На баль у Нясвіж

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Упершыню з часоў Радзівілаў Нясвіжскі замак расчыніць свае дзверы для велічнага «Палацавага балю». У аснове праекта – ідэя адраджэння старажытных нацыянальных традыцый. На працягу ўсяго вечара ў сценах палаца будзе гучаць музыка караля вальса Іагана Штрауса, а таксама выдатных кампазітараў Міхала Клеафаса Агінскага і Станіслава Манюшкі – нашых землякоў. Зрэшты, арганізатары вечара абяцаюць, што не толькі мазурку, вальс і падэспань будуць таньчыць госці.

Хто хоць раз наведваў гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж», пагадзіцца, што  ўжо на подступах да замка адчуваецца яго веліч, і хочацца хоць на хвіліну перанесціся ў свет Радзівілаў, паглядзець, як яны жылі. Такая   магчымасць  10 лістапада выпадзе   наведвальнікам «Палацавага   балю   ў   Нясвіжы», якія змогуць адчуць размах раскошы старадаўняга шляхецкага роду. Яркія факелы, конныя рыцары, чырвоны дыванок і шампанскае – менавіта так замак будзе сустракаць доўгачаканых гасцей, спецыяльна для якіх будзе арганізаваны аўкцыён па зборы сродкаў на аднаўленне помніка гісторыка-культурнай спадчыны XVI стагоддзя – Навагрудскага замка.

Старадаўнюю атмасферу святу дапамогуць надаць больш за 15 творчых калектываў і 170 артыстаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Ірландыі.   Удзельнікамі балю стануць і вядомыя дзеячы культуры і мастацтва: салісты Вялікіх тэатраў Беларусі і Расіі. Прадставяць  музыку сярэднявечча і  беларускія інструментальныя і танцавальныя калектывы: сімфанічны аркестр Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, заслужаны аматарскі фальклорна-этнаграфічны калектыў «Неруш», сярэднявечны вулічны тэатр «Дэ-Грыза», ансамбль «Тутэйшая шляхта», студыя гістарычнага танца «Версаль», Нясвіжскі тэатр імя Уршулі Радзівіл, а таксама папулярны расійскі калектыў «Кватра» і нямецкі кавер-гурт Schuler Cover Band (Берлін).

У спісе ганаровых гасцей балю таксама вядомыя рэжысёры – народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў і народны артыст Расіі Станіслаў Гаварухін, акцёры Віктар Манаеў і Дзмітрый Харацьян, сусветна вядомыя балярыны Вольга Гайко і Настасся Валачкова.

Сустракаць удзельнікаў Палацавага балю разам з вядучымі Алінай Краўцовай і Маратам Башаравым будуць «Міс Беларусь-2008» Вольга Хіжанкова і «Міс Свету» мадэль і актрыса з Ірландыі Расана Дэвісан (дарэчы, дачка вядомага спевака Крыса дэ Бурга).

Палацавыя балі на Беларусі праводзіліся з XVII стагоддзя традыцыйна пры палацах, сядзібах і былі паказчыкамі культурнага жыцця. Абавязковым атрыбутам была карта танцаў, якая ўключала вальс, паланэз, катыльён, французскую кадрылю. У перапынку праводзіліся гульні, чытанні вершаў, музіцыраванне, фуршэт і зноў танцы.Ставіліся спектаклі, запрашаліся знакамітыя музыканты з Італіі, Францыі, Германіі.

– Славіліся балі, якія ладзіў у Нясвіжы Караль Станіслаў Радзівіл, «Пане Каханку», – нагадаў намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі. – Спа-дзяёмся, баль у найноўшай гісторыі Нясвіжа будзе праходзіць штогод і з цягам часу стане сусветна вядомым, як і пры колішніх гаспадарах. Прыемна і тое, што сёння мы аднаўляем гісторыю выключна за сродкі спонсараў і мецэнатаў.

Прадзюсар свята Максім Берын таксама адзначыў, што ў прасторных залах палаца – Залатой, Тэатральнай, Гетманскай і іншых – будуць наладжаны розныя танцавальныя, музычныя, тэатральныя і касцюміраваныя прадстаўленні:

– Каб нашы госці не стаміліся ад танцаў, мы прадугледзелі і іншыя забавы. Рыхтуем бальныя гульні, тэматычныя салоны і стравы на любы, нават самы вытанчаны, густ. Акрамя таго, і музыка ў розных залах будзе гучаць розная. Варта сказаць і пра дрэс-код: у гэты вечар дамы будуць у вячэрніх сукенках, а кавалеры – у смокінгах.

Таццяна РУСАКОВІЧ, «МП»


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.