Паэт, абпалены агнём вайны

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Ты разлёгся утульна, шырока,

Старажытны і юны Нясвіж,

І празрыстымі зрэнкамі вокан

У блакітнае неба глядзіш.

Разбягаешся стрэламі вуліц,

Узнімаеш да сонца муры.

За стагоддзі цябе не сагнулі

Непагодлівыя вятры.

Паўлюк Прануза.

На Нясвіжчыне шмат людзей, якія пакінулі свой адметны аўтограф у яе гісторыі. Павел Кузьміч Прануза — не выключэнне. 18 сакавіка споўнілася 95 год з дня нараджэння нашага славутага паэта-земляка, які пражыў багатае, сумленнае жыццё.

Павел Кузьміч Прануза нарадзіўся ў 1918 г. на поўдні Беларусі, у вёсцы Вылева, што пад Добрушам. Бацька, Кузьма Іванавіч, працаваў на Добрушскай папяровай фабрыцы, маці, Таццяна Якімаўна, — у калгасе. Паўлюк вучыўся ў пачатковай школе  в. Вылева, а з пятага па дзясяты клас — у Добрушскай СШ.

Друкавацца пачаў у 1936 г. у раённай газеце «Сталінец», потым — у «Гомельскай праўдзе», дзе ў 1936 г. пад псеўданімам Паўлюк Пранузаў быў змешчаны яго верш «Сонца ўпала за дахамі».

У 1937 г. Прануза паступае на філалагічны факультэт Гомельскага педінстытута. У 1941 г. малады настаўнік здаваў выпускныя экзамены. Быў ужо размеркаваны ў адну са школ на Палессі. Але ўсе планы абарвала вайна.

Летам 41-га паэт апынуўся ў зе-нітна-артылерыйскай дывізіі на Бранскім фронце і ўсю вайну, да пераможнага салюта, праслужыў там. Павел Кузьміч успамінаў: «Калі спасылацца на дакументы, дык усяго нашай дывізіяй за вайну было пройдзена 5170 кіламетраў, збіты 504 самалёты — за 911 дзён і начэй».

Ён, зенітчык, намеснік камандзіра гарматы, у душы заўсёды заставаўся паэтам. У перапынках паміж баямі пісаў вершы. У гады Айчыннай вайны вершы П. Пранузы друкава-ліся ў франтавых і армейскіх перыядычных выданнях «На разгром врага», «Савецкая Беларусь», у сатырычнай газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну».

Пасля вайны Павел Кузьміч прыехаў у Нясвіж. Спачатку выкладаў у Нясвіжскім педвучылішчы (1945 — 1978), а пасля, калі педвучылішча закрылі, — у Нясвіжскай сярэдняй школе № 3 да 1982 г., да самага выхаду на пенсію.

Беларускі пісьменнік Уладзімір Ліпскі ў прадмове да зборніка П. Пранузы «Маё пакаленне» пісаў: «Павел Кузьміч — пажыццёвы Педагог, мудры, далікатны, празорлівы…»

У настаўніцкай працы для П. Пранузы вялікай палёгкай было тое, што ён асабіста быў знаёмы з многімі пісьменнікамі. На ўроках стараўся не абмяжоўвацца адным падручнікам. Расказваў дзецям не толькі тое, што  пішуць пісьменнікі, але і пра тое, як яны жывуць, пра пісьменніцкія сустрэчы.

Паўлюк Прануза — аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі: «Разгневаная зямля» (1946), «Добрай раніцы» (1951), «У дальнім раёне» (1954), «Мае землякі» (1957), «Калі верыш» (1963), «Непаўторнасць»(1974), «Трываласць»(1978), «Сустрэчы»(1983), «Мой аўтограф»(1988), «Рукі салдата» (1990), «Памяць, памяць…» (1994), «Маё пакаленне»(2003).

Па словах Пятра Прыходзькі, усе гэтыя кнігі напісаны ў прамежках паміж баямі і працоўнымі буднямі. Паэзія Паўлюка Пранузы не шмат-слоўная. Ён гаварыў проста, коратка і канкрэтна пра ўсё, што яго ўсхвалявала, пра што не мог не пісаць.

Шмат цудоўных вершаў Павел Кузьміч адрасаваў дзецям у зборніках «Добры дожджык»,  «Я вясну малюю», «Дзе вясны пачатак», «Вясновыя тэлеграмы», «Фарбы восені», «Звініць ручаёк». Вершы павучальныя не толькі для дзяцей, але і для бацькоў.

З 1947 года  Паўлюк Прануза — член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

П. К. Прануза пераклаў на беларускую мову творы рускіх, украінскіх, латышскіх, літоўскіх, польскіх, балгарскіх паэтаў. У сваю чаргу, яго творы перакладзены на рускую, украінскую, асецінскую, армянскую, літоўскую, малдаўскую мовы. Вершы нашага славутага земляка пакладзены на музыку кампазітарам Д. Камінскім.

Доўгі час Павел Кузьміч кіраваў літаратурным аб»яднаннем пры рэдакцыі раёнай газеты «Чырвоны сцяг». Пад яго кіраўніцтвам ішло станаўленне мясцовых паэтаў І. Гурбана, М. Валасевіча, В. Барадзіна, В. Трусевіча і многіх іншых.

Апошнія гады свайго жыцця Павел Кузьміч пражыў у Мінску. 14 сакавіка 2007 г. паэта не стала.

Але галоўнае, што нам пакінуў — яго творчасць. Разам з паэтам мы задумваемся пра сэнс жыцця:

Давай, жыццё, нагрузку мне на сэрца,

Да скону я гвардзеец верны твой.

Так жыў Паэт, усім сваім жыццём і творчасцю падказваў, як трэба берагчы кожны дзень, як трэба ўмець даражыць сяброўствам, быць чуйным да падзей і да людзей.

Павел Кузьміч узнагароджаны ордэнам Славы III ступені, ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. У 2006 годзе ўдастоены звання «Ганаровы грамадзянін г. Нясвіжа».

Алёна ЧУХЛЕЙ, галоўны бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі  Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.