Па слядах Касцюшкі і Суворава

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Мы, група несвіжан – аматараў падарожжаў, выбраліся на Брэстчыну, каб бліжэй пазнаёміцца  са славутымі мясцінамі. Восеньская дарога вяла нас на радзіму  слыннага беларуса – Тадэвуша Касцюшкі.  Фальварак Марачоўшчына  каля Косава размясціўся ў маляўнічым месцы: невялікі пагорак, побач – лясок, рэчка  з мосцікам жаданняў.  Ля ўваходу ў мемарыяльны музей-сядзібу  ёсць памятны камень з выявай  партрэта Т. Касцюшкі (1746-1817), на якім высечаны словы:

Вялікі сын беларускай зямлі, нацыянальны герой  Польшчы, ЗША,

ганаровы грамадзянін Францыі. Удзячныя нашчадкі.

У доме-музеі 8 пакояў, дзе прадстаўлена мэбля ХVIII стагоддзя, прадметы побыту тагачаснай шляхты; асобна  аформлены невялікі пакой маці Тадэвуша, у якім ён і нарадзіўся, яго калыска, партрэты бабулі і матулі, дзеда, старадаўняе люстэрка.

У іншых памяшканнях размешчаны партрэты  паплечнікаў Т. Касцюшкі, сярод якіх  вядомыя гістарычныя асобы: Адам Чартарыйскі, Міхаіл Казімір Агінскі.

Далей – копіі  жывапісных работ нашага героя, арыгіналы якіх знахо-дзяцца ў Варшаве.  Прыгожы інтэр”ер гасцінай, з канапамі і  крэсламі, камінам. Дарэчы, печы і  каміны былі ў кожным пакоі. За шклом размешчаны сярмягі сялян – паўстанцаў таго часу, далей – косы, зробленыя як штыкі, бо не хапала зброі, гарматныя ядры.

Касцюшка закончыў Варшаўскі  кадэцкі корпус,  вучыўся ў парыжскай акадэміі жывапісу і культуры, удасканальваў ваенныя веды ў Беларусі і Літве. Ён імкнуўся, каб паўстанне 1794 года мела  агульнанародны дэмакратычны характар, але яно пацярпела паражэнне. Т. Касцюшка быў паранены, узяты ў палон і заключаны ў  Петрапаўлаўскую крэпасць.  Бавячы час, там ён выразаў  з дрэва рэчы – кубак, попельніца, урна  цяпер знаходзяцца ў музеі ля Косава.

Асабістае жыццё славутага  беларуса не склалася: ён пакахаў дачку багатага шляхціча Сасноўскага, але той не згадзіўся на шлюб. У 1796 годзе Т. Касцюшка выехаў у ЗША, у 1798-м вярнуўся ў Еўропу. Адмовіўся супрацоўнічаць з Напалеонам І і Аляксандрам І, якія хацелі выкарыстаць яго імя для сваіх інтарэсаў.

DSCF1151

Памёр вялікі сын беларускай зямлі ў Швейцарыі, а яго прах перавезены ў Кракаў. Там пастаўлены помнік, 1-я дывізія Войска Польскага носіць яго імя. Помнікі таленавітаму беларусу ёсць у Вашынгтоне, Чыкага, Кліўлендзе і Мілуоках (ЗША). У Косава  адна з вуліц  названа імем Касцюшкі. Непадалёк ад музея знаходзіцца  кафэ “У Тадэвуша”, аформленае ў народным стылі: дрэва, палатно, арачныя скляпенні, крэслы з высокімі спінкамі.

Ля тых славутых мясцін  мы ўбачылі  архітэктурны помнік ХІХ стагоддзя – палац Пуслоўскіх. Прыгожы бела-ружовы будынак неагатычнага стылю, з чатырма  незавершанымі вежамі і  аркападобнымі  вокнамі, з выявамі  крыжоў, стаіць на ўзвышэнні. Як паведаміла нам экскурсавод, пры ўзвядзенні палаца выкарыстоўваліся птушыныя  яйкі, а кожную цагліну прывозілі  загорнутай у тканіну. Тут было 132 пакоі, люстраная падлога. Быў пракапаны падземны ход да Ружан. У зімовым садзе жыў  леў, які ноччу гуляў  па калідорах палаца. Вакол будынка мясціўся вялікі парк са шматлікімі  скульптурамі, былі тры возеры.  Расказвалі, што пан Пуслоўскі вельмі кахаў сваю жонку, для якой і ўзвёў палац. Яна любіла катацца на санках, дык летам  пасыпалі дарогу соллю, каб пані магла  праехацца ў санях.

Цяпер вядзецца рэстаўрацыя палаца, якую плануюць  завяршыць у 2019 годзе.

Далей дарога павяла нас паўз  лясоў, ля рэчкі Ясельда, горада Бярозы – у Кобрын. У гэтых мясцінах бываў Пётр І, жылі яцвягі (продкі беларусаў), стаіць помнік Валерыю Чкалаву.

DSCF1068

У ХVІ стагоддзі гэтыя землі належалі  каралеве  Рэчы Паспалітай Боне Сфорцы, якая вяла  старанны ўлік населеных пунктаў  і многае зрабіла для іх  развіцця. У тым ліку і г. Кобрына, канечнага пункта  нашай экскурсіі. Ён упамінаецца ў  Іпацьеўскім летапісе з 1287 г.,  узнік на рацэ Кобрынка, цячэ тут  і Мухавец.  Пасля па-дзелу Рэчы Паспалітай (1795 г.) быў у складзе  Расіі, Літоўскай губерні, належаў  фельдмаршалу А.В. Сувораву. Цяпер гэта – прыгожы, чысты  горад з насельніцтвам 50 тысяч чалавек. Тут цікавыя архітэктурныя помнікі, акуратныя двухпавярховыя домікі. Славутасці Кобрына – сабор Аляксандра Неўскага, дзе ёсць ікона і часцінкі яго  мошчаў, плошча Свабоды са знакам у гонар 700-годдзя горада,  касцёл святой дзевы Марыі (ХVІІІ ст.), драўляная Свята-Петрапаўлаўская царква, помнікі  князю Васількавічу і княгіні Вользе  (яны ў свой час жылі тут).  Цікавасць вы-клікае і вялікі камень, на версе якога арол трымае ў дзюбе  лаўровы вянок. Ніжэй надпіс:  “Рускім воінам, якія атрымалі перамогу над войскамі Напалеона 15 ліпеня  1812 года”. З бакоў  стаяць гарматы. Дзейнічае ў гора- дзе і жаночы манастыр, уваход яго вартуюць два каменныя львы. На мясцовых старых могілках пахаваны брат Адама Міцкевіча – Аляксандр, які быў доктарам права.

Музей А.В. Суворава адлюстроў-вае ў экспазіцыях жыццё і дзейнасць  вялікага рускага палкаводца. Сярод  экспанатаў – барабан і літаўра, шпагі, прадметы побыту дваран ХVIII стагоддзя, адзенне  воінаў, партрэты вядомых  военачальнікаў і знаці, кнігі маршала, у тым ліку – “Навука перамагаць”, яго выказванні пра рускую армію. Перад музеем  устаноўлены бюст  А.В. Суворава, а ў гарадскім парку – скульптура.

Наогул, у Кобрыне  шмат розных  скульптур, малыя іх формы ўпрыгожваюць шырокую,  упарадкаваную  набярэжную ракі Мухавец, там жа стаяць і ўтульныя альтанкі. Вуліцы горада вымашчаны  светлай пліткай, усюды чыста, старыя, але  дагле-джаныя двухпавярховыя  домікі ўдала  спалучаюцца  з сучаснымі будынкамі Дома культуры, музея Вя-лікай Айчыннай вайны.

Камфортна і прыгожа і ў кафэ “Дыскаверы”, аформленым у марскім стылі. А яшчэ ў горадзе ёсць аквапарк, які з радасцю наведалі юныя  ўдзельнікі нашай эскурсіі і іх мамы.

У цэлым, падарожжа  па Брэстчыне  спадабалася ўсім і пакінула  незабыўнае ўражанне.

Раіса ХВІР

Фота Людмілы ЖУК


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.