Мастак жыве ў сваіх карцінах

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Аддаючы даніну павагі гістарычнай спадчыне нашага горада, выдатным дзеячам культуры перыяду позняга сярэднявечча і новага часу, якімі Нясвіж небеспадстаўна ганарыцца, сёння нельга не ўзгадаць пра постаці асоб мастацтва, якія жылі і тварылі ў нашым горадзе пазней, якія змаглі ў сваіх творах прыродным талентам і прафесійным майстэрствам арганічна спалучыць глыбокую народную духоўнасць з адметнай гістарычнай спадчынай Нясвіжчыны.

Адзін з іх — гэта мэтр беларускага жывапісу XX стагоддзя Міхаіл Канстанцінавіч Сеўрук.

Ён нарадзіўся 27 лютага 1905 года ў Варшаве. Яго бацька, Канстанцін Іосіфавіч, працаваў памочнікам кантралёра Дзяржаўнага кантролю Надвісленскай чыгункі. Таму, як кажуць, дзяцінства і юнацтва Міхаіла прайшлі «на колах». 3 1909 па 1914 гады сям»я Сеўрукаў жыве ў Брэсце, з пачаткам першай сусветнай вайны пераязжае ў Маскву. Тут Міхаіл працягвае вучобу ў гімназіі, і менавіта тут, у Маскве, у яго з»яўляецца першае захапленне цудоўным, якому паспрыяла знаёмства з шэдэўрамі  Траццякоўскай галерэі. Палотны знакамітых рускіх «перасоўнікаў» Рэпіна, Сурыкава, Левітана, Куінджы, Сярова аказалі на хлопчыка непаўторны ўплыў. У 1919 годзе ветразі перамен вярнулі Сеўрукаў у Беларусь, на Нясвіжчыну, у дзедаўскі дом у вёсцы Сноў. Праз некаторы час Міхаіл паступае ў Нясвіжскую гімназію, пасведчанне аб заканчэнні якой яму было выдадзена 1 ліпеня 1926 года. Затым — амаль год службы ў войску. Поўным на падзеі, сумотныя і радасныя, стаў для Міхаіла 1927 год: у 60-гадовым узросце нечакана памірае яго бацька, але ж у гэтым жа годзе здзяйсняецца мара юнака — ён становіцца вольным слухачом мастацкага факультета Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя. Настаўнікамі Сеўрука ва ўніверсітэце былі Ф. Рушчыц (па жывапісу), А. Штурман (вёў майстэрню пейзажу), Л. Сляндзінскі (выкладаў малюнак і кампазіцыю) і іншыя. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю ў 1932 г., Міхаіл Канстанцінавіч жыве і працуе ў Вільні і становіцца адным з арганізатараў Віленскага таварыства мастакоў. Разам з беларускімі жывапісцамі і графікамі П.Сергіевічам, Я.Драздовічам і Я.Горыдам прымае ўдзел у афармленні кніг і часопісаў. Як беларус, Сеўрук не мог уладкавацца на дзяржаўную працу і жыў выпадковымі заробкамі — пісаў абразы, партрэты, афармляў выстаўкі, вітрыны магазінаў. У рэшце рэшт, у 1939 годзе, ён прымае рашэнне — пераехаць у Нясвіж. Тут Міхаіл Канстанцінавіч уладкоўваецца на работу спачатку дырэктарам парка і атрымлівае пакой пад майстэрню ў памяшканні гарадской ратушы, а затым доўгія гады працуе выкладчыкам малюнка і чарчэння ў школах горада, педагагічным вучылішчы імя Я. Коласа. Нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці, Міхаіл Канстанцінавіч ніколі не пакідаў сваю адзіную любоў — мастацтва. За гэта паважалі і цанілі яго несвіжане, людзі простыя, іншым разам далёкія ад мастацтва: «О, Міхась Сеўрук увесь час працуе. Яго жонка ў загарадцы кветкамі займаецца, а ён хоць і на пенсіі, але ўсе малюе, малюе і малюе…», — казалі суседзі.

Не стала вялікага мастака 14 сакавіка 1979 года.

Работы знакамітага беларускага майстра пэндзля неаднаразова экспанаваліся ў Маскве, Вільні, Варшаве, Беластоку, Мінску, але сваёй персанальнай выставы пры жыцці ён так і не дачакаўся. I толькі праз год пасля смерці мастака, у 1980 годзе, у Палацы мастацтваў рэспублікі ўпершыню адбыўся шырокі паказ твораў Міхася Канстанцінавіча Сеўрука.

У Нясвіжы ў 1996 годзе была аформлена кватэра-музей мастака, а ўчора, у аўторак 26 лютага, тут адбылося ўрачыстае адкрыццё новай экспазіцыі М.К. Сеўрука, пра якое мы раскажам у бліжэйшых нумарах «НН».

«НН»


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.