Юбілейны “Майскі вальс”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

(Заканчэнне. Пачатак у № 38)

На XXV адкрыты абласны фестываль духавой музыкі «Майскі вальс»  у Нясвіж  з»ехаліся лепшыя духавыя аркестры і творчыя калектывы Міншчыны, а таксама з краін бліжэйшага замежжа: Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі. Ратушная плошча сабрала каля васьміста ўдзельнікаў.

Пачаўся фестываль святочным шэсцем духавых аркестраў і ансамбляў мажарэтак, якія прыгожымі калонамі, пад гукі трубы і кларнета крочылі па галоўнай вуліцы горада на Ратушную плошчу. Тут адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю. Прыгожым відовішчам стаў пралог «Нясвіж старажытны паклон вам свой шле!», у якім прынялі ўдзел артысты Нясвіжскага, Сноўскага і Слуцкага тэатраў. Народны ансамбль танца «Кордэс» Слуцкага ГДК. Яны віталі прысутных ад імя гістарычных асоб. Са словамі віншавання да ўдзель-нікаў і гасцей свята звярнуліся старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінаблвыканкама Руслан Трухан.

Фестываль прадоўжыў святочны гала-канцэрт. Сваімі выступленнямі парадавалі гледачоў зводны духавы аркестр Мінскай вобласці, якім дырыжыравалі падпалкоўнік запасу, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Барыс Чудакоў і палкоўнік запасу, народны артыст Беларусі, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Міхаіл Берсан; зводны духавы аркестр Дома культуры і Дома дзіцячай творчасці г.п. Наваельня Дзятлаўскага раёна Гродзен-скай вобласці (кіраўнік Дзяніс Клімовіч), а таксама асобныя замежныя аркестры. Знакамітыя музычныя творы «Майскі вальс», «Марш Перамогі», «Беларуская фанфара» і многія іншыя краналі душу і сэрца ўсіх прысутных. Шквал апладысментаў і мора авацый выклікала ў гледачоў выступленне дзявочага народнага духавога аркестра «Раксалана» Крэмянчугскага педагагіч-нага вучы-лішча пад кіраўніцтвам заслужанага работніка культуры Украіны Віктара Квіткі.

На працягу ўсяго свята гледачоў не пакідала думка: што будзе далей? Яны з вялікім захапленнем назіралі і за выступленнем ансамбляў мажарэтак. Кожнае з іх было яркае, запамінальнае, не падобнае на папярэдняе.

Напрыканцы фестывалю адбылося ўзнагароджванне пераможцаў і ўдзельнікаў фестывалю. Дыпломы ў розных намінацыях (а іх было нямала) уручалі дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса Вайцяхоўская і выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок. Сярод пераможцаў былі і калектывы нашага раёна: эстрадна-духавы аркестр Нясвіжскага РЦКіА (кіраўнік Аляксандр Добыш); узорны духавы аркестр Сноўскага сельскага цэнтра культуры і адпачынку (кіраўнік Вадзім Прымака); ансамбль мажарэтак Нясвіжскага раённага цэнтра культуры і адпачынку (кіраўнік Кацярына Лабаза), які парадаваў сваімі яркімі танцавальнымі знаходкамі, прыгожымі касцюмамі і энергічнасцю.

Фестываль уразіў арыгінальнасцю, непаўторнасцю, прафесійным майстэрствам і высокім узроўнем  удзельнікаў. Ён адшліфаваў новыя грані супрацоўніцтва розных краін і з дапамогай музыкі ўзмацніў сяброўства іх народаў.

Вольга КАНДРУКЕВІЧ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.