Цудатворны абраз у Нясвіжы

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Вечарам суботы, 18 мая, у рамках перэгрынацыі копіі абраза Маці Божай Будслаўскай падчас Года веры 2012 — 2013, абвешчанага папам Бенедыктам XVI, а таксама ў юбілей 400-годдзя з»яўлення цудатворнага абраза ў Будславе, гэты абраз прыбыў у Нясвіжскі фарны касцёл Божага Цела, дзе знаходзіўся да вечара нядзелі, 19  мая.

Слова «перэгрынацыя» паходзіць ад лацінскага peregrination і азначае падарожжа, пілігрымаванне да святых мясцінаў. У каталіцкім касцёле пад ім разумеюць пераношванне або перавоз у культавых мэтах рэліквій, абразоў і іншых прадметаў рэлігійнага культу. Перэгрынацыя можа мець мясцовы характар або міжнародны. Праз запрашэнне і прыняцце абраза Маці Божай узгадваецца падзея, якая адбылася больш за 2000 гадоў таму, калі Марыя адправілася ў дом Альжбеты і Захарыі, каб служыць сваячцы перад прыходам у свет Яна Хрысціцеля.  Марыя — Асоба з незвычайнай вераю. Як Абрагам з»яўляецца найлепшым прыкладам веры сярод людзей, пра якіх распавядаецца ў Старым Запавеце, так Марыя — самы дасканалы прыклад веры ва ўсёй гісторыі Збаўлення. Яна самым дасканалым чынам праявіла паслухмянасць веры. Усё жыццё яе — няспынны шлях за Хрыстом.  Хрысціяне спрадвеку просяць у Марыі заступніцтва і апекі, надаючы ёй розныя тытулы, напрыклад, Заступніца, Успамога Хрысціянаў, Дапаможца, Пасрэдніца. У адной з самых ранніх малітваў, антыфоне «Тваёй абароне», якая ўзнікла напрыканцы ІІІ або ў пачатку ІV стагоддзя, утрымліваецца элемент закліку да Марыі як Той, якая абараняе сваіх духоўных дзяцей ад усялякай небяспекі. Многія з просьбаў, што хрысціяне ўзносяць да Марыі, тычацца ўмацавання ў веры, абароны веры. Гэта выразна відаць у гісторыі касцёла, а таксама асобных народаў, калі іх свабода была пад пагрозай. Марыя ўшаноўваецца як Тая, якая асаблівым чынам абараняе нашу веру.

Што тычыцца выявы Маці Божай Будслаўскай, то яна вядзе сваю гісторыю з канца ХVІ стагоддзя, калі ў вёсцы Слаўная Буда (так некалі называўся Будслаў) быў узведзены і кансэкраваны драўляны касцёл. У гэты час тут з»явіўся абраз Маці Божай, які пазней быў названы абразом Маці Божай Будслаўскай. У 1598 годзе яго атрымаў мінскі ваявода Ян Пац з рук папы Клімента VІІІ. Пасля смерці Яна Паца капелан Ісаак Салакай у 1613 годзе перадаў абраз у кляштар айцоў бернардынаў. Вельмі хутка выява Маці Божай Будслаўскай стала адной з самых папулярных на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. Змешчаны ў драўляным касцёле, гэты абраз з самага пачатку быў шанаваны простымі людзьмі і ў хуткім часе пра-славіўся шматлікімі цудамі і ласкамі. У 1635 г. ён быў перанесены ў галоўны алтар. Першы цуд апісаны ў 1617 годзе, калі сляпы пяцігадовы хлопчык Ёзафат Тышкевіч (пазней вядомы айцец кармеліт) атрымаў зрок.

Сёння Будслаўскі касцёл аб»яўлены помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння. А ў 2010 годзе распачаўся трохгадовы цыкл падрыхтоўкі да 400-годдзя знаходжання цудатворнага абраза Маці Божай ў Будславе. У кожны з трох гадоў традыцыйныя ўрачыстасці святкаваліся пад дэвізамі: 2010 — «Марыя — выбраная дачка Айца Нябеснага», 2011 — «Марыя — святыня духа святога», 2012 — «Марыя — Маці Збаўцы». Для таго, каб вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі маглі больш поўна перажыць святкаванне юбілейнага 2013 года, які праходзіць пад дэвізам «Марыя — Маці нашай веры», ва ўсіх парафіях архідыяцэзіі і праходзіць перэгрынацыя копіі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

Абраз быў урачыста сустрэты святарамі і вернікамі ў Нясвіжы каля Слуцкай брамы, і ў прыгожай, святочнай працэсіі дастаўлены ў касцёл Божага Цела, які быў адкрыты для жадаючых памаліцца каля выявы Маці Божай Будслаўскай, апякункі Беларусі,  усю ноч і да 17 гадзін нядзелі, 19 мая. Паток людзей, што ішлі да святыні, не перасыхаў увесь гэты час, як сімвал трываласці ў веры, жадання знахо-дзіцца ў пастаянным кантакце з Богам, што дае надзею на духоўнае і маральнае адра- джэнне нас саміх, нашай Айчыны і ўсяго свету.

«НН»


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.