Імунітэт ад сезонных бед

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Як патлумачыла загадчык аддзялення сацыяльна-гігіенічнага маніторынгу і ацэнкі рызыкі Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Юлія Варанецкая, імунітэт — гэта здольнасць арганізма супрацьстаяць хваробе. У апошні час урачы ўсё часцей накіроўваюць сваіх пацыентаў на кансультацыю да ўрача-імунолага. Спецыяліст праводзіць дыягностыку, якая называецца імунаграмай. Гэта дае магчымасць выявіць парушэнні ў рабоце імуннай сістэмы і прыняць неабходныя меры.

Калі ў чалавека зніжаны імунітэт, ён адчувае пастаянную стомленасць, галаўны боль, боль у мышцах і суставах, санлівасць альбо бяссонніцу. Ён часта пакутуе прастуднымі захворваннямі. Калі дарослыя хварэюць імі часцей за пяць разоў на год, а дзеці — больш шасці, трэба звярнуцца да ўрача за дапамогай. Аб зніжэнні імунітэту гавораць і частыя гнойныя захворванні ротавай поласці і насаглоткі, а таксама працяглае павышэнне тэмпературы (37-38 градусаў). Аб гэтым сведчаць і збоі ў рабоце страўнікава-кішачнага тракту, частыя высыпкі герпесу. У групе рызыкі — немаўляты і састарэлыя. Прычын зніжэння імунітэту шмат: дрэнныя экалагічныя ўмовы,  нерацыянальнае харчаванне, недахоп вітамінаў і мікраэлементаў, бескантрольны прыём антыбіётыкаў, стрэсы, фізічныя і разумовыя перагрузкі, а таксама вірусныя інфекцыі, бактэрыі, хранічнае недасыпанне, ужыванне наркотыкаў, тытуню і алкаголю. Каб умацаваць імунітэт, трэба рэгулярна ўключаць у свой рацыён не толькі мяса і рыбу, а і садавіну, агародніну, зяленіва. Карысныя і кісламалочныя прадукты, якія павялічваюць выпрацоўку інтэрферону. Старайцеся пазбягаць прадуктаў, якія ўтрымліваюць кансерванты, фарбавальнікі, стабілізатары. Трэба есці больш прадуктаў-прабіётыкаў, якія спрыяюць росту колькасці карысных бактэрый у арганізме. У іх ліку — цыбуля, часнок, артышок, бананы. Трэба прымаць, асабліва цяпер, у халодную пару года, вітамінна-мінеральныя комплексы. Прыроднымі народнымі сродкамі для ўмацавання імунітэту з»яўляюцца эхінацэя, жэньшэнь, салодка, элеўтэракок і лімоннік. Карысна піць травяныя настоі і адвары, ужываць мёд і іншыя пчолапрадукты. Паболей гуляць на свежым паветры, прымаць кантрасны душ, раіць спецыяліст. Асабліва цяпер, калі арганізм перажывае сезонны стрэс ад недахопу сонечнага святла,  вітаміну Д, частага пераахаладжэння. І, канешне ж, паболей пазітыву. Аптымістычны настрой дапаможа пераадолець любую хваробу.

«МП»


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.