Жывучае слова паэта

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Ідзе чалавек па зямлі. Штосьці робіць, за штосьці змагаецца, з нечым не пагаджаецца. Але надыходзіць час цішыні, калі ўсё зямное страчвае сваю актуальнасць, калі галоўным становіц-ца тое, што назапасіў ён для вечнасці. Менавіта для вечнасці сябра раённага літаратурна-музычнага аб”яднання “Валошкі” Уладзімір Сцяпанавіч Богдан назапасіў шмат. Дабрыні і шчырасці гэтага чалавека хапала не толькі для родных і блізкіх, але і для ўсіх, хто сустракаўся на яго шляху. Гэту дабрыню і шчырасць ён уклаў і ў сваю творчасць.

У 2007 г. Уладзімір Сцяпанавіч прапанаваў на суд чытача свой першы зборнік “Нясвіжскі край”, які пабачыў свет у Нясвіжскай узбуйненай друкарні імя Сымона Буднага.  Эпіграфам да яго сталі такія словы: “Пішу пра лю-дзей і для людзей…”  У 2010 годзе супрацоўнікамі бібліятэкі Т.А. Байкаш  і аўтарам гэтага артыкула быў падрыхтаваны яшчэ адзін зборнік У. Богдана – “Роднымі сцежкамі”. На яго старонках аўтар вітае ў сваіх вершах самую цудоўную краіну свету – Беларусь, захапляецца прыгажосцю нясвіжскіх краявідаў, услаўляе чалавека-працаўніка.

Не забыўся Уладзімір Сцяпанавіч і пра маленькага чытача. Шмат гадоў вершы дзіцячай тэматыкі друкаваў ён на старонках “Чырвонага сцяга”, а затым “Нясвіжскіх навінаў”, часопісаў “Вожык” і “Вясёлка”. Гэтыя творы знайшлі адгалоскі ў названых вышэй зборніках. А вось сапраўдным падарункам для дзяцей стала яго чарговая кніжка “Міласэрнасць” (укладальнік Т.А. Байкаш, 2011 г.). Вершы і казкі добрага дзядулі Уладзіміра напоўнены святлом і радасцю. Яны вучаць малеч сяброўству, а таксама  самым галоўным якасцям чалавека – міласэрнасці, дабрыні і шчырасці.

Творы Ул. Богдана ўвайшлі і ў калектыўныя зборнікі  “Званы памяці”, “Букет валошак”, ” З адценнем любові”.

18 кастрычніка Уладзімір Сцяпанавіч Богдан пайшоў у вечнасць. З чыстай душой,  з надзеяй на міласэрнасць Божую. У апошнія месяцы жыцця ён шмат працаваў. Да апошняй хвіліны паэтычнае слова не сыходзіла з яго вуснаў. Марыў пра новы зборнік паэзіі і прозы пад назвай “Бацькоўскі парог”. Не суджана было Уладзіміру Сцяпанавічу патрымаць яго ў руках. Але я  вельмі спа-дзяюся, што апошняе  слова сябра раённага літаратурна-музычнага  аб”яднання “Валошкі” Уладзіміра Богдана ўсё ж прагучыць. Хай сабе з нашых вуснаў, прачытанае са старонак яго новага зборніка. Але яно не знікне, а застанецца для тых, хто прыйдзе пасля.

 

Мае развітанні

Сябрам раённага літаратурна-

музычнага аб”яднання “Валошкі” Міхасю Валько

і Уладзіміру Богдану прысвячаецца

У студзені Міхась Валько

Пайшоў з жыцця,

злажыўшы крылы.

А можа, гэта з небыцця,

Ён паляцеў ад нас у вырай?

Кастрычнік лісце раскідаў…

І зноў сяброў я любых трачу.

Па роднай сцежцы

з росных траў

Пайшоў паэт у вечнасць, бачу.

Ці паімчаў, як вольны птах,

У сінь нябёс, у далягляды.

А талент, толькі Богам даны,

Нам Богдан Уладзімір аддаў.

Валянціна Шчарбакова, кіраўнік раённага літаратурна-музычнага аб”яднання “Валошкі”


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.