІБАБА, навуковы супрацоўнік Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.