Юшавіцкі сейбіт дабра і прыгажосці

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У кожный беларускай вёсцы жылі ці жывуць людзі, якімі ганарацца не толькі аднавяскоўцы, а і грамадскасць цэлага рэгіёну – раёна, вобласці, рэспублікі.

На Нясвіжчыне, у Юшавічах, вяскоўцы шануюць памяць і паважаюць творчасць свайго земляка – паэта Івана Яфімавіча Гурбана, члена Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь. Сёлета яму споўнілася б 90 гадоў. На жаль, паэт не дажыў да гэтага дня.

Святкаванне юбілейнай даты ладзілася яго дзецьмі, работнікамі мясцовых Дома культуры і бібліятэкі, цэнтральнай раённай бібліятэкі, калегамі па Саюзе пісьменнікаў, Юшавіцкім сельскім Саветам, дырэкцыяй ААТ “Юшавічы”, дзецьмі і настаўнікамі мясцовай школы.

У Юшавічы са сталіцы прыехалі  паэт Мікола Маляўка, пісьменнік Мікола Чарняўскі, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Радзівілаў.

Падчас мітынгу ля магілы Івана Яфімавіча Мікола Маляўка гаварыў пра адметнасць яго творчасці і прачытаў свой верш “Іванава душа”, прысвечаны І. Гурбану. Намеснік дырэктара ААТ “Юшавічы” па ідэалагічнай рабоце Ганна Жывень, падкрэсліўшы адданасць Івана Яфіма-віча роднай зямлі, пажадала прадстаўнікам маладога пакалення гэтак жа любіць сваю Радзіму.

На магілу паэта былі ўскладзены кветкі.

А ўшанаванне працягвалася ў Юшавіцкім СДК. Вядучымі мерапрыемства пад назвай “Рака памяці” былі настаўніца беларускай мовы Святлана Антончык і вучаніца Таццяна Янчык. Тут таксама аформілі выставу “Юшавіцкі сейбіт дабра і прыгажосці” з твораў І. Гурбана і выставу “Аўтограф. У падарунак Івану Гурбану”, на якой размясціліся кнігі, што былі падораны Івану Яфімавічу ў розныя гады беларускімі паэтамі Міколам Маляўкам, Паўлюком Пранузам, Казімірам Камейшам, Авяр”янам Дзеружынскім, Канстанцінам Жукам.

Сын Івана Яфімавіча Анатоль расказаў пра бацьку, пра яго аптымізм і працавітасць, прачытаў верш з новай кнігі юбіляра “Паэт”, падарыў кнігі школе, сельскай бібліятэцы і гасцям.

Цёплыя, шчырыя словы пра юбіляра гаварылі Мікола Чарняўскі і сусед І. Гурбана Іосіф Падамацька. Іосіф Іосіфавіч расказаў, што Іван Яфімавіч вельмі любіў прыроду. Меўшы паляўнічую стрэльбу, паэт ніколі не страляў – ён быў добрым чалавекам.

У гэты вечар гучала шмат вершаў і беларускіх песень. Выканаўцы прысвяцілі іх юбіляру, і, здавалася, ён нябачна прысутнічаў тут, задуменна азіраючы наваколле, заўважаючы нешта такое, што натхняе на паэтычнае слова.

На памяць аб гэтай сустрэчы Мікола Чарняўскі падарыў сельскай бібліятэцы сваю кнігу “Сонечны кошык”, а Мікола Маляўка – кнігу “Крыштальная галінка снегападу”.

Ушанаванне паэта Івана Гурбана ў дзень яго 90-годдзя вылілася ў сапраўднае свята беларускасці, калі душу і сэрца паланіла прыгожае паэтычнае беларускае слова, якому самааддана служыў наш зямляк.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.