Жыццё, адданае Богу

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Ішоў 1872 год. У сям”і свяшчэннаіерэя Ланскай Свята-Пакроўскай царквы Іаана Васільевіча Валасовіча і матушкі Аляксандры Стэфанаўны нарадзіўся сын. Аб тым, як назваць немаўля, роздуму не было. Зразумела, ён будзе Васілій – у гонар дзеда Васілія Іаанавіча Валасовіча – разумнага і справядлівага, усімі паважанага чалавека.

Раней у сёлах было меркаванне, што лёс чалавека перадаецца ў спадчыну праз пакаленне. I калі чалавек пражыў доўгае і шчаслівае жыццё, то яго ўнуку трэба было даць тое самае імя. Таму Іаан назваў сына Васіліем, а Васілій нарок сваё дзіця Іаанам. I так было на працягу некалькіх пакаленняў. Сярод сваіх брацікаў і сястрычак Васілій вылучаўся сур”ёзнасцю і паслухмянасцю. Кожную нядзельку разам са сваёй сям”ёй служылі Богу і людзям. I калі ён падрос, вядома, дапамагаў бацюшку, а пазней сам стаў панамаром. Далей у яго жыцці было навучанне ў царкоўнапрыходскай школе, якое дало права мець ступень псаломшчыка і «чытаць часы». Наступным крокам па іерархічнай лесвіцы царкоўнага служэння была Варшаўская праваслаўная акадэмія. Пасля яе заканчэння Васілій Валасовіч быў рукапакладзены для асвячонага служэння Царкве Хрыстовай і, атрымаўшы вучоную ступень кандыдата Багаслоўя, быў рэкамендаваны на выкладанне «Закона Божага».

Нягледзячы на знешнюю строгасць і недаступнасць, айцец Васілій быў чалавекам вельмі добрым і вясёлым. Магчыма, спалучэнне гэтых якасцей характару і прывабіла да яго прыгожую дзяўчыну Марыю Рыгораўну, якая стала яму добрай жонкай, а людзям – матушкай. Разам яны і выгадавалі чацвярых дзяцей: Юлію, Вольгу, Грыгорыя і, зразумела, Іаана.

Бацюшка Васілій старанна служыў у царкве. У яго падначаленні былі стараста, які сачыў за парадкам, і псаломшчык Павел Галабурда, у абавязках якога быў продаж свечак, калі трэба, ён званіў у званы. Таксама ў царкве працаваў дыякан Барыс Барысавіч Дзмітрыеў, які “чытаў часы”, пісаў дакументы, вёў кнігі.

Немагчыма не прыгадаць, што Барыс Барысавіч быў граматным і музычна адукаваным чалавекам. Разам са сваёй жонкай і двума дзеткамі жыў у вельмі старэнькай хатцы каля царквы. Там ён збіраў для навучання ў дзіцячы царкоўны хор дзетак 12-15 год. Абавязковымі былі малітвы «Отче наш», «Верую», «Чистый четверг», «Символ веры», «Херувимская песня» і многія іншыя. Заняткі пачынаў пасля абеду. Б. Дзмітрыеў браў у рукі камертон, даваў тон і паказваў, як трэба правільна спяваць. Гэты хор наведвалі адны дзяўчаткі.

Існаваў пры царкве таксама і дарослы царкоўны хор. Перад святамі мужчыны і жанчыны збіраліся ў бацюшкі на кухні. Там, пад кіраўніцтвам усё таго ж Барыса Барысавіча па нотах вучылі малітвы і песні.

У царкве панавалі строгі парадак і дысцыпліна. Пеўчыя стаялі з правага боку ад Царскіх варот. Адразу дзяўчынкі, за імі – хлопчыкі.

У часы нядзельнага Богаслужэння заўсёды з аднаго боку станавіліся мужчыны, а з другога – жанчыны. Такі парадак быў пастаянным.

Звонку царква была не фарбаваная. А вось аклады на абразах былі карычневымі. Царскія вароты, як вялося, – пазалочаныя, на абразах віселі ручнікі. (Гэта традыцыя захавалася да сённяшняга дня). Харугвіаў было сем  – вялікія, залачоныя, мелі багаты выгляд.

Прыхаджане ўспамінаюць, што каля царквы было вельмі прыгожа. Акуратна выкладзены брук, лавачкі, буйна цвілі і вельмі хораша пахлі ружы. За каменнай  агароджай  раслі   высокія  танклявыя  хвойкі,  за  імі размяшчаліся могілкі.

Перад царквой узвышалася пастаўленая у  1900-х гадах з бутавага каменю двухярусная брама-званіца з арачным праходам. На яе «другім паверсе» – званіца з трыма званамі. На адным з іх быў адлі-ты надпіс «П. Галабурда». Павел быў псаломшчыкам і, магчыма, ахвяраваў грошы на яго пакупку. Званы былі цудоўнага гучання. На жаль, час «агрэсіўнага атэізму» многа чаго знішчыў. Такая доля выпала і на званы Лан- скай царквы.

Над узвядзеннем гэтай, здаецца, невялікай брамы, вельмі доўга працавалі, як кажуць, усім светам. I не дзіва! Званіца выкладзена з вялікіх камянёў, якія падняць на нейкую вышыню проста немагчыма. Дык вось, прыхаджане на вазах вазілі пясок, стваралі высокія насыпы вакол падмуроўкі, і ўжо па тым пяску кацілі валуны для ўзвядзення сцен званіцы. Чым вышэй расла пабудова, тым больш пяску трэба было навазіць. Прыблізна так была пабудавана каменная агароджа вакол усіх могілак.

Падчас служэння бацюшкі Валасовіча таксама намаганнямі «ўсяго свету» клалі брук. Гэта была тытанічная праца. У народзе яе называлі: «адрабляць шараварку». 3 кожнай хаты на гэтую справу трэба было адхадзіць 10-20 дзён. Вёўся ўлік, але грошы не плацілі, таму што людзі «былі павінны адрабіць і ўсё тут!»

Айцец  Васілій  быў  не  толькі  добрым  святаром,   але  і  дбайным гаспадаром. Яго сям,я  жыла ў вялікім доме, які знаходзіўся побач з царквой. Ва ўладанні было каля 16-і гектараў зямлі, 8 кароў, авечкі, пчолы, птушкі і свінні.

Матушка Марыя сачыла за домам, дзецьмі, гаспадаркай. Доўгімі зімовымі вечарамі прыгожа вышывала, умела добра  гафтаваць. Вучыла гэтаму сваіх дзяцей.

У нашай вёсцы яшчэ з 1800-х гадоў і па 1917-ы пры царкве працавала штатнае народнае вучылішча. Адразу навучанне вялося толькі для хлопчыкаў, але намаганнямі айца Васілія да адукацыі сталі дапускаць і дзяўчынак. Так, у кнізе “Slownik geograficZnY Krolestwa polskiego i innych krajow slowianskich” пішацца, што «у народным вучылішчы в. Лань, што працавала пры царкве, у 1892-1893 навучальным годзе вучыліся 70 хлопчыкаў, у 1905-1906 навучальным годзе – 126 хлопчыкаў і 6 дзяўчынак”.

Бацюшка выкладаў у дзетак “Закон Божы” з першага класа па сёмы (для дзетак-католікаў два разы на тыдзень прыязджаў з Клецка ксёндз).

Вядома, што польскія ўлады недружалюбна  адносіліся да “папоў”, але аўтарытэт і вядомасць  айца Васілія прымушалі ставіцца да мясцовых парадкаў і веры з павагай.

Алена ТАРАСЕВІЧ, бібліятэкар Ланскай  сельскай бібліятэкі


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.