100-гадовыя юбілеі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

20 сакавіка свой 100-гадовы юбілей адзначыла жыхарка нашага раёна Вольга  Вікенцьеўна Плакса.

Павіншавалі яе ў гэты дзень прадстаўнікі  раённай і мясцовай улады. Намеснік старшыні  райвыканкама А.І. Майсеня і  начальнік упраўлення  па працы, занятасці і сацыяльнай  абароне райвыканкама  І.А. Чэмярэўская з пажаданнямі  здароўя і любові блізкіх  уручылі  ад раённага выканаўчага камітэта матэрыяльную дапамогу. Да іх далучыліся старшыня Ланскага сельвыканкама А.А. Лях і  старшыня прафкама  ААТ «Лань-Нясвіж» Г.С. Салавей. Яны таксама павіншавалі жанчыну  і ўручылі падарункі.

Вольга Вікенцьеўна Плакса — мясцовая. Жыла ў Лані.  Сёння дачка Валянціна Іванаўна Плакса  забрала  яе да сябе, у вёску Асмолава.

— У мамы чацвёра ўнукаў і пяць праўнукаў, — паведаміла  ў размове  В.І. Плакса. — Мая бабуля Паўліна (так яе называлі ў вёсцы) пражыла 90 гадоў, а вось дзед -Вікенцій Міхайлавіч Варэнік — толькі  45, бо  на вайне і ў палоне  страціў здароўе. Пасля гэтага  пражыў усяго чатыры гады.

Мы прывыклі працаваць  з дзяцін-ства. Калі не хацелася — бабуля  Паўліна  хутка наводзіла парадак.  Дома хапала работы. Бегалі на рэчку,  дапамагалі маме палотны рассцілаць. А на канікулах  я заўсёды хадзіла  слаць  лён, убіраць сена.

Мама заўсёды была добрай і спагадлівай. Яна нават ніколі не злавалася, калі  нешта ў яе не атрымлівалася. Нікога не крыўдзіла, і людзі адказвалі  ёй тым жа. Магчыма, і ў гэтым захоў-ваецца сакрэт яе даўгалецця.

А ў цяжкі пасляваенны час  (яна тады жыла  на хутары ў Асмолаве)  мама магла падзяліцца  з чалавекам апошнім. Нікога не крыўдзіла.

Помню, калі выпраўляла нас з сястрой у школу, то гаварыла: «Будзьце паслухмянымі. Слухайце настаўніка. Вучыцеся».

Такі расказ пра роднага чалавека  мы пачулі ад В.І. Плакса. А сама Вольга  Вікенцьеўна не-не ды і дадавала, усміхаючыся:  «Працавала раней. Цяпер ногі падвялі. Ляжу і адпачываю».

Валянціна Іванаўна пацвердзіла: «Сапраўды так.  Памятае  больш, чым я. Толькі  голас цішэйшы. А працавала  мама многа. І ў дзевяноста чатыры  палола буракі, бульбу капала. Насіць не магла, а капаць — капала».

Настрой у юбіляркі ў гэты знакавы дзень быў добры, і гасцям яна дзякавала за падарункі і ўвагу.  А яшчэ расказала  пра «залатога чалавека» —  сацыяльнага работніка  Святлану Васільеўну Дуброва, якая ўжо некалькі  гадоў  побач — выканае свае  прамыя абавязкі, парадуе добрым  словам. Цяпло адносін  паміж жанчынамі і  сацыяльным  работнікам  адчувалася з першых хвілін знаёмства…

— Менавіта такім павінен быць сацыяльны работнік —  добрым і міласэрным, з пачуццём  спагады, чэсным і справядлівым, —  зазначыла ў размове  па дарозе ў Нясвіж Ірына Антонаўна Чэмярэўская. Усе гэтыя якасці сёння вельмі запатрабаваны ў нашым грамадстве.

Для Вольгі Вікенцьеўны Плакса дзень яе 100-гадовага юбілею  запомніцца станоўчымі  эмоцыямі і ўвагай з боку раённай  улады. Пры развітанні  яе вочы свяціліся слязьмі, а ўслед усім  гучалі словы Божага благаславення.

З-за вялікіх снегападаў да гераіні гэтага аповеду  не трапілі ўнукі і праўнукі, якія жывуць у розных  кутках Беларусі, але  Вольга Вікенцьеўна  ўпэўнена, што з пацяпленнем  уся радня збярэцца, і сэрца яе будзе сагрэта цяплом  доўгачаканай сустрэчы.

Іна ВАСІЛЕВІЧ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.