Творчасць Міхася Сеўрука

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Мы сталі нядаўна сведкамі другога нараджэння кватэры-музея выдатнага беларускага  мастака ХХ стагоддзя Міхася  Сеўрука.

Па завяшчанні жонкі мастака, Раісы Сямёнаўны, уся творчая спадчына  Міхаіла Канстанцінавіча  ў 1988 годзе была перададзена ў  дар Нясвіжскаму раённаму  гісторыка-краязнаўчаму  музею. У 1995 годзе  супрацоўнікі музея аформілі ў дзвюх залах экспазіцыю, прысвечаную 90-годдзю мастака. У 1996 годзе адбылося адкрыццё  кватэры-музея М.К. Сеўрука, дзе  экспазіцыя размяшчалася ў адным  пакоі. І вось сёлета, дзякуючы  фінансавай падтрымцы ўпраўлення культуры Мінскага  аблвыканкама (а на рэканструкцыю затрачана  без малога 300 мільёнаў рублёў), дзякуючы  работам, выкананым  пад кіраўніцтвам  індывідуальнага прадпрымальніка  І.А. Шумейкі і супрацоўнікамі Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага  музея,  адкрыта абноўленая кватэра-музей. Аб гэтым гаварыў падчас яе ўрачыстага адкрыцця намеснік старшыні райвыканкама І.А. Майсеня. Ён расказаў пра жыццёвы і творчы шлях мастака, які, нягле-дзячы на цяжкасці, ніколі не расставаўся з кісцямі і мальбертам.

— Хацелася б, каб кватэру-музей часта наведвалі  школьнікі, усе нераўнадушныя да сапраўднага  мастацтва людзі, — сказаў  Аляксандр Іванавіч і выказаў  упэўненасць, што дарога сюды зарастаць не будзе.

Адкрыццё кватэры-музея М.К. Сеўрука пасля рэканструкцыі — па-дзея, важная не толькі для Нясвіжа,  але і для ўсёй нашай краіны, бо не ўсе ў ёй ведаюць гэтага мастака. І адкрыццё новай экспазіцыі  дасць магчымасць больш шырока  пазнаёміцца з творчасцю  даволі цікавага,  самабытнага  мастака шматлікім турыстам, якія наведваюць Нясвіж. Экспазіцыя музея можа пашырацца — трэба прыцягваць, вяртаць  арыгінальныя творы мастака сюды, а  яны знаходзяцца ў музеях і карцінных галерэях не толькі нашай краіны. Такім быў лейтматыў выступлення  на ўрачыстасці  намесніка міністра  культуры Рэспублікі Беларусь Т.І. Стружэцкага.

— Беларусь мае багатую, самабытную культуру, якую трэба пад-трымліваць, развіваць і захоўваць, перадаваць  будучым пакаленням, — падкрэсліў Тадэвуш Іванавіч. — Я ўпэўнены, што гэты музей будзе такім  мастком паміж пакаленнямі.

Мастак-плакетыст У.Я. Крукоўскі, член Саюза  мастакоў Беларусі, член  мемарыяльнай камісіі  па ўвекавечанні  памяці М.К. Сеўрука Міністэрства культуры БССР, утворанай у 1979 годзе адразу пасля  смерці Міхаіла Канстанцінавіча, расказаў прысутным пра работу камісіі, пра выставу твораў мастака ў 1980  годзе ў Палацы мастацтваў у Мінску. Выстава была запланавана  і абвешчана  да 75-годдзя М.К. Сеўрука (нагадаю: нарадзіўся ён у 1905 г.). На жаль, наш зямляк не дажыў да сваёй персанальнай выставы. Пра яе па-клапаціліся яго калегі, вучні, сябры. Уладзімір Якаўлевіч рабіў да яе афішу, запрашальны білет. Выступоўца быў  адным з ініцыятараў і арганізатараў  некалькіх выставаў М. Сеўрука і іншых мастакоў заходнебеларускай, а дакладней,  вілен-скай школы выяўленчага мастацтва —  у Мінску і Віцебску.

— У нас была звышзадача: паказаць  не проста творчасць Сеўрука і іншых вучняў вілен-скай школы, а паказаць адметнасць  таго мастацтва, ягоныя  філасофіі, адметнасць  чыста тэхнічнага боку малявання натуры, пейзажу, кампазіцыйныя асаблівасці,  якія былі характэрны менавіта гэтай школе, даваеннай, 20-30-х гадоў, — распавёў Уладзімір  Якаўлевіч. — Нам удалося сабраць  творы аж сямі мастакоў, прытым усе — з прыватных калекцый. Гэта падштурхнула да таго, што пазней Нацыянальны мастацкі музей у сваіх залах арга-нізаваў  выставу заходнебеларускіх мастакоў — з тых твораў, што знаходзяцца  ў яго фондах. Фірма «Бау-Холдынг» (кіраўнік Антон Клімантовіч) выдала насценны каляндар, прысвечаны Сеўруку, у які ўвайшло 25  твораў з прыватных збораў. Міхаіл Сеўрук «суправаджае» нас апошнія  10 гадоў нязменна.

Мастак падарыў музею ў Нясвіжы афішы, якія захаваліся  ад усіх тых выставаў і пажадаў, каб  імя Міхаіла Сеўрука стала такім жа  брэндам для Нясвіжа, як  радзівілаўскі палац. На думку У.Я. Крукоўскага, імя нашага земляка патрабуе  раскруткі, бо ён яшчэ не заняў належнага месца  ў гісторыі беларускага  мастацтва, наогул, у гісторыі Беларусі, як ён таго заслугоўвае.

А вось для мастака І.А. Бархаткова, калекцыянера, захавальніка творчай спадчыны  мастакоў Заходняй Беларусі, у тым ліку і М.К. Сеўрука, Нясвіж — гэта больш Міхаіл Сеўрук, чым палац Радзівілаў:  «Таму  што тут, у Сеўрука — арыгіналы, прычым  самага высокага — еўрапейскага  і сусветнага — узроўню, вышыня гэтай школы, рэдкаснае бачанне свету. Ён не падобны на іншых мастакоў. У Мінску — іншая, класічная,  школа, таму творчасць Сеўрука не разумелі, яго не прымалі на выставы. А цяперашняе пакаленне мастакоў, вучні маскоўскай і пецярбург-скай  школ, нямецкія калекцыянеры, якім  я паказваў малюнкі Сеўрука — яны былі ў захапленні! Калі я ў майстэрні Крукоўскага  ўбачыў малюнак жаночай галоўкі, мне здалося,  што гэта падобна на школу Рафаэля, Леанарда… А то быў малюнак  Сеўрука. Яго творчасць — гэта велізарны  пласт нашай культуры. Гэта — выдатнейшы майстар. Паглядзіце: 30-я гады, наш, беларускі быт,  жанчыны, якія капаюць бульбу ці складаюць снапы, ці стаяць ля калодзежа — гэта дасканалейшая кампазіцыя, найвялікшы мастацкі складальнік. Сеўрук, безумоўна, адзін з самых вялікіх беларускіх мастакоў…»

З асаблівай цікавасцю мы слухалі людзей, якія былі асабіста знаёмы з Міхаілам Канстанцінавічам, сябравалі з ім.

Член мемарыяльнай  камісіі па ўвекавечанні  памяці М.К. Сеўрука, мастак В.П. Маркавец сказаў: «Мне пашчасціла быць знаёмым з Сеўрукам, хаця я быў мала-дзейшы за сваіх калег-мастакоў, але ёсць шэраг добрых успамінаў…»

Ён падарыў музею фотаздымкі майстэрні, кватэры мастака  ў Няс-віжы, якія былі зроблены ў 1979  го-дзе,  здымкі з выставы М.К.Сеўрука ў Вільнюсе ў 1980 годзе.  Віктар Пятровіч захаваў некаторыя  рэчы з майстэрні Міхаіла Канстанцінавіча  — на той час яны  маглі б і не быць ацэнены, як каштоўнасць, а цяпер гэта — рарытэт, які зойме дастойнае месца ў экспазіцыі кватэры-музея.

— Што такое Сеўрук? Гэта не только яго  творы. Гэта вялікая, пранікнёная  любоў да свае зямлі, якую мы бачым у кожнай яго рабоце. Гэта — настаўнік, які, адышоўшы ад нас,  застаецца настаўнікам заўсёды і працягвае нас вучыць — і старэйшых, і маладзейшых. Мы і далей будзем вучыца ў яго не толькі майстэрству, але і трапятлівым  адносінам да зямлі. У гэтым сэнсе ваш музей неацэнны, — пранікнёна сказаў Віктар Пятровіч.

— У гэтым пакоі я спаў, у гэтым пакоі я жыў месяцамі. Я адораны і работамі, і сяброўствам  Міхаіла Канстанцінавіча, — так распачаў сваё выступленне сябар М.К. Сеўрука, былы дырэктар Баранавіцкага  гісторыка-краязнаўчага музея  В.К. Палікарпаў. Ён зачытаў запіс Максіма Танка ў неафіцыйнай кнізе водгукаў, якія сабраў сам падчас правядзення  выставы твораў М. Сеўрука ў 1980 г. у Палацы  мастацтваў: «У асобе Міхаіла Сеўрука мы маем выдатнейшага нацыянальнага мастака, якім  можна ганарыцца народу». Валерый Канстанцінавіч  падарыў гэтыя запісы  нашаму музею.

Несвіжане Халецкія сябравалі з Сеўрукамі сем»ямі. Георгій Афанасьевіч расказаў, што Міхаіл Канстанцінавіч  быў чалавекам  і субяседнікам вельмі цікавым. Адначасова  простым, але ветлівым, інтэлігентным. У яго можна было павучыцца культуры  паводзін — ён не падкрэсліваў  напышліва сваёй  інтэлігентнасці, наадварот, быў заўсёды спакойны, далікатны. Георгій Афанасьевіч, працуючы ў школе, стругаў у майстэрні  планкі, прыносіў іх Сеўруку, і тут яны з Міхаілам Канстанціна-вічам рабілі рамкі для карцін — просценькія, з немудрагелістым профілем.

Міхаіл Канстанцінавіч любіў сабак. Два чацвераногія  сябры жылі ў калідорчыку іх кватэры, былі паслухмяныя, ведалі сваё месца. І кожную раніцу гаспадар  выходзіў з імі на прагулку, часцей за ўсё іх маршрут пралягаў у бок  Альбы… Да слова, многія куточкі гэтага  парка знайшлі адлюстраванне ў яго карцінах: «Альба», «Ліпы ў Альбе»,  «Мост у Альбе» і іншых.

Жонцы Г.А. Халецкага, Яўгеніі Іванаўне, пашчасціла быць вучаніцай  М.К. Сеўрука. У сярэдніх  класах ён вучыў маляванне, у старэйшых — чарчэнне. «На кожным уроку ён расказваў пра якога-небудзь мастака. Мы, дзеці, не разумелі, навошта… А ён жа хацеў, каб нашы веды  былі глыбокімі», — успамінае Яўгенія Іванаўна.

Яна запомніла Міхаіла Канстанціна-віча як чалавека сціплага і добрага. Дарэчы, Сеўрукі не жылі  адасоблена. Міхаіл Канстанцінавіч меў стасункі з  рознымі людзьмі. Да іх прыязджалі скульптар Фёдар Зільберт  (барэльеф М.К. Сеўрука  яго работы выстаўлены ў экспазіцыі кватэры-музея),  дырыжор Генадзь Цітовіч.

Вучаніцай М.К. Сеўрука была і старэйшая дачка Халецкіх: ён дапамагаў дзяўчыне  рыхтавацца да экзаменаў па малюнку пры паступленні на архітэктурны факультэт. Яна паспяхова паступіла, закончыла, працуе архітэктарам і ганарыцца сваім таленавітым настаўнікам.

Прымаючы ад гасцей падарункі  ў музейныя фонды, дырэктар  Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага  музея, структурным падраздзяленнем  якога з»яўляецца  кватэра-музей  М.К. Сеўрука, І.С. Піваварчык шчыра падзякавала  за гэта і расказала, хто  дагэтуль дапамагаў узбагаціць  калекцыю. Напрыклад, народны мастак Беларусі, вучань Сеўрука, скульптар  Л.М. Гумілеўскі падарыў барэльеф  Міхаіла Канстанцінавіча. ААТ «Новае жыццё» перадало адну  з апошніх работ мастака — карціну «Малацьба льну». Дачка Любові Паўлаўны Корсак,  суседкі і сяброўкі Сеўрукаў, перадала  музею яго карціну, якая знахо-дзілася  ў доме яе маці.

З мэтай прапаганды спадчыны  самабытнага мастака, Нясвіжскі музей  арганізоў-вае  выязныя выставы яго твораў. Напрыклад, у 2005 годзе, да 100-годдзя  М.К. Сеўрука, выстава прайшла ў Нацыянальным  мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Адкрыццё і закрыццё акцыі «Нясвіж —  культурная сталіца  Беларусі-2012» таксама праходзіла з экспанаваннем яго работ.

Сённяшняя кватэра-музей значна пашырыла сваю экспазіцыю. Цяпер яна  займае тры пакоі. Гэта — выставачная зала, дзе прадстаўлены мастацкія  і графічныя работы; інтэр»ер  жылога пакоя 50-70-х гадоў, дзе  знаходзяцца асабістыя рэчы мастака; майстэрня, у якой выстаўлены  карціны рознай стадыі выканання, эцюднік, кісці, разцы, дрэварыты,  — пры жыцці мастак менавіта ў гэтым пакоі  і працаваў.

Калекцыя М.К. Сеўрука на дзень адкрыцця кватэры-музея пасля рамонту ўключала 1118 адзінак. Зразумела, што сёння іх ужо болей. Гэта — не толькі карціны, а  эскізы, малюнкі, кнігі, асабістыя рэчы. У экспазіцыі прадстаўлена невялікая частка карцін мастака. Шмат дастойных работ застаецца ў фондах, але — на палатне. А каб іх аформіць у рамы, патрэбны грошы. Іна Станіславаўна  выказала спа-дзяванне  на далейшае разуменне  і падтрымку, каб творчасць М.К. Сеўрука была прадстаўлена  яшчэ багацей і разнастайней.

Заключным акордам мерапрыемства стала прэзентацыя альбома мастацкіх  і графічных работ М.К. Сеўрука. Яе правёў складальнік, кіраўнік праекта, выкладчык Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба  Коласа, мастак М.Н. Канавалаў. Праект быў ажыццёўлены пры ініцыятыве  і фінансаванні  раённага  выканаўчага камітэта, мецэнатамі выступілі таксама  калектывы ЗАТ «1 Мая», ААТ «Сейлавічы», «17 верасня» і іншыя.

Альбом утрымлівае ілюстрацыі 85 работ мастака, якія  прадаставіў для пераздымкі  Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. Прыцягальныя  яго партрэты: «Дзяўчына», «Фаня», «Старая», «Давідовіч Л.», партрэт жонкі, аўтапартрэты, партрэт старой, напісаныя алеем, цікавыя графічныя партрэты  маладых жанчын, дзяўчынак, мужчын. Імпануе ўвага мастака да працаўнікоў  зямлі (карціны «У полі», «Вяртанне з поля», «Жанчыны на ўборцы бульбы», «Малацьба льну»). Знайшлі адлюстраванне на палатне і паперы куточкі Нясвіжа і Вільні.

Прадмову да альбома «Міхаіл Сеўрук Жывапіс. Графіка» напісаў начальнік аддзела  ідэалагічнай работы Нясвіжскага  райвыканкама  М.М. Мацэль. Тэксты прыведзены на беларускай, рускай, англійскай мовах.

Госці мерапрыемства атрымалі альбомы на памяць аб сустрэчы.

У анатацыі да альбома гаворыцца: «Гэты альбом  прысвечаны творчасці мэтра беларускага  жывапісу ХХ стагоддзя Міхаіла  Канстанціна-віча Сеўрука, які жыў і тварыў у Нясвіжы, славіў яго і змог у сваіх творах прыродным  талентам  і прафесійным майстэрствам  арганічна спалучыць  глыбокую народную духоўнасць з адметнай гістарычнай спадчынай Нясвіжчыны…»

Такімі майстрамі фарміруецца прэстыж, вядомасць нацыянальнага мастацтва. Наша агульная задача — актыўней  прапагандаваць творчасць гэтага цікавага, самабытнага мастака. Адкрыццё новай экспазіцыі — значны крок  на гэтым шляху. Паглядзіце, з якой цікавасцю знаёмяцца  з экспанатамі наведвальнікі  кватэры-музея — навучэнцы каледжа  імя Якуба Коласа, будучыя  дызайнеры.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.