Радня

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Як добра, калі чалавек ведае свае карані, радаслоўную ў некалькі  пакаленняў. Хто мы, адкуль, чым жылі нашы продкі? На жаль, мне  не ўдалося шмат даведацца  пра сваіх дзядоў і прадзедаў у сілу складаных  жыццёвых абставін. Але сёе-тое, пры тым цікавае, усё ж магу  расказаць.

У другой палове ХІХ стагоддзя ў невялікай вёсцы Панюцічы (за 3 кіламетры ад Снова) жыла маладая  сям»я: Іосіф і Алена Смолка. Ён — паважаны, працавіты, і жонка, увішная, хударлявая, спрытная Алена. Як і ўсе, мелі гаспадарку:  коней, вазкі, апрацоўвалі  зямлю. А работы  было шмат, ды  яшчэ нарадзілі сямёра  дзяцей: трое хлопцаў і чацвёра  дзяўчат. Накармі,  апрані, навучы жыць  і працаваць. Выручалі ўмельства і цярпенне. Юзік Смолка (а гэта мой дзед  па маме) меў залатыя рукі. Ён мог зрабіць з дрэва ўсё патрэбнае ў гаспадарцы:  кросны, прасніцу, балею, ступу, калаўротак і сукала, лыжкі драўляныя, куфры, табурэткі і шмат чаго іншага. Аднойчы яго дачка Лукер»я  прычапілася да бацькі: «Спляці мне лапці». «Навошта?» — здзіўлена спытаўся ён. — «У цябе ж ёсць туфлі, чаравікі». «А я хачу», — адказала дачка. Вунь Гэля носіць і мне ж цікава…»  Бацька засмяяўся і сплёў тыя лапці. Праўда, дачка ў іх хутка расчаравалася.

А з якой любоўю  ён гадаваў коней, набытых за  вырашчанае  і прададзенае са сваёй зямлі! Мама расказвала, што яны заўсёды былі дагледжаныя, чыстыя. Асабліва  даражыў дзед  адной цягавітай кабылай. Пра яе даведаліся нейкія людзі з суседняй вёскі і прыйшлі купляць. Але дзед  не прадаў. Праз дзень зладзеі  залезлі цераз саламяную  страху ў хлеў і выкралі  тую кабылу. Як жа  гараваў дзед! Мама казала, і ночы не спаў.  Вядома, шкада сваё дабро гаспадару.

Калі мая мама (яе звалі Лукер»я) ішла замуж, дзед ёй даў у пасаг свіран (ён і сёння стаіць на падворку, на жаль, былой нашай хаты), куфар, кросны, прасніцу, балею, у якой  мы дзецьмі мыліся. Атрымалі належнае і другія дочкі, якія  пайшлі замуж у розныя вёскі: Серафіма — у Малаеды,  Феафанія — у Церасполле,  Марыя — у Макашы. Па-рознаму  склалася жыццё у кожнай  з іх, але ўсе былі працавітыя, стойка пераносілі  жыццёвыя нягоды, нарадзілі і выгадавалі дастойных дзяцей.

Рана пайшлі з жыцця два хлопцы, мае дзядзькі Мікалай і Міхаіл. Ад перажыванняў захварэла  іх маці, мая бабуля Алена. Яна таксама была здатнай да ўсякай работы, навучыла ўсіх дачок ткаць і прасці, вязаць кручком і г.д.  Памерла яна ў 1946 годзе.

Дзядзька Іван, старэйшы  сын бабулі, жыў у вёсцы Новы Сноў. Я вельмі  любіла бываць у іх на летніх канікулах, бацька вазіў мяне туды на возе. Памятаю добрую, спакойную жонку дзядзькі, Марыю Рыгораўну, якая ўсё шыла на машыне «Зінгер», акуратная была. Калі прыязджалі іх старэйшыя сыны, Аркадзь ці Юзік, я з затоенай павагай  гля-дзела на іх: дарослыя, у касцюмах, прыгожыя. Старэйшы, Аркадзій, пражыў дастойнае  жыццё, некалькі гадоў  таму назад ён памёр. Мы сустракаліся, калі я стала  дарослай, але не так часта, як хацелася б.  Малодшы, Юзік, жыве з сям»ёй у Баранавічах. Працавіты, надзейны. Іх сястра Вольга  выйшла замуж у вёску Грыцы. Памятаю, як я, яшчэ дзіцем, з захапленнем глядзела на яе вясельны  ўбор, на прыгожы, круглаваты твар, і на сур»ёзнага жаніха Мікалая Дземідовіча. Цяпер яны жывуць  у Снове, дзеці і ўнукі  — у Мінску і Дзяржынску. Мой швагер — вельмі працавіты і гаспадарскі чалавек, што  радуе. А стрыечная сястра — акуратыстка.

З роду Смолкаў ніхто сябе не зганьбіў, і дзед з бабай могуць з нябёсаў радавацца. Дарэчы, мы з сёстрамі  рэгулярна ездзім  у Сноў даглядаць іх магілы.

Цудоўнай была іх дачка Феафанія, мая цёця Феня. Яна жыла з мужам Іосіфам у Друцкаўшчызне, і я неаднаразова ў іх бывала. Як яна радавалася, калі я прыязджала! Старалася смачна пачаставаць,  распытаць усё, акуратная была вельмі. А калі ў нас  не стала каровы (бацькі занемаглі), дзядзька  Юзік прывозіў у Панюцічы на веласіпедзе малако і тварог. Іх дзеці, дзве дачкі, даўно змянілі прозвішча Шарамета на Міхновіч і Панову. Старэйшая, Вольга,  была медсястрой у Баранавічах, а Ліда — тэхнолагам-дызайнерам у Мінску. Цяпер дапамагаюць сваім дочкам гадаваць  унукаў, праўнукаў.

Сыны маёй цёткі, Марыі Тондзель, жывуць у Баранавічах, прыгожыя, рослыя, бацькі ўжо і дзядулі.

Старэйшая дачка Алены і Іосіфа Смолка,Серафіма, выйшла замуж у Малаеды, за Ігнася Парэйку. Чалавек ён быў добры, старанны, але сям»я — з бедных. Таму давялося прывыкаць, прыехаўшы з  заможнай сям»і: бацька даў у пасаг Серафіме маладую жаробку, і ў Малаедах усе дзівіліся і паціху зайздросцілі. Маладая жонка (а ёй было 19 гадоў) адразу і напалохалася, бо жыць давялося з сёстрамі мужа ў чужой хаце. Але з цягам часу прывыкла, Ігнась пачаў будаваць сваю  дамоўку, пакрысе  абжываліся. У іх было пяцёра дзяцей: тры  дзяўчыны і два хлопцы. Адна з дачок, Яня, выйшла замуж  за хлопца з суседняй  вёскі, і маладыя вырашылі ехаць на асваенне  цалінных зямель, у Казахстан. А гэта быў  1960 год, тады (ды і раней) многія юнакі і дзяўчаты былога Саюза з энтузіязмам рушылі ў далёкі край. Але спачатку там было  вельмі складана: жылі ў зямлянках, заробкі невя-лікія. З цягам часу  ўсё наладзілася: развораныя і акультураныя землі давалі добры  ўраджай пшаніцы, была работа, расла зарплата. Праўленне мясцовай гаспадаркі  выдзеліла  сям»і Кавалеўскіх дом, у якім зазвінелі дзіцячыя галасы.

Яніна напісала пісьмо сястры Нюры, каб тая  прыехала ў госці да яе, у Кустанайскую вобласць.  Тая паехала, ды так і засталася, выйшла замуж, і ўжо новая сям»я  працавала на землях Кустанайскай вобласці, Сяміазёрнага раёна. Пазней, калі пачалося  ў Казахстане складанае эканамічнае  і палітычнае становішча, Нюра з сям»ёй вярнулася ў Беларусь, а Яня засталася. Там жывуць яе дзеці і ўнукі. Сувязь з сёстрамі трымае  пастаянна: тэлефануе, прыязджае ў госці, у родную вёску Малаеды, дзе жыве яе  старэйшая сястра Анастасія.

Пра сям»ю апошняй таксама варта расказаць. Замуж  Стася выйшла за мясцовага хлопца, калі Алесь  Антановіч вярнуўся з арміі. Высокі і стройны, вясёлы і прыгожы, ён пакарыў  сэрца Ігнасевай дачкі адразу. Хаця многія хлопцы дабіва-ліся рукі прыгожай, працавітай дзяўчыны. Пакуль жылі са свякроўю ды  залувіцай, то добра намучылася Стася. Цяжка было знайсці агульную мову. Лягчэй стала, калі пабудавалі  сваю хату, якая і сёння  ў Малаедах, бадай, самая гасцінная. Сюды часта збіраюцца родныя, дзеці, унукі, стрыечныя  сёстры і браты. У хаце мнагалюдна, весела і шумна. Толькі гаспадара няма:  адзін з лепшых  механізатараў калгаса «Новае жыццё» А.І. Антановіч даўно пайшоў з жыцця, але  патрэт вісіць на покуці. І ён нібы вітае   сваю радню, якая вельмі любіць  прыязджаць у гэты невялікі, але ўтульны  домік. Адна з такіх сустрэч адбылася і ў верасні. Прычын было некалькі: дні нараджэння гаспадыні і яе зяця, прыезд  унучкі Вольгі з Італіі, з мужам  Серджыо і дачушкай Грэтай.  Калі яны ўсе паселі за стол, мая пляменніца Людміла  абвясціла: нас 21 чалавек. Вось гэта  сям»я! Вось дык радня! Першым слова ўзяў Васіль  Ігнацьевіч Антановіч, брат  Аляксандра Ігнацьевіча. Ён жыве ў Ляхавічах, Брэсцкай вобласці, працаваў  настаўнікам, інтэлігентны  і добры чалавек. Для свайго 90-гадовага  ўзросту мае добры выгляд: падцягнуты, акуратны, стрыманы. Дарэчы, ён закончыў Нясвіж-скую  настаўніцкую семінарыю. Яго  дачка Наташа — журналіст,  працуе ў г. Клін Маскоўскай вобласці. Сын Уладзімір  — урач у г. Слуцку, дачка Людміла  жыве ў Мінску, ужо на пенсіі.

Адметныя жыццёвыя лёсы ў дзяцей Анастасіі  Ігнацьеўны. Дачка Людміла, медык,  жыве ў Салігорску. Яе муж  Аляксандр Рубчэня працаваў на славутым «Беларуськаліі». Ён забяспечваў работу  электраабсталявання ў шахтах. Цяпер на пенсіі, але без справы ніколі не бывае, дапамагаў брату жонкі  будаваць дом у Старобіне, працуе па гаспадарцы (пры неабходнасці) ў цешчы ў Малаедах. І наогул, Саша — цудоўны, добры чалавек, ён нікому не адмовіць. Звычайна пасля  сваяцкіх збораў развозіць нас дадому.

Сын Рубчэняў, Сяргей, больш 10-і гадоў танцуе ў знакамітым ансамблі «Харошкі».  Там сустрэў і сваё каханне, мілавідную, вельмі  прыемную дзяўчыну Таццяну. У іх ёсць двухгадовая дачушка Варвара, і артысты ўжо водзяць яе ў дзіцячы садок, бо сцэна кліча. І калі «Харошкі»  прыязджаюць у Нясвіж ці Аношкі, мы стараемся трапіць на канцэрт выдатных танцораў. Калектыў выступае не толькі  на сцэнічных  пляцоўках Беларусі, але  гастралюе ў многіх краінах свету: Расія, Германія, Кітай…

У дачкі  Аляксандра і Людмілы Рубчэня лёс склаўся зусім неардынарна. Вольга  з дзяцінства хварэла на шчытападобную залозу, і бацькі па пуцёўцы адпарвілі яе ў  Італію на аздараўленне. Там дзяўчына жыла  ў сям»і, якая палюбіла  паслухмяную  беларусачку. Так было  некалькі разоў, а Франчэска і Джузепе заўсёды чакалі яе, апошняя  пасябравала з іх дачкой Даніэлай. Аднойчы, ужо будучы дарослай, яна з Даніэлай  сустракалі ў аэрапорце  свайго брата. Разам быў  чарнавалосы  Серджыо, які з першага  погляду ўпадабаў нашу Олю. На другі дзень прыехаў  на кватэру, дзе яна жыла, з вялікім  букетам, спяваў тэемпераментныя італьянскія песні, падарыў мабільнік, каб мець сувязь. А Вольга  паехала ў Мінск, дзе вучылася  ў педкаледжы. Серджыо званіў, прылятаў у сталіцу нашай краіны, дарыў кветкі, прывозіў фрукты. І смела зрабіў  прапанову рукі і сэрца, падарыў прыгожы  пярсцёнак. Оля думала, раілася з бацькам, якія жылі ў Салігорску. Туды ж накіраваўся і палымяны італьянец, вазіў будучай цешчы архідэі, ружы ды і іншыя прыгожыя кветкі, падарункі. Мама Людміла была ў захапленні, але  яе насцярожвала розніца  ва ўзросце маладых.  А сэрца Олі жадала быць побач з каханым, і бацькі саступілі.

Вяселле адыблося  ў італьянскім  горадзе Месіна (на Сіцыліі), дзе Серджыо  працаваў у банку. А яго маладая жонка лятала ў Беларусь на сесіі, каб закончыць каледж. Дыплом атрымала, але работу не адразу  ўдалося знайсці. Вольга  Калканіё пайшла на курсы вадзіцеляў, муж купіў машыну. Цяпер яна працуе ў сацыяльным аддзеле.

— Дорага ўтрыманне аўтамабіля і камунальныя паслугі, — гаворыць Оля.

— Ці добра жыць за мяжой? — пытаю.

— Усюды аднолькава, трэба працаваць, дзесьці эканоміць, жыць. Але ў Італіі мяккі клімат, шмат фруктаў, прыветлівыя, адкрытыя людзі. І мой любімы муж,  дачушка Грэта. А ўвогуле, не варта  рвацца недзе, можна жыць і дома. Я ў Італіі хачу ў Беларусь, а тут — у Італію.

Серджыо ў Беларусі восенню і зімой палохае холад, а падабаюцца яму нашы жанчыны і Мінск. Беларуска-італьянская сям»я жыве дружна, ездзіць у госці ў Салігорск, Мінск, Малаеды. У Месіне былі бацькі Вольгі, брат Сяргей з жонкай Таццянай.

Сын Анастасіі Ігнацьеўны Антановіч, Аляксандр  жыве з сям»ёй у Старобіне,  пабудаваў пры дапамозе  швагра-цёзкі дом, а ля яго  зрабіў розныя ўпрыгожанні з пластыкавых бутэлек. Яркія ружы, пальмы — здалёку і не адрозніш ад штучных. Саша цярпліва займаецца гэтай  тонкай справай, захапленне  прыйшло некалькі гадоў назад.  А дзе бярэ ўзоры?

— Дзе еду, убачу, спынюся, і ўзнікае жаданне зрабіць такое ж. На ўсю гэту прыгажосць трэба шмат бутэлек і столькі ж цярпення. Затое потым прыемна глянуць.

Сапраўды, ёсць чым вока пацешыць.  А Саша пальму пластыкавую прывёз і паставіў  каля мацярынскай хаты, вяскоўцы любуюцца ды дзівяцца.

Адметна і тое, што дзеці ды ўнукі А.І. Антановіч жывуць  між сабой дружна, дапамагаюць  адзін аднаму. І на святы ўсе разам, і да маці-бабулі. На апошняй  «зборцы» радні не было яшчэ  дзвюх пар: Віктара і Мікалая Буйко з жонкамі. Перадавыя механізатары ААТ «Новае жыццё» ў той дзень працавалі. Але, як бываюць выхадныя, таксама далучаюцца да нас.

Добра мець такую слаўную радню!

Раіса ХВІР


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.