Нясвіжскага краю напеў векавы

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Старшыня райвыканкама І. І. Крупко і доктар філалагічных навук, прафесар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны В.С. Новак

Як мы паведамлялі ўжо нашым чытачам, падчас закрыцця акцыі “Культурная сталіца Беларусі – 2012” у цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя фальклорна-этнаграфічнага зборніка “Нясвіжскага краю напеў векавы: народная духоўная культура”, які выйшаў у Нясвіжскай узбуйненай друкарні імя Сымона Буднага. На старонках выдання знайшлі адлюстраванне вынікі работы выкладчыкаў і студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, удзельнікаў фальклорнай экспедыцыі, якія на працягу некалькіх тыдняў мінулым летам рупліва збіралі на Нясвіжчыне дыяменты народнай культуры.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Іван Крупко, выступаючы перад прысутнымі на прэзентацыі, падкрэсліў, як важна захаваць усё багацце, усе жамчужынкі народнай творчасці. І выказаў вялікую ўдзячнасць стваральнікам зборніка.

На прэзентацыю прыехала доктар філалагічных навук, прафесар УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны” Валянціна Новак. Гісторыка-культурная спадчына – неад”емная частка агульначалавечай культуры, адзін са сродкаў фарміравання і развіцця грамадства, сховішча гістарычнай памяці. Яе вывучэнне ў сучасных умовах набыло асаблівую актуальнасць. І ў Гомельскім універсітэце праводзіцца вялікая работа па адраджэнні традыцый духоўнай культуры беларусаў. Штогод выкладчыкі філалагічнага факультэта арганізоў-ваюць экспедыцыі, каб сабраць і захаваць каштоўныя ўзоры народна-паэтычнай спадчыны. Вынік гэтай працы – выдадзеныя ці падрыхтаваныя да друку выданні па традыцыйнай духоўнай культуры. Як вя-дзецца гэта работа, якія набыткі ўжо ёсць, і расказала Валянціна Станіславаўна.

На Нясвіжчыне людзей, што адраджаюць, развіваюць народныя промыслы і рамёствы, захоўваюць унікальныя рэгіянальныя традыцыі, арганізоўваюць іх пераемнасць, аб”яднаў Нясвіжскі раённы цэнтр народнай творчасці. Пра справы Цэнтра апавядала яго дырэктар Людміла Матусевіч. Цэнтр гасцінна расчыніў дзверы напрыканцы 2011 года, і яго калектывам шмат што зроблена ў гэтай высакароднай справе.

На шчасце, на Нясвіжчыне жывуць энер-гічныя, творчыя людзі, якія захоўваюць і перадаюць у першароднай красе дыяменты фальклорнай скарбонкі. Так, на мерапрыемства былі запрошаны жыхаркі вёсак Смалічы і Лявонавічы Ірына Мікалаеўна Шчурская, Аляксандра Паўлаўна Кавальчук і Яўгенія Міхайлаўна Матус. Яны пазнаёмілі прысутных з абрадам “Вяселле”.

У зборніку “Нясвіжскага краю напеў векавы…” сабраны каляндарна-абрадавы фальклор (зімовы, веснавы, летні, восеньскі цыклы), вясельныя, радзінна-хрэсьбінныя абрады, пахавальныя абрады, замовы, а таксама пазаабрадавая творчасць (малыя фальклорныя жанры) і іншае. Прыведзены аповеды жыхароў з вёсак Аношкі, Вайнілавічы, Грыцкевічы, Карцэвічы, Лявонавічы, Нялепава, Альхоўка, Альбянка, Жанкавічы, Казлы, Лань, Слаўкава, Смалічы, Новы Сноў, Сычэва, Цякалаўшчына, Макашы, Гусакі, Кіркаў-шчына, Сейлавічы, Завушша, Хвоева, г. Нясвіжа.

Вось, напрыклад, што расказвала пра калядныя абрады жыхарка Вайнілавіч Марыя Ула-дзіміраўна Волкава: “Некалі от, я одзін раз запомніла, каледовалі ў нас, а мы жылі ў старой хаці, окна ж не вельмі завешваліся, не было чым. Шчэ ж я мала была, і от прыходзяць са    звездой. Рабілі з сіта ці з обода, і там ставіўся некі фанарык, ззаду заклейвалася і пяціраговая звязда была. Некалі ж не хадзілі ў хату, а стаялі пад окном. Куццю на Каляды  рабілі абязацельно. Куццю тую варылі. Прыносілі сена, клалі на стол і выцягалі гэта сена. На яго абязацельно ставілі рэшата ці сіта і гаршчок той, што на покуці. Это на першу куццю, якую рабілі з ячменнай крупы, мялі мак, мёдам салодзілі. Другая куцця называлася “шчадрэц”, шчодрая куцця, бо на першу куццю елі поснае ўсё, а ўжэ на другую куццю ўсё елі, і мясное, і ўсякае. А ўжэ трэцця куцця посная была. А яшчэ бувае хто скажэ: “Мароз, Мароз, хадзі куццю есці”. Малы які, бывае, скажэ для смеху: “Мароз, Мароз, хадзі куццю есці”. Некалі ж вокны былі замерзлые, замерзлые, у хаце холадно, не так цепло”. (Дыялектная мова ў кнізе захавана).

Сёння, напярэдадні Каляд, хочацца прывесці і прыклад каляднай паэзіі:

А ўчора з вячора нам зорка свяціла,

Маці Божая Сына нарадзіла,

Сына нарадзіла, у пялёнкі спавіла,

Ангелаў прасіла калыхаці Сына:

– Калышыце Сына,

спявайце пясёнкі,

Грайце, музыкі, Новы год, Новы год,

Грайце, музыкі.

Гэтая, а таксама вяснянка, купальская і жніўная песні былі пачуты і запісаны ў свой час ад Ганны Адамаўны Курылы, жыхаркі Хвоева.

Варта адзначыць, што кніга змяшчае напрацоўкі выкладчыкаў і студэнтаў не толькі Гомельскага дзярж-універсітэта, а і Белдзяржуніверсітэта, Бабруйскага філіяла Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя М.Танка, якія працавалі на Нясвіжчыне ў фальклорна-этнаграфічных экспедыцыях у розныя папярэднія гады.

Як падкрэслівае ва ўступным звароце да чытачоў кнігі старшыня Нясвіжскага райвыканкама І.І. Крупко, “гэта кніга пра непаўторныя скарбы неўміручай народнай творчасці, надзвычай паэтычныя, дасціпныя, глыбакадумныя; захаванне духоўнай культуры нашых продкаў – высакародная справа нашчадкаў”.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.