Місія міласэрнасці і песні для душы

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Іменна так лічу неабходным назваць  мерапрыемства, якое адбылося ў Гарадзейскай гарадской бальніцы для пацыентаў  сацыяльных ложкаў. Да іх прыехалі прадстаўнікі  раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і валанцёры  ініцыятыўнай групы «Добрыя сэрцы» раённай арганізацыі  Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.  Старшыня РАБТЧК В.Л. Пратасенка павіншавала  прысутных з Днём пажылога  чалавека і пажадала ім добрага здароўя, шчасця і мудрасці. Вакальная група «Шанс» з Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа  імя Якуба Коласа выканала некалькі цудоўных песень, у тым ліку пра маму і родны дом.  Гарачымі апладысментамі віталі  гледачы славуты калектыў  «Нясвіжскія лыжкары» (таксама з каледжа). Юныя артысты пад кіраўніцтвам  выкладчыка У.Я. Сухавея  віртуозна ігралі вясёлыя  мелодыі, спявалі самі, выкарыстоўвалі  ў выкананні народных твораў  бутэлькі, касу, флейту. Атрымалася цудоўнае, дасціпнае тэатралізаванае прадстаўленне, якое выклікала  ў пацыентаў і медперсанала аддзялення шквал  апладысментаў і станоўчых эмоцый.

Былая настаўніца з Клецкага раёна Л.Я. Корсак шчыра падзякавала юным выканаўцам «за гадзіну цудоўнай асалоды», пажадала ім шчасця, поспехаў у вучобе. Ад выступлення нашых артыстаў  расчуліўся і Г.М. Ягораў, які раней  жыў у Фаніпалі. Ён са слязьмі  на вачах дзякаваў  выступоўцам і іх кіраўнікам.

Дарэчы, «Нясвіжскія лыжкары» вядомыя далёка за межамі раёна, яны былі лаўрэатамі  розных прэстыжных конкурсаў:  у Пулавах і Карліне (Польшча), Казахстане, Паставах, фестывалі народных талентаў ЕўраЗЭС і інш.

У той жа дзень  валанцёры Чырвонага Крыжа, у тым ліку навучэнцы каледжа у фірменных майках з эмблемамі, прайшлі па палатах і ўручылі пацыентам сацыяльных ложкаў падарункі: шкарпэткі, мыла, пячэнне, яблыкі і цукеркі. І, вядома, ім адрасавалі  цёплыя словы, пажаданні надзеі і аптымізму, вы-здараўлення.

З Днём  пажылога чалавека  павіншавалі 100-гадовага жыхара г.п. Гарадзея А.А. Тыдрыша, а прадстаўнік РТЦСАН Г.Л. Бушмакіна ўручыла яму  грашовую дапамогу. Дарэчы, ля дому паважанага  юбіляра  палымнеюць прыгожыя  восеньскія кветкі, як сімвал жыцця і радасці.

Раіса ХВІР


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.