“Вялікае княства музыкі”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У Танцавальнай зале палаца Радзівілаў  прайшоў канцэрт  “Вялікае княства музыкі” ў рамках VII Міжнароднага  фестывалю Юрыя Башмета – буйнамаштабнай  культурнай акцыі, якая праводзіцца пад  патранажам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

Гэты фестываль, накіраваны на аб”яднанне  творчых сіл Беларусі, Расіі і іншых краін, мае масавы характар. Ён  садзейнічае захаванню і развіццю класічнага мастацтва, падтрымлівае маладыя таленты і наватарства ў вобласці культуры.

За сваю гісторыю фестываль Юрыя Башмета  вырас у шматграннае свята мастацтва, поўнае дынамічнасці і актыўнай змены  форм, якія сталі  яго фірменным  знакам і адной з прычын шырокага  міжнароднага рэзанансу. Фестывальныя канцэрты праходзілі ў лепшых канцэртных  залах розных краін – Палацы Рэспублікі і Беларускай дзяржаўнай  філармоніі, летнім амфітэатры ў Віцебску, Гомельскай філармоніі, Вялікай зале  Маскоўскай дзяржаўнай  кансерваторыі імя Чайкоўскага, Бетховенхоле  ў нямецкім Боне.

І вось, да гонару Нясвіжа, да гэтага спіса  дабавілася і Танцавальная зала палаца Радзівілаў.

Тут перад аматарамі вялікага мастацтва выступіў актэт салістаў камернага ансамбля  “Салісты Масквы”, уладальнікаў  прэміі Грэмі.  Слухачам былі прадстаўлены два шэдэўры сусветнай музычнай класікі – струнны актэт рэ-мінор Чайкоўскага “Успаміны аб Фларэнцыі” ў чатырох  частках і актэт для струнных Мендэльсона мі-бемоль, таксама ў чатырох частках.

Апісваць словамі музыку – справа няўдзячная.  Яе, канешне, трэба  чуць. Можна толькі сказаць, што на  добрыя паўтары гадзіны музыканты, нібы на крылах, перанеслі слухачоў  у зусім іншы свет – свет, дзе са схілаў  блакітных гор струменяць шумлівыя вадаспады, якія ператвараюцца ў шырокія рэкі з чысцюткай вадой і разбіваюцца на мноства гаварлівых, нястомных ручаінак, што бягуць па зялёных лугах, дзе дыяменты расы зіхацяць на дзівосных кветках  і тут жа знікаюць пад сонцам.

Нядзіўна, што з удзячнасцю за такое казачнае падарожжа ў “Вялікае княства музыкі” слухачы стоячы апладзіравалі  “Салістам Масквы”, доўга не жадалі адпускаць іх са сцэны.  Аднак, развітанне непазбежна, і застаецца  толькі спадзявацца, што канцэрты ў рамках  міжнародных фестываляў  Юрыя Башмета яшчэ неаднойчы пройдуць у Нясвіжы.

Соф”я ЛЮБАНЕЦ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.