У фондах раённай бібліятэкі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Сучасная  мастацкая  проза  жыве клопатамі пра час, народны лёс, які праламляецца ў лёсе асобных людзей. Яна вызначаецца  пільнай увагай  да асобы чалавека  і штодзённых  праяў жыцця. Рэальныя  здабыткі сучаснай прозы – немалыя.  Шмат твораў   прысвечана маральна-этычным і філасофскім  праблемам. Больш адчувальнай стала  патрэба  ў звароце да  мінулага, да  гістарычных падзей. Мы прапануем вам, паважаныя чытачы, падборку твораў сучасных аўтараў беларускай літаратуры, якія, на наш погляд, вартыя ўвагі.

Шмат гадоў аддаў беларускаму дакументальнаму кіно Уладзімір Мароз. З яго кнігі эсэ, вершаў і мініяцюр “За  брамай забытых мелодый” паўстаюць волаты беларускай мінуўшчыны – Кірыла Тураўскі, Сымон Будны, Леў Сапега, Саламея Русецкая,  Напалеон Орда ды іншыя, а таксама нашы суайчыннікі – Мікола Ермаловіч, Уладзімір Конан. Эсэ аўтара – гэта вобразнае асэнсаванне падзей далёкіх і недалёкіх часоў, памкненняў людскіх і складанага беларускага шляху. Яны выяўляюць аўтарскае стаўленне да гісторыі, падмацаванае эмацыянальным ладам вершаў і мініяцюр (фрагментаў тэкстаў дакументальных фільмаў), цесна знітаваных з агульным настроем і задумай кнігі.

Героі зборніка апавяданняў Людмілы Дрожжы “Лінія шчасця”, які выдадзены у 2012 г., – настаўнікі, старшакласнікі, учарашнія выпускнікі. Яны трапляюць у розныя жыццёвыя сітуацыі, перажываюць духоўныя ўзрушэнні. Найчасцей гэта моцныя асобы з цвёрдым маральным  стрыжнем. Іх  светапогляд і ўчынкі прымушаюць людзей, якія з імі сутыкаюцца, глыбей зазірнуць у сябе, пераасэнсаваць свае паводзіны і адносіны да бліжніх.

Апавяданні Л. Дрожжы напісаны ў рознай стылістычнай манеры. Адны вызначаюцца глыбокім псіхалагізмам, другія – тонкай іроніяй і мяккім гумарам.

У 2012 годзе пабачыла свет і кніга аповесцяў Андрэя Федарэнкі “Ланцуг”. Аўтар – адзін з самых яркіх і папулярных сучасных пісьменнікаў. Ён атрымаў 3-і прыз літаратурнай прэміі імя  Ежы Гедройца за раман-эсэ “Мяжа”. Кнігі Федарэнкі неаднаразова ўваходзілі ў дзясяткі лепшых выданняў за год. Новае выданне прозы А. Федарэнкі складаюць шэсць аповесцяў, напісаных у розныя гады. Як і заўсёды, яго проза чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі. Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.

Раман Анатоля Сульянава “Расколатае неба”, які выйшаў летась у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, –  аб лётчыках, людзях, бясконца ўлюбёных у неба. Аўтар даследуе вытокі маральнай чысціні і смеласці, расказвае пра вернасць, каханне і дружбу. Глыбокая псіхалагічнасць, тэматычная навізна ў спалучэнні з разуменнем агульначалавечых каштоўнасцяў робяць раман цікавым для самага шырокага кола чытачоў.

За раман  “Расколатае неба” аўтар удастоены літаратурнай прэміі і медаля імя Аляксандра Фадзеева.

Дагэтуль Анатоль Сульянаў быў вядомы чатачам па кнігах “Блакітныя снягі”, ” Маршал Жукаў. Слава. Забыццё. Бяссмерце”, “Чорны мерсэдэс з урадавым нумарам”, “Узлёт і трагедыя Юрыя Гагарына” і іншых.

Алёна ЧУХЛЕЙ, галоўны  бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.