Аношкаўскі феномен

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Бадай, няма на Нясвіжчыне чалавека, які б не ганарыўся культурным брэндам раёна — славутымі  «Аношкаўскімі  музыкамі», не  падпяваў галасістым  спевакам з народнага ансамбля народнай песні «Лянок» (на здымку), не апладзіраваў юным  танцорам з харэаграфічнага калектыву «Сонейка».

— Гэтыя калектывы ўжо не адзін дзясятак гадоў упрыгожваюць святы ў раёне і вобласці. Іх запрашаюць і на рэспубліканскія мерапрыемствы. Неаднаразова яны выступалі за мяжой, і кожны раз гастралёрам з Аношак шчыра дзякавалі гледачы за сустрэчу з прыгожай беларускай  музыкай, песняй, танцам, за сапраўдныя святы, якім становіцца  кожнае з»яўленне  іх на сцэне. Не аднойчы гледачоў  ахоплівала і сумненне — ці сапраўды гэта аматары, а не музыканты-прафесіяналы?

Аношкаўскі феномен раскрываецца проста — гэта вялікая любоў да людзей. Як у  Аношкаўскім сельскім Доме культуры, які ўжо шмат гадоў узначальвае Ядзвіга Дзмітрыеўна Брытвіч, так і ў Аношкаўскай  дзіцячай школе мастацтваў, нязменным дырэктарам  якой 27 гадоў  з»яўляецца Віктар  Яўгенавіч Высоцкі. У школу мастацтваў  дзетак тут не адбіраюць — запісваюць усіх, было б жаданне навучыцца музыцы. Сёння тут  займаюцца 122 навучэнцы з Казлоўскага і Грыцкевіцкага сельсаветаў па класах баяна, акардэона, фартэпіяна, цымбалаў, духавых інструментаў, харэаграфіі і народнай творчасці. З хлопчыкамі і дзяўчынкамі займаюцца людзі, улюбёныя ў сваю справу.  Самыя вопытныя з іх — настаўнік  класа духавых інструментаў і кіраўнік духавога аркестра  школы мастацтваў Леанід Аляксандравіч Чарноў,  настаўнік класа  харэаграфіі, кіраўнік  танцавальнага калектыву «Сонейка» Ірына  Карлаўна Саленік , настаўнік класа фартэпіяна Святлана Іванаўна Высоцкая, якая працуе з дня заснавання школы.

Педагогі ганарацца тым, што больш  за 30 выпускнікоў са 196-і прадоўжылі навучанне музыцы. У сферы культуры Нясвіжчыны  працуюць Таццяна і Юрый Кабяк, Дзіяна Гесь, у Аношкаўскай ДШМ — Аляксей Андросік, які кіруе ўзорным ансамблем «Аношкаўскія музыкі», а Вячаслаў Нагорны  паспяхова спявае на беларускай эстрадзе і ва ўсіх сваіх інтэрв»ю выказвае словы ўдзячнасці  роднай школе мастацтваў. У беларускім дзяржаўным  універсітэце культуры і мастацтваў  вучыцца Аляксандр Наумовіч, у каледжы мастацтваў — Сяргей  Карачун і Сяргей Кізін.

— Будзем і іх чакаць у якасці  маладых спецыялістаў на радзіме. Але галоўнае, — лічыць дырэктар ДШМ В.Я. Высоцкі, — забраць дзяцей з вуліцы, заняць іх карыснай  справай, развіваць  духоўна. Цудоўна, калі хто-небудзь і з будучай прафесіяй  вызначыцца, — значыць, прывілі любоў да музыкі.

Гасцінна расчынены дзверы і Аношкаўскага СДК. Тут чакаюць усіх, хто жадае  праявіць сябе ў творчасці.  Для дзяцей працуюць  чатыры дзіцячыя гурткі (танцавальныя, духавых інструментаў, юных  эстрадных выканаўцаў). У іх займаюцца 45 дзетак. Для дарослых  працуюць пяць гурткоў і адно аматарскае аб»яднанне — клуб жанчын «Афрадыта», якім амаль 10 гадоў кіруе Алена Мікалаеўна Дрозд.

Безумоўна, візітоўкай  Дома культуры з»яўляецца  народны ансамбль  народнай песні «Лянок», якім кіруе  В.Я. Высоцкі, а нязменныя салісткі —  дырэктар СДК Ядзвіга Брытвіч і мастацкі кіраўнік Валянціна Шарапа. Доўгі час выступаюць у складзе «лянка»  Таццяна Краўцова, Галіна Тамашэвіч, Наталля Холадава, Ірына Навумчык і іншыя.

За  9 месяцаў бягучага года Домам культуры праведзена 65 канцэртаў, з ях 22 — выязных за межы гаспадаркі і раёна.

Вы спытаеце: чаму так  многа? Адказ той жа. Аношкаўцы вельмі любяць  людзей. Таму  выязджаюць, як толькі іх паклічуць у школу, у дзіцячы садок, на палявы стан ці ферму.  У гэтым годзе яны далі дзевятнац-цаць канцэртаў у аддаленых вёсках! Гэта па-аношкаўску — аддзячыць  пажылым людзям за працу на зямлі, узняць ім настрой добрай песняй.  Тут не дзеляць, чый канцэрт — школы мастацтваў ці Дома культуры. Выступаюць у тэндэме. І такі падыход сябе апраўдвае.

Не адзін год  працягваецца і супрацоўніцтва работнікаў  культуры з храмам Святой Праведнай Ганны. Гэта было  і пры свяшчэнніку Дзіянісіі Пясецкім, працягваюцца добрыя адносіны і ўзаемадзеянне  і са свяшчэннікам Васіліем Краевым. І не таму, што гэта  модна. А таму, што гэта  аспект духоўнай культуры  аношкаўцаў. Яны запатрабаваны ўсюды. Яны прыязджаюць  не толькі на святы,  кожная сустрэча з імі — свята.

Вольга МАРЧАНКА


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.