З нагоды знакавай падзеі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У сераду, 21 верасня Нясвіж-ская цэнтральная  раённая бібліятэка ў рамках рэспубліканскай акцыі «Нясвіж — культурная сталіца Беларусі 2012 года» і Года кнігі правяла  культурную акцыю, прысвечаную 450-годдзю выдання  Сымонам Будным першых друкаваных  кніг на беларускай мове.

Пратэстанцкаму царкоўнаму дзеячу, вучонаму-філосафу, пісьменніку, публіцысту і кнігавыдаўцу Вялікага Княства Літоўскага  супрацоўнікі райбібліятэкі прысвяцілі разгорнутую выставу літаратуры «Велічная і неабдымная асоба Сымона Буднага», якую ў гэты дзень выставілі ў фае бібліятэкі, каб кожны наведвальнік змог з ёю азнаёміцца.

У канферэнц-зале  бібліятэкі  адбылася навукова-практычная канферэнцыя «Пісьменнік і інтэлектуал эпохі рэфармацыі», на якую былі запрошаны  намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама А.І. Майсеня, галоўны спецыяліст  аддзела ўстаноў культуры і  мастацтва ўпраўлення культуры  Мінаблвыканкама Т.П. Краўчонак, намеснік дырэктара ДУ «Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна» В.А. Малюга, прадстаўнікі грамадскасці Нясвіжа.

Выступаючы перад удзельнікамі  канферэнцыі,  А.І. Майсеня  адзначыў, што гэта — не першае на Нясвіжчыне мерапрыемства, прысвечанае кнізе  ў асаблівы для горада год — год абрання яго культурнай сталіцай Беларусі. Аляксандр Іванавіч таксама выказаў  упэўненасць, што і далей працягнецца справа кнігадрукавання ў Нясвіжы, ідэолагам якой  стаў Сымон Будны, бо сёння ёсць каму  пісаць і дзе друкаваць — Нясвіжская ўзбуйненая друкарня, якая носіць імя Сымона Буднага, — лепшая ў вобласці.

са сваім эсэ «Царства духу і інтэлекту» перад  слухачамі выступіў  доктар філалагічных навук,  вядучы навуковы супрацоўнік ДНУ «Цэнтр  даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры  Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі», аўтар шматлікіх кніг і мана-графій, член Саюза пісьменнікаў Беларусі І.В. Саверчанка.

Аб моўных асаблівасцях Нясвіж-скага «Катэхізісу» 1562 года прысутным  расказаў  кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі і  сусветнай літаратуры Беларускага дзяржаўнага  ўніверсітэта культуры і мастацтва, аўтар навуковых кніг, манаграфій, артыкулаў І.П. Клімаў.

Вядучы навуковы супрацоўнік  Дзяржаўнага музея  гісторыі беларускай літаратуры П.М. Саўген падзялілася сваімі думкамі па тэме «Сымон Будны — прадстаўнік рэфармацыйнай літаратуры».

Даклад «Нясвіжскі «Катэхізіс» 1562 г. — рэлігійна-этычны помнік беларускага  пратэстантызму»  прэзентавала  прысутным  настаўнік гісторыі Нясвіжскай гімназіі краязнаўца В.С. Хілько.

Па тэме «Эвалюцыя ўспрымання Сымона Буднага ў беларускай  гісторыяграфіі» выступіў навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» Віталь Быль.

Изображение 070

Пасля ўдзельнікі акцыі накіраваліся да помніка Сымону Буднаму, дзе змаглі  азнаёміцца з выставай-продажам  друкаванай  прадукцыі Нясвіж-скай друкарні (фота 2), стаць гледачамі тэатралізаванага  прадстаўлення,  прысвечанага  450-годдзю выдання «Катэхізіса» і 30-годдзю  з дня адкрыцця помніка Сымону Буднаму. З прывітальным словам  да прысутных  звярнуліся князь Мікалай Радзівіл Чорны і яго жонка Альжбэта Шыдлавецкая — заснавальнікі друкарні ў Нясвіжы. Іх ролі выканалі  артысты заслужанага  аматарскага калектыву тэатра імя Уршулі  Радзівіл раённага Цэнтра культуры і адпачынку. З»явіўся перад гледачамі і  сам Сымон Будны, які даў  наказ нашчадкам:

— Вам берагчы сваё багацце,

каб добры знак з зямлі не знік,

У душах нівы засявайце

Ад праўды самых мудрых кніг.

У Нясвіж, спецыяльна для таго, каб прыняць удзел  у гэтай акцыі, прыехала аўтар  помніка Сымону Буднаму, скульптар, член Беларускага саюза мастакоў  С.Р. Гарбунова (фота 1).

Святлана Рыгораўна ўзгадала момант, калі ёй, студэнтцы-трэцякурсніцы Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, пры чарговым наведванні Нясвіжа прыйшла ідэя ля фарнага касцёла паставіць  помнік беларускаму асветніку. Дарэчы, гэта работа стала яе дыпломным праектам.

— Улады горада добра паставіліся да гэтай ідэі, і ў 1982 годзе помнік быў адкрыты, — расказала прысутным  скульптар. — З таго часу гэты помнік стаў маёй візітоўкай.

Настаўніца гімназіі  В.С. Хілько  таксама добра памятае  ўрачысты  момант адкрыцця помніка Сымону Буднаму ў Нясвіжы. Для горада  гэта з,явілася  сапраўднай  культурнай падзеяй.

Мінуў час. Нясвіж стаў яшчэ больш  прыгожым і прывабным для турыстаў. Цяпер разам з ратушай і замкам  яны абавязкова  фатаграфуюць  помнік Сымону Буднаму, які разам з унікальнымі  гістарычнымі  славутасцямі сімвалізуе  Нясвіж сённяшняга дня. Горад, дзе зараз  развіваюцца асвета і мецэнацтва, дзе цэняць, любяць і паважаюць кнігу — вялікі дар продкаў сённяшняму пакаленню нашай краіны, і актуальнымі больш  за чатыры стагоддзі  застаюцца запаветы Буднага — ідэі чалавечнасці, дабрыні, працавітасці, душэўнай і духоўнай цеплыні.

Вольга МАРЧАНКА

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.