Справа ўсіх і кожнага

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Нагадаем нашым чытачам, што ў Мінскай вобласці  зараз праходзіць месячнік  па навядзенні парадку на зямлі.

… Штораніцы, ідучы на працу, вітаюся з тэхработнікам раённай дзіцячай  бібліятэкі. Яна падмятае  вакол будынка, зграбае з травы апалае жоўтае лісце бярэзіны. Гледзячы на вялізнае дрэва,  смяёмся: “А лісця то  многа… Яшчэ грэбці і грэбці, месці ды месці…” Дрэва, сапраўды, быццам шкадуючы, адпускае сваіх “дзетак” невялікімі  партыямі, быццам дражніцца з  жанчынай, каб тая даўжэй каля яе паўвіхалася. Лісце бярэзіны – як залатыя манеткі, прыгожа кладуцца  на зялёную траву, на тратуар. Але калі іх  пераступаеш і ідзеш далей па падмеценай плітцы, з”яўляецца другое  пачуццё: тут – чыста. І з удзячнасцю думаеш пра чалавека, што  клапоціцца пра гэтую чысціню.

…Залатая кастрычніцкая прыгажосць у выглядзе апалага лісця хутка ператворыцца  ў бруднае карычневае  месіва – таму паспрыяюць дажджы, першы снег, прымаразак. І тады  не толькі знешні  выгляд гэтага “дыванка”  акажацца вельмі  непрэзентабельным  – нялёгка давядзецца і пешаходам, і вадзіцелям, бо пад нагамі  людзей і пад коламі  аўтамабіляў будзе  сапраўдны слізкі “кісель”. А каб такога  не здарылася, апалае лісце  трэба рэгулярна  ўбіраць – з травы, з пліткі, з асфальту. Што ў нас, лічы, паўсюдна і робіцца. Важна яшчэ  своечасова вывозіць  згрэбенае, каб не псавалі гэтыя кучы  выгляду вуліц, завулкаў, сквераў, двароў, прыдарожных тэрыторый.

Адначасова з лісцем  убіраюцца і раслінныя рэшткі. На ўчастках сядзібнага тыпу  іх можна закласці ў кампоставую  яму, каб мець потым экалагічна чыстае ўдабрэнне для свайго ж агароду. З мікрараёнаў  са шматпавярховай  забудовай  расліннае смецце  вывозіцца  на звалку.

Замацаваныя за прадпрыемствамі і арганізацыямі  тэрыторыі, прысядзібныя  і прылягаючыя да  сядзіб  участкі, садаводчыя таварыствы і гаражныя кааператывы, пустуючыя зямельныя ўчасткі – вось аб”екты, якія знаходзяцца ў цэнтры ўвагі падчас месячніку.

Прыбіраючы зямлю да зімоўкі, нельга забываць пра могілкі, брацкія магілы,  мемарыялы.  Памяць аб нашых продках, аб тых, хто  загінуў у гады вайны, павін-на  не толькі жыць у нашай свядомасці, а і праяўляцца ў добрых справах: абкасіць, абарваць, вымесці ўсё лішняе, што перастала ўпрыгожваць  гэтыя месцы, спілаваць старыя дрэвы – не такая ўжо цяжкая    работа.

Многія вывозяць лісце і раслінныя рэшткі ўласным транспартам. Некаторыя робяць на яго заказ у Нясвіжскай ЖКГ. Як паведамілі мне ў дыспетчарскай  аўта-транспарту  жыллёва-камунальнай гаспадаркі, іх паслугамі карысталіся Нясвіжская  райбальніца і раённы цэнтр  гігіены і эпідэміялогіі. Заказвае, калі трэба, Гарадзейскі  гарпасялковы выканкам. Гэтае ж могуць рабіць і ўладальнікі  прыватных сядзібаў.

Патэлефанаваўшы ў Гарадзею, пачула добрую  навіну: як раз у гэты дзень, 23 кастрычніка, тут арганізавалі  работы па навядзенні парадку на мясцовых грамадзянскіх  могілках. 25 кастрычніка работа там працягвалася. На могілках убралі непатрэбную расліннасць, спілавалі і вывезлі дрэвы.  Дружна папрацавалі прадстаўнікі многіх прадпрыемстваў і арганізацый: цукровага камбіната, ПМК-217, ільнозавода, ЖКГ, РАНС, збожжа-прыёмнага  прадпрыемства, “Аблрапсаграсэрвіса”, філіяла “Ільнонасенне” і г.д.

– Мы традыцыйна прыбіраем могілкі перад Дзядамі, – сказаў старшыня пасялковага выканкама Л.П. Качановіч. – Гэта – святое.

Месячнік па навядзенні парадку на зямлі  працягваецца. А вы ўсё зрабілі, каб вакол было чыста, прыгожа, утульна?

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.