100-гадовыя юбіляры

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Ураджэнец вёскі Астроўкі Мікалай Юльянавіч Маргевіч — з сям»і доўгажыхароў. Яго маці, Аляксандра Мікалаеўна, пражыла 100 гадоў. У ліпені гэтага года і Мікалай Юльянавіч адзначыў свой векавы юбілей. Ён добра памятае гэты дзень і вельмі ўдзячны тым, хто прыйшоў яго павіншаваць: намесніку старшыні Нясвіжскага райвыканкама А.І. Майсеню, начальніку ўпраўлення  па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама І.А. Чамярэўскай, старшыні Астроўскага сельвыканкама У.І. Раўбецкаму, намесніку дырэктара ААТ «Нясвіжскія Астроўкі» па ідэалагічнай рабоце, галоўнаму энергетыку А.І. Цімафейчыку, дырэктару Астроўскага СДК С.В. Майсейчык і мастацкаму кіраўніку Т.М. Гунько.

— Было шмат кветак і падарункаў, — з цеплынёй успамінае доўгажыхар. — Мне наладзілі сапраўднае свята…

У доўгім жыцці Мікалая Юльянаві-ча святаў было няшмат. Нават няма фотаздымкаў, дзе ён малады — не да таго было. У вёсцы прыходзілася  шмат працаваць, ад цямна і да цямна.

Па вясковых мерках у М.Ю. Маргевіча неблагая адукацыя — чатыры класы польскай школы і курсы брыгадзіраў паляводчых брыгад пры Нясвіжскім райаддзеле сельскай гаспадаркі. Пасведчанне, выданае ў 1950 годзе, і дагэтуль беражліва хавае Мікалай Юльянавіч, бо ён быў першым брыгадзірам у створаным у Астроўках калгасе імя Кірава.

— Тады не было аграномаў, — успамінае юбіляр, — прыходзілася кожны дзень усё памераць, палічыць працадні калгаснікам, усё запісаць. А цяжкай работы ў людзей было вельмі шмат: лён палолі, ірвалі, выбівалі льнасемя, вязалі… Вельмі цяжка было, але працавалі разам, дружна — і работа атрымлівалася. Тады паляводчая брыгада была вялікая — 110 чалавек…

Пасля аб»яднання ў 1952 годзе сямі калгасаў у адзін — імя Дзяржынскага — М.Ю. Маргевіч быў пераве-дзены на пасаду загадчыка малочнатаварнай фермы.

— Было 76 кароў, табун коней, — прыгадвае мой суразмоўца. — Людзі рабілі сумленна. Не было асобных паказчыкаў — даяркі ў адзін кацёл малако лілі — усё разам дзяржаве здавалі…

Яшчэ ўрэзалася ў памяць Мікалаю Юльянавіч, як аднавяскоўцы аказалі яму давер, выбіраючы дэпутатам Астроўскага сельскага Савета:

— Мы збіралаліся на сходы, абмяркоўвалі абавязацельствы перад дзяржавай, галасавалі за іх, потым старанна выконвалі.

Так у надзённых клопатах прайшло жыццё гэтага паважанага чалавека. Яшчэ і зараз ён мае выгляд хоць куды:  чапаеўскія вусы, пінжак, дагледжаныя з дапамогай дачкі Алены Мікалаеўны дом і агарод. Кажуць, ён тыповы сельскі інтэлігент: добразычлівы, тактоўны, паважае іншых. З жонкай пабудавалі хату, выхавалі траіх дзяцей, дачакаліся ўнукаў (іх сем), праўнукаў (адзінаццаць) і нават дваіх прапраўнукаў! Часцяком хто-небудзь з вялікай сям»і наведвае. На жаль, жонка памерла пяць гадоў таму, хаця і была значна маладзейшая за Мікалая Юльянавіча. Яна таксама з мясцовых, працавала ў паляводчай брыгадзе.

_MG_7310

Разглядаючы ваенны білет М.Ю. Маргевіча, мы ніяк не чакалі, што ў графе «спецыяльнасць» будзе адзначана — «кравец».

— Не здзіўляйцеся, — усміхнуўся ў вусы Мікалай Юльянавіч, — па маладосці я ў сваяка са Стаўпішчаў год вучыўся шыць. Зразумеў і гэту навуку. Мы бараноў трымалі, кажухі рукамі шыў, а з сукна, якое жонка ткала, — курткі.

— І нам з сястрою сукенкі шыў, — прыгадала Алена Мікалаеўна, — мы ў іх у школу хадзілі. У бацькі добра атрымлівалася.

Яна паказала нам і швейную машынку «Зінгер», якой бацька яшчэ пару год таму карыстаўся. Зараз вочы ўжо не тыя. Ды і здароўе не дазваляе. Таму больш тэлевізар глядзіць. Вельмі падабаецца пенсіянеру серыял «Заручальны пярсцёнак». Яго стараецца не прапускаць.

_MG_7368

У гэтым годзе вырашыў зіму ў дачкі пажыць — каб ёй двойчы на дзень да яго не хадзіць, ежу не насіць. Ды і сумна стала на яго вуліцы, раней такой мнагалюднай.

На традыцыйнае для доўгажыхароў пытанне аб сакрэце таго, як дажыць да ста гадоў, Мікалай Юльянавіч адказаў так: «Не трэба піць, не трэба курыць, трэба жонку любіць».

Вось такі ён, герой нашага аповеду: і шавец, і жнец. На пытанне, ці на дудзе ігрэц, мы пачулі, што не да гэтага майстэрства было. Але калі прадстаўнікі Астроўскага СДК прыходзяць павіншаваць Мікалая Юльянавіча з чарговым святам, ён ніколі не адмаўляецца, як некаторыя, а ўважліва слухае спевакоў і музыкаў…

Вольга МАРЧАНКА

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.