80-я вясна Міхаіла Васільевіча Саленіка

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

«Новаму жыццю» я аддаў лепшыя гады свайго жыцця. І аб гэтым ніколькі не шкадую».

Міхаіл САЛЕНІК.

Ён нарадзіўся ў 1933 г. у вёсцы Каменка Казлоўскага сельсавета. З 1952 года пайшоў працаваць у калгас «Новае жыццё». Скончыў завочна  Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Быў завучам вытворчага навучання  Казлоўскай  сярэдняй школы. З 1963 г. — аграном калгаса, у 1966-98 гг. — кіраўнік гэтай гаспадаркі (з 1994 г. яна — адкрытае  акцыянернае таварыства «Новае жыццё»).

— У вёсцы Каменка, — расказвае Міхаіл Васільевіч, — першым старшынёй калгаса імя Булганіна ў 1950 годзе быў выбраны мой бацька — Васіль Сямёнавіч. Чаму іменна яму даверылі вяскоўцы такую адказную справу? Па-першае, мой бацька быў граматны, ён закончыў сем класаў польскай школы.  Пастаянна знахо-дзіўся навідавоку: верыў у Бога, чытаў у царкве малітвы. Па-другое, ён — франтавік. Вярнуўся з самага Берліна, нават пашчасціла зберагчыся ад кулі ці асколка, хаця шынель яго ўвесь быў «паранены». Бацька актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, яго выбралі дэпутатам сельскага Савета. А ў той час дэпутаты лічыліся самымі вялікімі людзьмі на вёсцы. Да іх ішлі параіцца, па дапамогу. Адразу пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў у нашых вёсках шмат з»явілася расіян — курскіх, смаленскіх. Цэлымі сем»ямі. У пошуках работы, хлеба. Вось дэпутат і вадзіў іх па вёсцы: ён ведаў, у якой хаце знойдзецца месца для начлегу, каму патрэбны работнікі.

Потым прыезджыя вярнуліся дамоў, у Расію. А ў бацькі з»явіліся новыя клопаты: пачалася калектывізацыя. У калгас уступілі першыя чатырнаццаць сем»яў. Мой дзед не вельмі хацеў гэтага, бо жыў заможна, меў 15 гектараў зямлі. «Аддасце зямлю калгасу — будзеце галодныя», — казаў ён. Пакінулі дзеду, як і ўсім, 40 сотак.

Калгаснікі звезлі плугі, бароны, прывялі коней. Канюшняй стала гумно. Вясной 1950 года засявалі ўжо калгасныя палі. Усю ўласную зямлю абышлі, перамералі. Хто не паспеў засеяць — яе адрэзалі ў калгас. А ў каго было засеяна — не чапалі, тыя надзелы далучылі потым. Услед за першымі актывістамі заявы ў сель-гасарцель падалі і астатнія каменцы.

Наша вёска была прыгожая, на 220 двароў. Тры вялікія вуліцы. У калгасе стварылі тры брыгады. У кожнай — недзе па 45 працаздольных жанчын. Яны сталі галоўнай рабочай сілай, бо з вайны ў вёску не вярнулася больш за 40 мужчын. Дарослым дапамагалі дзеці — што каму было пад сілу. У тым ліку і я. Мы ўсім дзявятым класам хадзілі грабці сена. Звозілі ў гумно, ставілі ў копы. I ўсё гэта — з песнямі, жартамі. 3 такім задавальненнем! Я цяпер думаю пра тыя часы: што мы за людзі былі?! Нягледзячы на пасляваенную беднасць, на цяжкасці, працавалі з парывам, натхненнем… А заробак? Працадні зараблялі. На іх атрымаў мо кілаграмаў 20 збожжа. Вільготнае, сушылі дома на печы.

Збажыну ў калгасе малацілі спачатку коннымі малатарнямі. Потым дапамагала МТС ужо трактарнымі.  Работа  гэта была нялёгкай. Снапы стаялі ў сціртах на вуліцы (будынкаў для іх не было), сцірты замакалі, замярзалі. I вяскоўцы жартавалі: «Цяпер будзем малаціць батоны». Але духам не падалі — верылі, што заўтра будзе лепей.

Праз год адбылося ўзбуйненне гаспадарак. Калгас імя Булганіна, а таксама імя Суворава (в.Долкінды), «Парыжская Камуна» (в.Жанкавічы) аб»ядналі з «Новым жыццём» (цэнтр — в.Аношкі). Аб»яднаны калгас узначаліў Іосіф Лявонцьевіч Скрыба. У 1955 годзе да яго далучылі аддзяленне «Наруцавічы» саўгаса «Горны Сноў». На чале стаў упраўляючы гэтага аддзялення Д.П.Шышкоў, а бацька Міхаіла Саленіка — яго намеснікам.

І вось М.В. Саленік пайшоў бацькавай дарогай. Як спецыяліст, пачынаў у «Новым жыцці» аграномам. Калгас тады ўзначальваў Васіль Пятровіч Дзянішчык, чалавек з вопытам. Мой суразмоўца памятае свой першы рабочы дзень аграномам. Ён  пачаўся з машыннага двара. Прыйшоў малады чалавек на калгасны стан: стаяць тры сеялкі, тры ці чатыры трактары без кабін (маркі МТЗ-2), пару маленькіх (ДТ), чатыры ці пяць гусенічных — дабітых, даламаных, што аджылі свой век ужо ў МТС, але яшчэ знайшлі прытулак у калгасе. Выпрацоўка ў іх была ведама якая, таму трактарысты працавалі ў дзве змены: адзін — днём, другі — ноччу.

На пасаду агранома М.Саленіка прызначылі ў снежні. Трэба было рыхтаваць насенне збожжавых культур да веснавой сяўбы. Яно ж — з павышанай вільготнасцю. Перасыпалі шуфлямі, праветрывалі, перавозілі ў гумны, рассыпалі, зноў перамешвалі… Сённяшнім маладым аграномам, напэўна, цяжка нават уявіць, што такое было.

У 1966 годзе старшыню калгаса «Новае жыццё» В.П.Дзянішчыка перавялі намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама. М.Саленіку прапанавалі прымаць калгас.

Выбарчы сход адбыўся ў канцы снежня. Вяскоўцы аднагалосна далі згоду: імпанавала, што Міхаіл — свой, мясцовы, маўляў, усё і ўсіх тут ведае.

— Цяжкімі былі першыя дні старшынёўства. Памятаю, даярка з Наруцавіч звоніць мне дамоў, скардзіцца: цяляты прыхварэлі. А паглядзець няма каму. Ішоў, разбіраўся. Старыя фермы прамярзалі, чысціць іх было няпроста, — працягвае свой аповед Міхаіл Васільевіч.

Стаўшы крыху на ногі, калгас пачаў будаваць новыя памяшканні, з механізмамі, якія прыйшлі на дапамогу людскім рукам. 3 часам падабраўся выдатны калектыў спецыялістаў — і галоўных, і сярэдняга звяна. Яны многае зрабілі. Пра людзей думалі. Каб і працавалі, і жылі ў добрых умовах, каб весела адпачывалі. Вунь з жыллёва-будаўнічымі кааператывамі як разгарнуліся… Гэта ў другі, трэці, чацвёрты, пяты былі жадаючыя, а ў першы з цяжкасцю набралі 11 чалавек. Вядома: новая, нязвыклая справа, першы ў рэспубліцы ЖБК на вёсцы. Людзі прыглядаліся. Першапраходцамі сталі галоўныя спецыялісты — аграном Борыс, заатэхнік Ладзята, інжынер Ціхонка, будаўнік Мароз… 50 працэнтаў кошту жылля  аплачвала гаспадарка, другую палову — самі забудоўшчыкі. Узводзілі яго  гаспадарчым спосабам. Стварылі тры брыгады з вопытных спецыялістаў. У кожнай — па 10-12 чалавек. Узвялі 80 дамоў сядзібнага тыпу. Дамы ЖБК-1 здавалі напярэдадні кастрычніцкіх свят у 1983 годзе і вуліцу назвалі  Кастрычніцкай. Паглядзець будоўлю прыязджаў першы сакратар ЦК КПБ Мікалай Мікітавіч Слюнькоў. Дарэчы, нават пазней, у складаны пераходны перыяд 1994-1995 гадоў, нягле-дзячы на шматлікія фінансавыя цяжкасці, працаўнікі «Новага жыцця» атрымлівалі добраўпарадкаваныя кватэры.

Вось так спакваля ў калгасе на змену цяжкасцям прыходзілі прыемныя, радасныя падзеі. З»явілася шмат новых будынкаў рознага прызначэння: майстэрня ў Аношках, памяшканні МТФ «Жанкавічы» і «Наруцавічы», свінаферма, адміністрацыйны будынак калгаса, сярэдняя школа, Дом культуры, дзіцячы сад, амбулаторыя, музычная школа, магазін, жылыя дамы з усімі выгодамі.

Міхаіл Васільевіч нездарма рабіў стаўку  на ўзвядзенне жылля. Будуць кватэры, быў ён упэўнены, — прыедуць і маладыя  спецыялісты, кіраўнікі сярэдняга звяна.  «Асядуць» тут і рабочыя рукі для фермаў і палёў, машыннага двара. За 32 гады  яго кіраўніцтва  было пабудавана звыш 160 кватэр.

— Трэба было граматна і ўмела займацца планіроўкай  і забудовай  цэнтральнай сядзібы. І я лічу, гэта нам удалося, — падкрэслівае  М.В. Саленік. Развіваліся падсобныя промыслы,  швейны і мясаперапрацоўчы цэхі. У гэтым калгасе ўкаранялі новыя формы гаспадарання на зямлі: арэндны падрад, гаспадарча-разліковыя падраздзяленні. Мы, журналісты, заўсёды з вялікім задавальненнем  прыязджалі ў гаспадарку, каб расказаць  у газеце  пра гэтыя навінкі, а працаўнікі  шчыра дзяліліся вопытам. Дарэчы, Міхаіл Васільевіч быў частым аўтарам артыкулаў у «раёнцы». Аб перадавых метадах гаспадарання ён расказваў на нашых «Эканамічных старонках», ва «Універсітэце перадавога вопыту». Расказваў з добрым веданнем справы, цікава, глыбока — і гутарыць нам з ім таксама было вельмі цікава.

Пачатак 80-х гадоў адзначыўся і прыкметным ростам ураджаю. Збожжавых сабралі па 40 цэнтнераў (у пяць разоў болей, чым некалі, пры старшынёўстве бацькі Міхаіла Васільевіча). Радаваў лён-даўгунец. На сто гектараў сельгасугоддзяў атрымлівалі па 1000 цэнтнераў малака і 200 — мяса.

Дзяржава вялікія сродкі ўкладвала ў меліярацыю. Пашыраліся ворыўныя землі, на іх вырошчвалі пшаніцу, травы. Калгас багацеў…

Пад кіраўніцтвам М.В. Саленіка вялася абгрунтаваная, мэтанакіраваная работа па павышэнні ўраджайнай сілы гектара. Менавіта ў «Новым жыцці»  першымі ў рэспубліцы пачалі  апрацоў-ваць пасевы льну хімічным споса-бам. А таксама — вапнаванне кіслых глебаў.

Шмат увагі яны надавалі  падрыхтоўцы кадраў для  сельгасвытворчасці. Штогод калгаснымі стыпендыятамі станавіліся  14-15 чалавек. Пасля заканчэння  вучобы многія не толькі адпрацоўвалі  патрэбны тэрмін, а і заставаліся  ў гаспадарцы. М.В. Саленік даваў  кожнаму спецыялісту  свабоду дзеянняў, прыглядваўся, на што  здольны малады аграном, эканаміст ці заатэхнік. Тыя ж, што не  вытрымалі выпрабавання, пакінулі  гаспадарку. Іх ніхто не ўтрымліваў, хоць і затрацілі грошы на вучобу.

Міхаіл Васільевіч з гонарам называе  прозвішчы сваіх аднадумцаў, з кім, як кажуць, «горы варочаў»: Міхаіл Аляксандравіч Борыс, які, на жаль, пайшоў з жыцця, Святлана Арсенцьеўна Ціхонка, Алена Міхайлаўна Гапановіч, Сяргей Паўлавіч Маляйковіч, Вікенцій Антонавіч Марук…

Міхаіл Васільевіч — чалавек вельмі  рознабаковых поглядаў. І духоўнае багацце  таксама для  яго важнае. Кіраўнік  сельгаспрадпрыемства быў ініцыятарам  не толькі будаўніцтва ў Аношках дзіцячай музычнай  школы (цяпер гэта — дзіцячая школа мастацтваў), а і стварэння  мясцовага хору — сам кантраляваў, як харысты наведвалі рэпетыцыі, заўсёды прысутнічаў на канцэртах.   Самадзейны творчы калектыў з «Новага жыцця»  выступаў  не толькі па Беларусі, але і за яе межамі. Яго выезд з канцэртам у Германію ў той час  быў першай «культурнай» мастацкай «ластаўкай» у замежжы сярод творчых калектываў Нясвіжчыны. Дарэчы, цяпер гэта —  народны ансамбль народнай песні «Лянок», які добра вядомы  сучаснаму гледачу і слухачу. У часы работы  М.В. Саленіка нарадзіўся  і цікавы, самабытны дзіцячы калектыў «Аношкаўскія музыкі», які носіць званне «ўзорны».

Міхаіл Васільевіч ніколі не лічыўся з часам. Займаўся не толькі вытворчымі, але і грамадскімі справамі.  Землякі выбіралі яго  дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР,  двойчы — дэпутатам Мінскага абласнога Савета  дэпутатаў. Быў дэлегатам 28 з»езда  КПСС, 4 Усесаюзнага з»езда  калгаснікаў. Міхаіл Васільевіч актыўна  ўдзельнічаў  у грамадскім жыцці Нясвіжскага раёна.

Пакінуўшы ў 1998-м пасаду дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства, Міхаіл Васільевіч узначаліў  наглядальны савет таварыства. Яго  вялізны вопыт, мудрасць, разважлівасць вельмі  дапамагалі маладым. Ды што там  казаць: усё яго жыццё — прыклад сціпласці і чэснасці, прыклад  самаадданага служэння  роднай зямлі, Бацькаўшчыне.

Так, на пасадзе кіраўніка было і вельмі адказна, і турботна. Але Міхаіл Васільевіч ніколі не шкадуе, што прысвяціў  ёй 32 гады жыцця, і яшчэ болей — сельскай гаспадарцы ўвогуле.  Чалавек ад зямлі, ён аддаў ёй усё, што меў.

Цяпер, на заслужаным  адпачынку, ён няспешна  працуе з жонкай Ганнай Іванаўнай на ўласнай гаспадарцы, даглядае сад, іх кветнік упрыгожваюць ружы. Ажыццявіў, нарэшце, дзіцячую мару: развёў галубоў…

80-ы май прыйшоў у жыццё Міхаіла Васільевіча цёплым, прыгожым і радасным. Няхай гэтае добрае цяпло доўга сагравае Вас, Міхаіл Васільевіч, і вашых родных, ахінае ад няўдач і крыўды, дорыць шчасце і надзеі.

З юбілеем Вас!

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.