Свята Каласавіны

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Кожны год змяшчае ў сваім календары дату, што напамінае пра нейкія значныя падзеі, адметныя імёны, якія маюць гістарычнае значэнне для пэўнага народа. 2012 год не выключэнне. Уся беларуская грамадскасць святкуе 130-ю гадавіну з дня нараджэння двух вялікіх песняроў беларускага народа – Якуба Коласа і Янкі Купалы.

Гісторыя Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа цесна звязана з імем вялікага беларускага пісьменніка, адданага сына роднай зямлі Якуба Коласа.

…У Кастуся была запаветная мара – паступіць у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Ён наслухаўся шмат гаворак пра яе: там ёсць вялікая бібліятэка, там вучаць іграць на скрыпцы, семінарысты ладзяць пастаноўкі, спяваюць у хоры. Юнаку семінарыя ўяўлялася нейкай святыняй, адкуль выходзяць людзі з паходняй у руках і нясуць святло ў цёмную вёску непісьменнаму селяніну. Даходзілі да Кастуся чуткі і пра тое, што вучыцца там складана,  але ён на гэта не звяртаў увагі, бо навука яму давалася лёгка.

3 1898 па 1902 год Якуб Колас  (Канстанцін Міцкевіч) вучыўся ў Нясвіж-скай настаўніцкай семінарыі. Вучыўся добра.  Кастусь Міцкевіч удзячны семінарыі, дзе прайшлі чатыры гады яго жыцця. Яна «прывучыла да працы, дысцыпліны, парадку”.

Нясвіжскі дзяржаўны каледж ганарыцца, што носіць імя Якуба Коласа, і працягвае традыцыі педагагічнага вучылішча, створанага ў верасні 1944 года, якое таксама насіла імя Якуба Коласа.

У нашай навучальнай установе закон: першы ўрок мовы і літаратуры – урок-размова пра славутага волата паэтычнага слова Якуба Коласа. Мы імкнёмся выхаваць у сваіх навучэнцаў захапленне асобай паэта, яго шматграннай дзейнасцю, гонар за народ, які даў літаратуры генія беларускага мастацкага слова.

3 мэтай паглыблення вывучэння біяграфіі песняра, яго твораў, даследавання мовы ў навучальнай установе працуе факультатыў “Коласазнаўства”, для групы ІІ курса спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” арганізаваны факультатыўныя заняткі “Літаратурныя музеі Беларусі”, падчас якіх чырвонай стужкай праходзіць гаворка пра Літаратурны музей Якуба Коласа ў Мінску, яго філіялы на Стаўбцоўшчыне і на Піншчыне, створаны клуб «Нашчадкі Коласа», які сабраў аматараў беларускай мовы, прыхільнікаў творчасці славутага пісьменніка, даследчыкаў яго твораў і проста неабыякавых навучэнцаў.

Сёлета нашай навучальнай установе пашчасціла: у кастрычніку ў памяшканні музея каледжа была развернута перасоўная выстава Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа “Якуб Колас. Асоба і час”.  Навучэнцы каледжа, а таксама школьнікі горада і раёна мелі магчымасць яе наведаць. Выстава  працуе і зараз.

Традыцыйнае  свята Каласавіны, якое штогод у канцы кастрычніка – пачатку лістапада на працягу тыдня ладзіцца ў каледжы, у гэтым годзе праводзілася больш маштабна і святочна. У яго рамках адбыліся літаратурныя сустрэчы,  літаратурна-музычныя імпрэзы, літаратурныя чытанні. Наведвальнікі каледжа маглі пабачыць ілюстрацыі да твораў песняра, якія былі прадстаўлены навучэнцамі на конкурс малюнкаў. На інфармацыйных стэндах таксама былі змешчаны вершы навучэнцаў, прысвечаныя Якубу Коласу.

31 кастрычніка адбылася літаратурная віктарына з нагоды 130-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа.  У ёй прымалі ўдзел прадстаўнікі груп першага курса. Навучэнцы паказалі добрае веданне біяграфіі і творчасці пісьменніка. У гэты дзень у кожнай групе адбылася і паэтычная хвіліна – чытанне і інсцэніроўка верша Якуба Коласа “Савось-распуснік”, якую праводзілі  ўдзельнікі аб”яднання па інтарэсах “Мастацкае чытанне”.

1 лістапада дырэктар нашай навучальнай установы А.В. Жураўлёва і выкладчык беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік клуба “Нашчадкі Коласа” М.Ф. Енчык наведалі Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Яны прынялі ўдзел у рабоце “круглага стала” на тэму “Актуальныя пытанні папулярызацыі творчай спадчыны народнага паэта Беларусі Якуба Коласа”. З мэтай усталявання трывалых навукова-метадычных і сяброўскіх сувязей,  для абмену вопытам па прапагандзе творчай спадчыны класіка нашай літаратуры ўдзельнікі абмяняліся творчымі знаходкамі і традыцыямі ўшанавання імя славутага пісьменніка ў сваіх установах.   Тэма выступлення Алены Васільеўны і Марыны Фабіянаўны –  “З гонарам носім імя тваё, Колас!”

2 лістапада ў навучэнцаў 3 курса прайшлі факультатыўныя заняткі па дысцыпліне “Практыкум па беларускай мове” на прыкладзе твораў Якуба Коласа.  Навучэнцы 1-3 курсаў удзельнічалі ў літаратурнай гасцёўні “Волат беларускай паэзіі”. Ініцыятары і арганізатары мерапрыемства – члены клуба “Нашчадкі Коласа” і кіраўнік секцыі “Літаратурная Нясвіжчына” Н.В. Віценчык. Члены секцыі “Літаратурная Нясвіжчына” Кацярына Казлова і  Крысціна Чыгір падрыхтавалі прэзентацыю “Вытокі творчасці Якуба Коласа” і былі вядучымі гасцёўні, у якой прынялі ўдзел чытальнікі паэзіі юбіляра.  Юнакі і дзяўчаты чыталі раннія вершы песняра, урыўкі з паэмы “Новая зямля”, падрыхтавалі інсцэніроўкі паводле яго твораў.

У дзень нараджэння песняра, 3 лістапада, у каледжы было арганізавана мастацкае чытанне вершаў Васіля Віткі, Максіма Лужаніна, Міколы Аўрамчыка і іншых беларускіх паэтаў пра Якуба Коласа.

Удзелам у мерапрыемствах, прысвечаных 130-годдзю класіка беларускай літаратуры, навучэнцы каледжа сцвярдзілі ўсеагульную любоў да творчасці Якуба Коласа, неўміручасць яго паэзіі.

Таццяна ЦВІРКА, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.