МУЗЫ НЯСВІЖА

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Фотаэцюд  Святланы ПОЛЬСКАЙ

Мой горад

Ты разлёгся

утульна,  шырока,

Старажытны і юны

Нясвіж,

І празрыстымі

зрэнкамі вокан

У блакітнае неба

глядзіш.

 

Разбягаешся

стрэламі вуліц,

Узнімаеш да сонца

муры.

За стагоддзі цябе

не сагнулі

Непагодлівыя

вятры.

 

Чуў з Усходу

свабоды ты голас,

І не хмарыў надзей

тваіх сон.

Гадаваў сваю песню

тут Колас,

Сеяў праўду тут

Будны Сымон.

 

Мне прыемны твой

людны гоман,

Ты таполямі звонка звініш.

І кажу я табе як знаёмы:

— З нараджэннем, зялёны Нясвіж!

Як на момант я вочы заплюшчу…

Як на момант я вочы заплюшчу

І надыдзе хвіліна тугі,

Бачу зноўку вячыстыя пушчы,

Серабрыстыя рэкі, лугі,

 

Як вадою шырокага Сожа

Праганялі мы смагу, калі

Па-над Гомелем хмары варожых

Пікіроўшчыкаў чорных ішлі,

 

А на вуліцах звонкаю раніцай

Кроў палала пажарам рабін,-

Рыхтавалі матулі нам ранцы

І наказвалі: «Немца забі!»

 

Была светлаю ноч ад пажараў,

На вачах маіх Гомель гарэў,

Дыму чорнага плавалі хмары,

На гады я тады пастарэў.

 

І ад крыўды, ад смутку, ад болю

Я не мог азірнуцца назад.

Мне здавалася: роснае поле

Ад зары ў крывавых слязах…

 

Недалёка да яснага ранку,

Сэрца, мускулы, сілу — на бой!

Беларусь ты мая, партызанка,

Мы з табой, мы з табой,

мы з табой!

1943 год.

За цябе, Беларусь

Я з баямі прайшоў нямала —

Да Палескай зямлі ад Арла.

Ты мяне на змаганне натхняла,

У крыві, у пачуццях жыла.

 

У акопах або на прывалах,

Праз атакі, пажары, франты

Прада мною заўжды паўставала

Непакорная, мужная ты…

 

Каб здабытае шчасце звінела,

Не згінаўся ад гора народ,

Капітан легендарны Гастэла

У бяссмерце павёў самалёт.

 

Знік у лесе, на лузе зацішак,

Што ні крок — то акоп ці бліндаж.

З баявымі сябрамі выйшаў

На змаганне адважны Талаш.

 

Паляцелі ў нябыт эшалоны,

Чужаніцы палалі ў агні —

То бясстрашшам Сільніцкі,

Заслонаў

Твайго шчасця адстойвалі дні.

 

Перад сілай чужой на калені

Ты не пала —

Чакала зары.

І не стала Беларутэніяй,

Як хацелі таго махляры.

 

Мы залечым балючыя раны,

Будзеш зноў красавацца, цвісці.

Бой не скончан. Імкліва, старанна

Нам патрэбна на Захад ісці.

1944 год.

Пісьмо

Азяблі мы ў начным сакрэце,

Знясіленыя ў часць прыйшлі.

Яшчэ на сіненькім канверце

Дрыжалі снегу матылі.

 

Забыўся я, што мне халодна —

Адчуў цяпло тваёй душы,

Дыхнула зноў знаёмым, родным,

Аж пасвятлела ў бліндажы.

 

Нязломнай верай, весняй сілай

Пісьмо запоўніла мяне.

Чакаем вестак мы ад мілых,

Як перамогі на вайне.

1944 год.

За плячыма ў нас граніца

Да варожай зямлі здалёку

Прывяла нас адплата, баі.

У салдата на сэрцы палёгка:

Вызваляе ад смерці сваіх.

 

Мы нямала ў акопах, зямлянках

Ўспаміналі бацькоў і радню.

Помста ўпэўнена рухала танкі,

Прабівала чужую браню.

 

Людзі йдуць на Ўсход з палону —

У свой горад, сваё сяло,

Знікла стомленасць,

засмучонасць:

Вызваленне ім крылы дало.

 

За плячыма ў нас граніца,

Мы ідзём па варожай зямлі.

Гневу нашаму не спыніцца:

— На Берлін, на пракляты

Берлін!

Паэт-франтавік, вызваліцель Нясвіжа Паўлюк ПРАНУЗА

Песня аб Нясвіжы

Шумяць нада мной залацістыя

клёны,

Пажоўклыя кружаць лісты

над зямлёй.

Успомніў ты блізкія сэрцу імёны

І дні, што прайшлі на радзіме маёй.

Іду я паволі алеяй прыгожай.

У парку старым палымнее усход.

На возеры ветрык ваду ледзь

трывожа,

Паціху шапоча аб вечным чарот.

Блукаў я па свеце, бо лёс так

прымусіў,

Нямала чужых перамераў дарог, —

А ўсё ж да цябе, мой Нясвіж,

я вярнуўся,

Прыйшоў на твой ціхі, гасцінны

парог.

Знікаюць сляды ран, заданых

вайною,

На пустках тваіх вырастаюць сады.

О, родны Нясвіж, ганаруся табою,

Мой горад стары і такі малады!

Шумяць нада мной залацістыя

клёны,

Шнуром жураўлі падняліся узвыш.

Мне хочацца славіць радзіму

натхнёна

І песню спяваць аб табе, мой Нясвіж!

Сяргей Новік-Пяюн

Несвижу

Сегодня Несвиж молодеет:

Его сегодня юбилей.

Он с каждым годом хорошеет,

И всё становится милей.

Старинный замок украшает

Его уж несколько веков.

Костел святыней привлекает,

И ратуша волнует кровь.

Парк этот город обнимает

Зеленой, яркою красой,

И гладь озер всех привлекает

Своей прозрачною водой.

Любуемся мы Слуцкой брамой,

Ее величием горды.

И дом купца своим фасадом

Нам шлет привет из старины.

Живи, любимый нами город.

В тебя безмерно я влюблен.

Всегда ты будешь юн и молод,

Заботой нашей окружен.

Николай Белевич

***

Мой горад мінаюць

стагоддзі,

Не сцяўшы яго прыгажосці.

І толькі знянацку крануўшы,

Пакінуць няўлоўнае

штосьці.

Яго старажытныя рысы

Сучаснасці непадуладны.

У гэтым і слава Нясвіжа —

Мой горад стагоддзямі знатны.

Нясвіж упрыгожаны

дзіўна

Узорамі даўніх паданняў.

У замкавых вежах гасцінных

Блукаюць легенды і здані.

І веліч красы яго гордай

Глядзіцца у гладзь люстраную.

За славу, за гонар, за годнасць,

За шчырасць свой горад

люблю я.

Лілія Крутава

Радзіме

Цябе завуць у вершах незвычайнай.

І я таксама спрабаваў не раз,

Я сплесці спрабаваў табе аддана

Суквецце з гучных і прыгожых фраз.

І толькі, верыш, зразумеў нядаўна,

Хоць у цябе я ўжо не даўні госць,

Што ва ўсіх справах, клопатах

звычайных

Твая, Радзіма, незвычайнасць ёсць.

***

М.А. Валько

Пакуль душа яшчэ спявае,

Пакуль бунтуе ў жылах кроў,

Свой плён рупліва пажынаем

Не дзеля славы і чыноў,

А дзеля вернасці Айчыне,

Хоць і паціху, спакваля…

Пакуль жывём — няма вяршыні,

Ёсць да вяршыні толькі шлях.

Віктар Трусевіч

Нясвіжчына

Тут усё вакол глядзіцца

Ярка, як на сцэне.

Прыяздзжайце, замак дзіўны

Вас гасцінна стрэне.

 

Луг мурожны і палеткі,

Лес і пералескі.

Вока цешаць ружы летам,

А вясной — пралескі.

 

Тут не ўбачыш твараў сумных,

Тут гасцям не цесна.

Тут дзяўчаты ўсе красуні

І не злыя цешчы.

 

Прыязджайце, край нясвіжскі

Не абдзеліць ласкай,

Назаўсёды стане блізкім,

Дарагім, як казка.

Міхась Сазончык

Беларусі

Мая Беларусь! Для мяне ты так

міла!

Люблю я бязмежжа тваёй

прыгажосці,

За тое, што крок першы тут я

ступіла,

Пачула імя тут сваё ад кагосьці.

Ты маці, якая  заўсёды чакае,

Ад сонца блакітныя цешачы вочы,

Тваё хараство непаўторнае ззяе

І сонечным днём, і пад пологам

ночы.

Тут кожнае дрэва і кожная

кветка

З паклонам прыветна табе

усміхнецца,

Тут хороша дыхаць і ўзімку,

і ўлетку,

І гэта ўсё Белаю Руссю завецца.

Вольга Гуленка

З адценнем любові

Куточкі Нясвіжа

З адценнем любові

Сустрэнуць і зблізяць,

і душу спатоляць.

З цяжкай дарогі,

Выпрабаванняў,

Паклічуць дадому

Ад расчараванняў.

Праз Слуцкую браму

Да Ратушы крочым,

З дарогі адкрытай

Ніколі не збочым.

Пакуль нас куточкі

Нясвіжа чакаюць,

З мінулым сустрэчу

Ізноў абяцаюць.

Валянціна Шчарбакова


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.