2 лістапада — Дзень памяці

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Антон Жарноўскі ў 1940 годзе

Старонка гісторыі сям”і, дзе скрозь трымаліся думкі, што “культурны Нясвіж” павінен даваць грамадству як мага больш адукаваных, інтэлігентных і запатрабаваных людзей

Гадоў колькі назад, збіраючы краязнаўчы матэрыял для раённага радыё, пачула хвалюючую гісторыю пра лёс сям”і першага дырэктара Пагарэльцаўскай школы Жарноўскага. Нібыта прыехаў ён на працу ў вёску Пагарэльцы з жонкай і маленькай дачкой са Смаленска за год да вайны. А восенню 41-га, калі фашысты іх арыштоўвалі, быццам  жонка праз акно аддала чатырохгадовую дачку вяскоўцам, каб уратаваць ад немінучай смерці.

Трымалі Жарноўскіх разам з іншымі настаўнікамі школы спачатку за калючым дротам, недалёка ад чыгуначнай станцыі, а пасля пагналі ў лагер смерці Калдычэва, дзе і закончылася іх жыццё. Сірату прытулілі жыхары вёскі, а пасля вайны нібыта адшукала ўнучку бабуля, прыехала са Смаленска і забрала яе.

Аднак звесткі гэтыя аказаліся не зусім дакладнымі. Пасля выхаду перадачы ў эфір патэлефанавала мне незнаёмая жанчына, загаварыла мяккім, але ўсхваляваным голасам, назвалася дачкой Антона Антонаві-ча Жарноўскага. І цяпер, дзякуючы ўспамінам Ліліі Антонаўны, можна расказаць пра лёс  Жарноўскіх больш поўна і без недарэчных памылак.

Антон Антонавіч Жарноўскі паходзіў з клецкіх мяшчан, закончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, потым настаўніцкі інстытут ў Варшаве. Яго жонка  Алена Сцяпанаўна, у дзявоцтве Аляшкевіч, родам з Нясвіжа. Да вайны працавалі яны на Нясвіжчыне ў польскіх школах, пэўны  час і на Стаўбцоўшчыне – у вёсках Кнотаўшчына, што недалёка ад знакамітай Мікалаеўшчыны, Дзераўное і Возерскае. Антон Антонавіч быў не толькі добрым матэматыкам,  але яшчэ і выдатна валодаў скрыпкай, выкладаў музыку ў Нясвіжскай гімназіі. Пасля далучэння заходнебеларускіх земляў да савецкай Беларусі дваццаціпяцігадовага маладога чалавека прызначылі дырэктарам Пагарэльцаўскай сямігодкі. Там ў лютым 1941 года нарадзілася дачушка Ліля.

Пачынаецца вайна, і Жарноўскія перабіраюцца да родных гнёздаў: Алена Сцяпанаўна жыве з дачкой у Нясвіжы, у бацькоўскай хаце (маці яна пахавала ў першы дзень вайны), а Антон Антонавіч – на Клеччыне. Там і далучаецца ён да дзейнасці падпольнай арганізацыі,      удзельнікаў якой у 1943 годзе арыштоўваюць і адпраўляюць у канцэнтрацыйны лагер Калдычэва. У 1944 годзе, за два тыдні да вызвалення, абрываецца яго кароткі і светлы след на гэтай зямлі.

А жонка і дачка застануцца ўдзвюх жыць у Нясвіжы. Алена Сцяпанаўна будзе працаваць педагогам-выхавацелем у дзіцячым аддзяленні Нясвіжскага санаторыя, затым пяройдзе на бухгалтарскую работу ў раённы аддзел адукацыі. Усталюецца мірнае жыццё. Але часта не магла даўмецца маленькая Ліля, чаму так горка плача мама, калі ярка свеціць майскае сонца, іграе аркестр, ідуць людзі з кветкамі. Чаму прыгожыя банцікі, што завязвае ёй матуля, мокрыя ад слёз. Разуменне матчынага гора прыйдзе з гадамі, і яна панясе яго далей па жыцці.

Цяпер Лілія Антонаўна – кандыдат хімічных навук. Жыве ў Мінску. Дачка Алена – унучка Антона і Алены Жарноўскіх – прадаўжальніца настаўніцкай дынастыі, выкладае, як і некалі  дзед, матэматыку ў адной з мінскіх школ.

Зялёнае ўлонне сціплай бацькоўскай сядзібы ў Нясвіжы на адной з вуліц Новага Месца даўно стала і ўтульным лецішчам сям”і,  і месцам памяці пакаленняў. “Фа-мільнае срэбра” Жарноўскім шукаць не трэба. Яно не толькі ў асветніцкай лініі, традыцыі настаўніцтва. “Мае продкі скрозь цягнуліся да навукі, разумнага і вечнага”, – прызнаецца Лілія Антонаўна, згадваючы галінку за галінкай сваёй радаслоўнай. Як адзін з прыкладаў называе і цётачку Валерыю. У гады ліхалецця лёс закінуў яе ў Францыю. Застаўшыся поўнай сіратою, нягледзячы на выпрабаванні, лічы, выжыванне, яна атрымала дзве адукацыі, была паліглотам і да глыбокага ўзросту захавала якасці запатрабаванага прафесіянала.

Ген настаўніцтва, любоў і павагу да прафесіі школьнага педагога сёння годна нясе і ўнучка Алена. Прызнаюся, мне, таксама настаўніцы, было вельмі прыемна пачуць ад калегі так многа слоў захаплення сваёй працай у школе. Такое ўжо, бадай, рэдка пачуеш. Больш нараканняў, скаргаў на цяжкасці. А ў Алены Ігараўны – шчаслівы выпадак: пра школу, свой прадмет гаворыць з піетэтам, прафесію настаўніка ні на якую іншую не прамяняе! Між тым дадае: гэта было б здрадай дзядулю Антону і бабулі Алене.

Са школы, з урокаў хіміі пачынала працоўную біяграфію і Лілія Антонаўна. І хоць затым былі аспірантура, акадэмічныя лабараторыі, экспертна-даследчыцкая дзейнасць на шматлікіх аб”ектах былога Саюза, школьны клас, галасы і вочы сельскіх  дзяцей застаюцца яркім  хвалюючым эпізодам жыцця па сённяшні дзень.

Сваё радаводнае дрэва, адзна-чанае прышчэпкамі педагагічнай справы,  Лілія Антонаўна звязвае з традыцыяй “культурнага Нясвіжа”. У сям”і трымаліся думкі, што Нясвіж павінен даваць грамадству як мага больш культурных, адукаваных, інтэлігентных і запатрабаваных людзей.

Упершыню мы сустрэліся з Ліліяй Антонаўнай гэтым летам пасля двух гадоў тэлефоннага знаёмства. Знешняе ўражанне толькі пацвердзіла мае ранейшыя здагадкі пра “інтэлігента не ў першым пакаленні” – жанчына, не зважаючы на ўзрост і нямогласці,  праменіла ўнутраным ззяннем, душэўнай энергіяй і аптымізмам. А лёгкая самаіронія вельмі пасавала да яе ўнутранай годнасці. Я заўважыла нязменную рысу ў характары Ліліі Антонаўны – спалучэнне жыццярадаснасці, дабрыні з глыбока прыхаваным пачуццём асабістага болю, сваёй незагойнай страты. Шчымлівы неспакой кранае душу ў журлівыя хвіліны памяці, калі падкажа ўласнае сэрца ці з выпадку людской удзячнасці і спагады. І калі надыходзяць Дзяды – святыя дні памінання продкаў. У гэтыя дні яшчэ больш неспакойна-шчымліва робіцца на сэрцы Ліліі Антонаўны. Едзе на магілу да мужа, маці, згадвае родных, сяброў і знаёмых…

Не можа толькі ўскласці кветкі на бацькаву магілу.

З глыбокай удзячнасцю кажа  пра мужа Ігара, які першым наведаў месца сямейнай трагедыі – Калдычэўскі лагер смерці, заўсёды памятаў і шанаваў імя Антона Антонавіча. Следам за бацькам безыменныя пахаванні пакутнікаў неаднаразова наведвала і Алена…

І пярэчыць жанчына агульнапрынятаму выказванню, што час – найлепшы лекар. Прызнаецца, што душэўны боль ад такіх ран не памяншаецца з гадамі, не лечыць яго нават час, які налічвае ўжо сёмы дзясятак гадоў.

Наталля Плакса, в. Карцэвічы


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.