З верай у дабрыню

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

На мінулым тыдні ў цэнтральнай раённай бібліятэцы адкрылася  выстава «Восеньскі вернісаж»  нясвіжскай мастачкі Наталлі Бордак. На суд гледачоў аўтар прадставіла 19 работ. Гэта пейзажы, нацюрморты з кветкамі, гістарычныя  постаці — Барбара і Жыгімонт, віды  Нясвіжа (напрыклад, выява касцёла ў карціне «Поўня над возерам») і такі асаблівы твор, як вобраз Хрыста.

Наталля Васільеўна  расказала гледачам, сярод якіх былі людзі  розных узростаў — ад навучэнцаў аддзялення  дызайну Нясвіжскага каледжа  імя Якуба Коласа да членаў бібліятэчнага клуба «Ясь і Яніна» —  пра сваё жыццё і творчасць, ахарактарызавала  кожную карціну, чытала свае вершы — філасофскія і  духоўныя. Нельга не адзначыць, што яе верш «Намалюю сабе Хрыста», які  моцна пераклікаецца  з аднайменнай  карцінай, натхніў  жо-дзінскага кампазітара  Дзмітрыя Окунева на стварэнне песні, якая гучала на першым канале Беларускага радыё ў перадачы «Аўтарская песня».

Усё гэта выклікала вялікую цікавасць прысутных, якіх вельмі  кранула  яе творчасць — яскравая, шчырая, хвілінамі да болю шчымлівая, напоўненая любоўю да жыцця, людзей і ўласных дзяцей, якіх, дарэчы, у мастачкі трое.  Старэйшыя сын і дачка ўжо зусім дарослыя, малодшы, 16-гадовы Міша, яшчэ  жыве з мамай. Ён захапляецца мастацтвам арыгамі — стварэннем фігур з паперы.

Уражанні ж першых наведвальнікаў выставы трапна выказала несвіжанка Ірына  Пярцова, кіраўнік студыі сучаснай казкі, што працуе на базе Цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна : «Калі заходзіш на выставу Наталлі, з»яўляецца  адчуванне свята. Кожную з гэтых  карцін хочацца  павесіць у сябе дома».

Напэўна, гэта і ёсць найвышэйшая ўзнагарода  для мастака — бачыць, што ён працуе на радасць людзям, абуджае светлыя пачуцці, сцвярджае веру ў Божую дабрыню і любоў.

Соф»я ЛЮБАНЕЦ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.