У скарбонку – гандлярам, у запас – гаспадарам

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Міжрэгіянальныя кірмашы по продажу сель-скагаспадарчай  прадукцыі праходзяць у кастрычніку ў Мінскай вобласці.  Першыя такія распродажы адбыліся  ў Барысаве, Жодзіне, Маладзечне, Салігорску.

Удзел у гандлі прымаюць  сельскагаспадарчыя арганізацыі, фермерскія гаспадаркі, гандлёвыя прадпрыемствы розных форм уласнасці, райспажыўтаварыствы, перапрацоўчыя прадпрыемствы.

21 кастрычніка на цэнтральным рынку Нясвіжа прайшоў міжрэгіянальны кірмаш з удзелам арганізацый Нясвіжскага, Клецкага, Стаўбцоўскага, Салігорскага і іншых раёнаў. Спажыўцу прапанавалі бульбу і яблыкі, зерне і капусту, каўбасныя і мясныя  вырабы, кандытарскія  прысмакі.

IMG_6609

Попытам карысталіся парасяты.  10-12-кілаграмовых “ландрасаў” прапаноўвала ААТ “Лань-Нясвіж”.

– Вельмі хутка  рэалізавалі нашы прадаўцы Таццяна Іванаўна Чычко і Святлана Пятроўна Клачко  свініну ў разрубе па 34560 рублёў, – паведаміла намеснік  дырэктара таварыства Г.С. Салавей. – Прапанавалі пакупніку і паўфабрыкаты.

ААТ “Альба” і “Рыбгас “Чырвоная Слабада” (Салігорскі раён) гандлявалі сваёй прадукцыяй. Напрыклад, у салігорцаў карп элітны  і адборны таўсталобік каштавалі 30500 і 25500 рублёў за 1 кг адпаведна. Як зазначыла прадавец  Галіна Кражова, рыба заўсёды  карыстаецца попытам, асабліва  ў выхадныя дні, калі ў гаспадынь  больш часу.  Яна таксама выказала спадзяванне на чарговае  запрашэнне  на нясвіжскія кірмашы.

Спадабалася ў нас і кветкаводам са Слуцка. Валянціна Трыко расказала наступнае:

– Мы вельмі любім кветкі і дэкаратыўныя кустарнікі. Мяняемся сартамі са знаёмымі. У інтэрнэце  даведаліся пра ваш кірмаш і вырашылі  прыехаць. Першае знаёмства  з несвіжанамі  прыемнае – тут таксама любяць кветкі. Набываюць хрызантэмы, якіх у нас больш дзесяці відаў, вегелу, арабіс, армерыю і іншыя расліны.

IMG_6743

Ад слуцкай гандлёвай кропкі і сапраўды  адыходзілі гаспадары, трымаючы ў руках добрыя “букеты” хрызантэм  колеру бэзу, асабліва  даспадобы прыйшліся хрызантэмы з ігольчатымі пялёсткамі.

ААТ “Вішнявецкі  АГРА” Стаўбцоўскага раёна  на кірмаш прывезла  яблыкі і бульбу. Са сваім таварам яны бываюць  больш у сталіцы і ў Стоўбцах. На гэты раз для нясвіж-скага пакупніка  прывезлі яблыкі па 2 тысячы за 1 кг  і бульбу сорту “журавінка” па тысячы.  Ад прадстаўнікоў  Стаўбцоўшчыны  таксама пачула  “запрашайце часцей і мы прыедзем!”

На такой пазітыўнай ноце  працягвалася гутарка і з гаспадыняй з Клецкага раёна.  Сваю капусту галандскага сорту “атрыя”, які добры для засолкі, рэалізоўвала па 2 тысячы за 1 кг жыхарка з Гарбуноўшчыны. Нясвіжскі пакупнік вельмі спадабаўся кляччанам.

За гадзіну-другую ў гэты дзень  разышлася прадукцыя ЗАТ “1 Мая”, ААТ “Сейлавічы”, “Юшавічы”. Так, напрыклад  “Юшавічы”  рэалізавалі  дзве тоны ячменю па 1700 рублёў за 1 кг і тону пшаніцы па 2000 рублёў. Па просьбе некаторых несвіжан, прадукцыю дастаўлялі дадому. А каб  стварыць атмасферу  добрага настрою, сельгаспрад-прыемствы  аздобілі  грузавыя аўтамабілі  рознымі ўпрыгожаннямі – кветкамі, казачнымі героямі, смешнымі выдуманымі персанажамі.

Каля магазіна № 8  агракамбіната “Сноў” наведвальнікі  кірмашу спыняліся, каб палюбавацца  асенняй  экспазіцыяй – чароўнымі  домікамі і вазамі-гарбузамі,  сямейкай вожыкаў і вясёлым сонейкам. Не ўпусцілі тут  яшчэ раз  прарэкламаваць прадукцыю снаўчан.

“Новае жыццё” па традыцыі прыехалі падтрымаць юныя  гарманісты з “Аношкаўскіх музыкаў”. Усіх жадаючых тут гасцінна сустракалі  гарачым чаем з рознымі стравамі з бульбачкі, капусты і інш.

Асеннімі кветкамі  ўпрыгожылі прылавак  прадаўцы  магазіна № 4 «КУП «Магазін № 3 г. Нясвіжа». Чарга за чабурэкамі, піражкамі і кандытарскімі вырабамі  любавалася і кветкамі, і выставай сельгаспрадукцыі.

IMG_6637

Саламяная гаспадыня-лялька  ў нацыянальным уборы запрашала да гарадзейскіх кандытараў. Прадукцыю цэха набывалі з задавальненнем не толькі несвіжане, але, як высветлілася, смачныя  пірожныя і пірагі ведаюць і капыляне, і жыхары  Стоўбцаў.

Добры рух быў каля гандлёвай кропкі кафэ  “Несцерка” КУП “Магазін № 3 г. Нясвіжа”.  Повар Галіна Трусевіч гатавала  гарачыя аладкі з начынкай. Да гарбаты бралі бліны з  фарэллю, грыбамі, вяндлінай і сырам і інш.

Набывалі на кірмашы і прадукцыю Валожынскага філіяла ААТ   “Маладзечанскі малочны камбінат”. Нясвіжскаму спажыўцу прапанавалі малако, смятану, сыркі плаўленыя і глазіраваныя, масла і іншую прадукцыю.

Былі на кірмашы з выязным гандлем і прадстаўнікі  комплекснага  прыёмнага пункту  Салтанаўшчына (“Нясвіжскі дабрабыт”).  Ганна Багдановіч прапанавала  пасцельную бялізну, коўдры, шампуні, вёдры і мыйныя сродкі, цёплыя     камізэлькі і  латкі-упакоўкі для халодных прадуктаў.

IMG_6606

 

Паблізу прадстаўнікі Стаўбцоўскага  кааппрамгандлю  гандлявалі  пінскім трыкатажам, цёплай бялізнай, прадукцыяй Гродзенскай фірмы “Каміса”, верхнім адзеннем.

У прадстаўнікоў “Стаўбцоўскага вопытнага лясгаса” добра ішоў мёд. Паўлітровы слоік тут каштаваў 40 тысяч. Прыхільнікі лазні  тут жа маглі набыць венікі, а садаводы-аматары выбіралі туі, кусты айвы, спірэі і інш.

Але і гэта далёка не ўсё, чым парадаваў  нясвіжскі міжрэгіянальны  кірмаш. Самай  манагалюднай была ў гэты дзень імправізаваная сцэна  работнікаў культуры раёна з артыстамі Нясвіжскага РЦКіА, Навасёлкаўскага СЦКіА, Гарадзейскага ГПДК і Ужанкаўскага СДК. Песні і  жарты, прыпеўкі і конкурсы  прыцягвалі несвіжан  і гасцей раёна. Вядома, самыя  актыўныя ўдзельнікі  былі ўзнагароджаны  спецыяльнымі прызамі.

Напрыклад, жыхарка Нясвіжа Валянціна Лепясевіч набыла  на кірмашы капусту, а мяшок бурачкоў стаў для яе  падарункам за ўдзел у конкурсе. Сваім настроем жанчына па-дзялілася:

– Вельмі добра наладжаны  кірмаш. Цікава і весела.  Жадаю ўсім працаўнікам вёскі поспехаў  і здароўя! Няхай і далей  ладзяцца такія  мерапрыемствы!

IMG_6649

І як адказ  на гэтае пажаданне, у аддзеле эканомікі Нясвіжскага райвыканкама  нам паведамілі: асеннія раённыя кірмашы будуць працаваць  на рынку па суботах – 27 кастрычніка, 3 і 10 лістапада.

Нясвіжскі кірмаш, які адшумеў у нядзелю, стаў заключным  сярод  міжрэгіянальных кірмашоў Міншчыны. У ім прынялі  ўдзел 48 суб”ектаў  гаспадарання, сярод якіх – УП “Мінскі мясакамбінат”, Уздзенскі КБА, дзяржаўная  лесагаспадарчая ўстанова “Клецкі лясгас” і многія другія.

Іна ВАСІЛЕВІЧ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.