Ардэнаносец

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Сярод жыхароў Нясвіжчыны, якія шмат зрабілі для росквіту Мінскай вобласці, – Вера Мікалаеўна Бабок, жыхарка вёскі Аношкі, былая даярка ААТ “Новае жыццё”.

Калі мы патэлефанавалі ёй напярэдадні 75-гадовага юбілею Міншчыны, жанчына расказала:

– На 70-годдзе Мінскай вобласці мне, разам з іншымі працаўнікамі, у Нясвіжы ўручалі падарунак. На 50-годдзе нашай гаспадаркі – таксама. І на справаздачныя сходы нашага акцыянернага таварыства запрашаюць амаль штогод.

Хоць Вера Мікалаеўна на пенсіі, але пра яе памятаюць. Памятаюць пра яе заслугі перад калектывам, хочуць бачыць побач – як відавочцу няпростага станаўлення калгаса ў далёкія 50-я гады, як чалавека, які ўнёс значны ўклад у яго развіццё.  Такую павагу жанчына заслужыла сваёй працавітасцю, высокімі вытворчымі паказчыкамі.

Даяркай яна адпрацавала 27 гадоў. Першыя дванаццаць – на МТФ “Казлы”. Ферма знахо-дзілася больш чым за тры кіламетры ад яе дома ў вёсцы Коханавічы. Тры разы на дзень даво-дзілася хадзіць пешшу на дойку і з дойкі.

– Гэта цяпер даярак возяць аўтобусам. І выхадныя дні яны маюць рэгулярна, – кажа мая субяседніца. – Раней жа такога не было.

Спачатку жанчыны даілі кароў уручную. Цяжкая гэта была справа – усё-такі 16 кароў у групе. Потым даенне стала машынным, групы павялічыліся да 28 галоў. К таму часу пабудавалі новую малочную ферму ў вёсцы Малаеды, і Вера Мікалаеўна перайшла на яе – так стала бліжэй да дома. Справы ў даяркі ладзіліся. За год на адну фуражную карову яна надойвала больш чым 5000 кілаграмаў малака. На той час гэта быў высокі паказчык. За добрасумленную працу Веру Бабок тройчы ўзнагароджвалі ордэнамі: у 1973 годзе – “Знак Пашаны”, у 1977 г. – ордэнам Працоўнай Славы 3-й ступені, у 1982 г. – ордэнам Працоўнай Славы 2-й ступені. У 70-х гадах, калі яшчэ працавала ў Казлах, Вера Мікалаеўна ездзіла ў Маскву, на Выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі СССР.

Як і ўсе вяскоўцы, трымала яна і сваю гаспадарку – карову, свіней. Каб адпасвіць чаргу за карову, брала выхадны або каго-небудзь наймала. Цяпер ужо  і ўзрост паважаны, і здароўе не тое. Таму карову яны з сынам не трымаюць. А вось парасё, куры – гэта ёсць.

Умела Вера Мікалаеўна і розную іншую жаночую справу выконваць: вязаць, шыць, вышываць, ткаць – маці навучыла.

– Я і лён хадзіла церці і трапаць. Пакуль засталася на ферме – працавала ў паляводчай брыгадзе, – патлумачыла жанчына.

Раней вёска Казлы была цэнтрам калгаса “Дружба”, у 1976 годзе яго далучылі да калгаса “Новае жыццё”. Вера Мікалаеўна ўспамінае кіраўнікоў гаспадарак, пры якіх працавала – Санько, Саленіка. Міхаіл Васільевіч Саленік, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, які таксама знаходзіцца на заслужаным адпачынку, пры сустрэчы заўсёды пацікавіцца ў яе, як здароўе.

Успамінае яна і сваіх таварышак па працы – даярак Ганну Міхайлаўну Усовіч з фермы “Казлы”, Ганну Іванаўну Парэйка з фермы “Малаеды”. З імі дзяліла і цяжкасці, і радасці…

Яе лёс – звычайны, як і многіх жанчын беларускай вёскі. Як простае  палатно, што яна некалі ткала. Як свежы ранак, які яна сустракала дарогай на ферму. Як залацістая пахучая антонаўка, сарваная восенню са старой яблыні. Яе жыццё – гэта кропелька ў вялікім жыццёвым моры цэлай краіны. Кропелька чыстая, празрыстая…

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.