Калі “экстры” – 100%…

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Маладая аператар машыннага даення кароў Вольга Мікалаеўна Падгарадзецкая

Аналізуючы зводкі, можна заўважыць, як паступова нарошчвае  вытворчасць прадукцыі ААТ  «Нясвіжскія Астроўкі». Так, за 9 месяцаў 2012 г.  малака атрымана 6002  тоны, што больш за адпаведны перыяд мінулага года на 275 тон — рост  склаў 104,8 %. У тым ліку ў верасні рост дасягнуў 112,3 %. Па надоі на карову — 5890 кг — гаспадарка займае трэцяе месца  ў раёне, а па прыбаўцы малака на карову — 288 кг — другое месца. Вытворчасць  буйной рагатай жывёлы складае 409,4 т — плюс 52,7 т, рост дасягнуў 114,8 %, у тым  ліку ў верасні — 118,7 %.

Падрабязней пра справы жывёлаводаў  мы папрасілі расказаць дырэктара акцыянернага таварыства Л.Г. ГУТНІК.

— Людміла Георгіеўна, у снежні будзе два гады, як у вашай гаспадарцы ўведзена ў строй дзеючых робатызаваная малочнатаварная ферма «Макашы» на 400 галоў. Як на ёй ідуць справы?

— Летась ад каровы там надаілі па 8562 кілаграмы малака (у сярэднім па гаспадарцы было 7245). За 9 месяцаў гэтага года  прадуктыўнасць на ферме складае 7373 кілаграмы — плюс 702 кг да адпаведнага ўзроўню мінулага года. Рост валавой вытворчасці  да ўзроўню 2011 года —  132 працэнты, рэалізацыі — 130  працэнтаў. Усё малако  ідзе сортам «экстра». Сярэдняя цана  рэалі-зацыі — 337 тысяч рублёў за цэнтнер. Рэнтабельнасць  рэалізаванага малака — 85 працэнтаў.

— Лічбы, канешне, уражваюць…

— Гэтая ферма — наша надзея.  Мы рады, што пабудавалі яе, што ў нас ёсць такое сучаснае  абсталяванне — даільныя робаты. Гэта — сусветны ўзровень тэхналогіі. Яны цудоўна  сябе зарэкамендавалі. Па-першае, адсутнічае чалавечы фактар. Па-другое,  той факт, што  выключана сухое даенне (калі ў саску  заканчваецца малако, стакан адключаецца, не працуе ўхаластую, не траўміруе  вымя, адсюль — меней масцітаў) гаворыць сам за сябе. Далей: калі на дойку прыходзіць праблемная  карова (яе трэба лячыць або  асемяняць), робат падае гукавы сігнал і аператар падыходзіць, глядзіць, каб даільны апарат  падключыўся пра-        вільна, а даныя пра карову заносяцца ў камп»ютар. Зыходзячы  з таго, што каровы заходзяць  падаіцца ў любы час, аператары  робатаў пазменна знахо-дзяцца на ферме круглыя суткі.

Добра разбіраецца ў тэхніцы, ведае камп»ютар аператар Леанід Мартынюк. Як след  працуюць таксама аператары Аляксандр  Гецманчук і Аляксей Яцкевіч, слесар Аляксей  Быкоўскі. З веданнем справы, граматна працуе пасля акадэміі  ветэрынарнай медыцыны  ветэрынарны ўрач Дзмітрый  Васілеўскі. Клопатаў у яго многа. Усё-такі бяспрывязнае  ўтрыманне жывёлы — гэта для нас новае. Каб пазбегнуць  хвароб і захаваць высокую прадуктыўнасць кароў, трэба  строга захоўваць усе тэхналагічныя  патрабаванні, пра-вільна карміць, своечасова рабіць  усе ветэрынарныя апрацоўкі. Мы купілі на ферму станок  для абрэзкі капыт, ветурач сам гэтым і займаецца. Вядома, у кантролі за станам жывёлы  дапамагае спецыялісту  камп»ютар. Робат — разумная машына, але яму трэба даць каманду. А каб даць каманду, трэба быць  граматным спецыялістам. Вось для гэтага ў нас там і ёсць  такі талковы ветурач. Я проста радуюся за гэтага чалавека, задаволена, што ён застаўся ў нас.

— Я чую прозвішчы тых жа работнікаў новай фермы, што былі там і падчас яе адкрыцця. Значыць, людзей першапачаткова падабралі надзейных на такі адказны ўчастак, не памыліліся…

— Дык жа думалі, каго ставіць. Такія грошы ўклалі ў ферму… Бралі на яе ўзвядзенне льготны крэдыт на 8 гадоў пад 3 працэнты, цяпер яго  выплачваем — штомесячна  па 300 мільёнаў рублёў.

_MG_7487

Алег Георгіевіч Бука — не толькі добры працаўнік у акцыянерным таварыстве. Ён — і дома дбайны гаспадар

— У будаўніцтва і аснашчэнне фермы гаспадарка ўклала  больш за 22 мільярды рублёў. Калі акупяцца ўсе затраты?

— У 2007 годзе, калі складалі бізнэс-план, разлічвалі, што праз  8 гадоў. А пры сённяшняй сітуацыі, падлічылі, — за 5 гадоў. Ферма прыбытковая,  высокарэнтабельная. Закупачныя цэны  на малако растуць… Глядзіш — і выжывем.

— Вы маладзец усё-такі. Не страшна было акунацца  ў гэту «авантуру», так сказаць?

— Гэта — не авантура. Мне хацелася гэта зрабіць. І не таму, каб праславіцца. Мы аддаленыя ад Нясвіжа, наша гаспадарка, скажам так, не прыцягальная для моладзі, таму складана з забеспячэннем  даяркамі. Ды і цяжкая ў іх праца. Таму робаты вырашылі  нам кадравую праблему: 6  машын замянілі 12 даярак. Гэта вялікі плюс. Да таго ж, на робатах і масаж вымені ідзе, і яго пламбіроўка.

Было, канешне, мне, як кіраўніку, і складана, і страшна: ці зможам, ці справімся з гэтай тэхналогіяй, ці зразумеюць  мяне спецыялісты?  Шмат хваляванняў мелі ў першыя месяцы работы. Але, як бачыце, мы з усім справіліся, і нядрэнна, вынікі ёсць, яны  толькі радуюць. Дай Бог, каб так і далей  было.

Калі запускалі новы аб»ект, мы запрасілі  і ксяндза, і бацюшку, каб асвяцілі яго.  Яны падарылі ікону — яна вісіць на ферме. Можа, нам Бог дапамагае. Як казаў мне ксёндз, дзе людзі чэсна  і добрасумленна працуюць — там Бог дапамагае.

— Сёлета вы правялі рэканструкцыю малочнатаварнай фермы «Астроўкі»…

— У снежні 2011 года Прэзідэнт  краіны паставіў задачу, каб у кожнай гаспадарцы за год рэканструявалі  ферму за ўласныя сродкі, каб не «лезлі»  ў кішэнь дзяржавы. Я адразу ж успрыняла  гэтыя словы як кіраўніцтва да дзеяння. І на працягу зімы  закуплялі  будаўнічыя матэрыялы, метал для рэканструкцыі фермы № 3, дзе стаіць 156 кароў. У нас яна была праблемнай. Дойка — самая старая, яна  ўжо нават вакуум  не трымала  нармальна. І мікраклімат  там быў нездавальняючы. Плітка выбітая на стойлавых месцах. У кароў ад гэтага з,яўляліся хваробы ног. Ды і лю-дзям  працаваць там было  некамфортна.

Зыходзячы з гэтага, у красавіку пачалі рэканструкцыю.  Выконвалі работы гаспадарчым спосабам. Паставілі новае  даільнае абсталяванне, новыя транспарцёры для ўдалення гною, замянілі поўнасцю асвятленне, забяспечылі  прыточна-выцяжную  вентыляцыю, у стойлах  паклалі дыванкі, абнавілі выгульны двор.

Падрамантавалі пакой  адпачынку для жывёлаводаў. У цэлым, патрацілі на рэканструкцыю 1 мільярд 400 мільёнаў рублёў з уласных абаротных  сродкаў, не прыцягваючы ні крэдытаў, ні пазыкі.

Натуральна, што праца даярак і ўмовы ўтрымання жывёлы там значна палепшыліся.

— Якія планы ў дадзеным кірунку на будучае?

— Рэканструкцыя цялятнікаў на МТФ «Янчыцы». У іх стаіць 400 галоў — цялушкі і бычкі ва ўзросце  ад 3 да 6 месяцаў. Яны — як дзеці малыя, патрабуюць увагі. Іх трэба ўтрымлі-ваць у належным стане, карміць як  след. Потым яны аддзякуюць нам: цялушка, стаўшы каровай, — добрым  надоем малака, бычкі — смачным  мясам. Гэта — таксама нашы грошы.

Затым пойдзе рэканструкцыя  малочнатаварнага комплексу «Прасці».

— Каго з работнікаў жывёлагадоўчай галіны яшчэ хацелі б назваць?

— На ферме «Янчыцы»  працуе маладая даярка Вольга Падгарадзецкая. Надой на карову ў яе групе  склаў за 9 месяцаў 6218 кг.  Заданне выканала на 104 працэнты. У Алены Жук з фермы «Малінаўка» надой на карову — 5810 кг, яна  заданне выканала на 106 працэнтаў. У групе Таццяны Яцкевіч з фермы «Малінаўка» прадуктыўнасць кароў у сярэднім склала  5789 кг, заданне  выканана на 101 %. На ферме «Янчыцы» маладняк даглядаюць  Алег Бука і Алена Жэрка. Сярэднясутачныя прывагі  малых цялят,  што знаходзяцца  пад наглядам гэтых людзей, — 788 грамаў.

— Калі не сакрэт, якая сярэдняя заработная плата  ў вашай гаспадарцы?

— У сярэднім па акцыянерным таварыстве за 9 месяцаў — 3 мільёны 41 тысяча рублёў. На ферме «Макашы» —  4 мільёны  707 тысяч. Зарплата, лічу, дастойная. Сёння інакш  нельга. Эканамічныя ўмовы  даволі няпростыя, жорсткія. Трэба, каб была вытворчасць, грошы, каб людзі адчувалі  сябе ўпэўнена. Адпаведна, будзе і аддача. Калі чалавек  будзе ведаць, што ён прыйдзе дзясятага чысла  кожнага месяца і атрымае ў касе зарплату, прытым — нармальную, я думаю, ён будзе і далей працаваць з добрым настроем.

Інтэрв»ю правяла  Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.