«I вобраз, i падабенства»

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Пад такой назвай у чацвер у салоне-галерэi «Скарбнiца» ўпершыню адкрылася выстава нясвiжскай мастачкi Наталлi Бордак.

Яе iмя ўжо вядома нашым аматарам мастацтва па выставе ў цэнтральнай раённай бiблiятэцы, якая адбылася ў кастрычніку, i па сустрэчах з вучнёўскай моладдзю, на якiх Наталля Васiльеўна неаднойчы знаёмiла маладое пакаленне са сваёй творчасцю. Вось i на гэты раз прысутныя на адкрыццi экспазiцыi атрымалi цудоўную магчымасць трапiць у незвычайны свет карцiн мастачкi пры дапамозе яе ўласнага аповеду аб тым, як гэтыя карцiны нараджалiся, колькi працы патрабуецца на iх стварэнне. Дарэчы, на адзiн твор, як расказала Наталля Васiльеўна, iдзе прыкладна ад трох да чатырох тыдняў, i калi да завяршэння работы застаецца, здаецца, усяго адзiн штрых, гэты самы штрых можа заняць 8-9 гадзiн, якiя пралятаюць, як адна хвiлiна – настолькi захапляе творчы працэс.

Дарэчы, з 10 карцiн, прадстаўленых на гэты раз у «Скарбнiцы», тры выстаўлены для шырокага гледача ўпершыню, хаця напiсаны далёка не ўчора. Так, выява Хрыста, выкананая пастэллю, створана 15 гадоў таму, калi гэты вобраз уявiўся мастачцы ў цяжкую хвiлiну жыцця. Наталля Васiльеўна расказала, што аднойчы вельмi стамiлася падчас хваробы малодшага сына, i як толькi выдалася хвiлiнка, сабралася заснуць. Аднак перад яе заплюшчанымi вачыма, на мяжы явы i сну, адразу з”явiўся гэты вобраз. «Мяне адразу пакiнуў сон, – расказала мастачка. – Я тут жа зразумела, што павiнна гэта намаляваць. Устала i ўзялася за фарбы». Доўга не асмельвалася прадставiць гэты твор шырокаму гледачу, але, нарэшце, рашылася. Яшчэ дзве карцiны, прадстаўленыя ўпершыню, працягваюць бiблейскую тэму – гэта чалавек, якi нясе свой крыж, i дзве Марыi – Божая Мацi i Марыя Магдалiна, якая прыйшла да Бога не самым простым шляхам.

Цiкава i тое, што ўсе карцiны на выставе не маюць назваў. Гэту ролю выконваюць цытаты з Бiблii, якiя глыбока тлумачаць сэнс кожнага твора. Тонкiя, далiкатныя, светлыя колеры, лёгкiя, няўлоўныя мазкi, якiмi кладуцца на палатно фарбы, пакiдаюць сапраўды незвычайнае, незабыўнае ўражанне, якое надоўга застаецца ў душы і прымушае задумацца аб нечым большым, чым наша звычайнае, паўсядзённае жыццё. Застаецца толькi дадаць, што выстава Наталлi Бордак у салоне-галерэi «Скарбнiца» будзе доўжыцца да 30  студзеня. Не прапусцiце!

Соф”я ЛЮБАНЕЦ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.